Беларускі Бізнэс-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага апытаў сваіх сяброў пра становішча ў сакавіку і прагнозы на першае паўгодзьдзе. Вынікі апублікавалі на сайце БСПН.
Паводле апытаньня, найбольшыя страты ад сытуацыі з пандэміяй COVID-19 мелі бізнэс пасажырскіх перавозак і турызм — закрыцьцё межаў у іншых краінах скараціла іхную выручку на 50–90% адносна сакавіка мінулага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Некаторыя мелі да 90% кліентаў з Расеі». Як працуюць беларускія санаторыі пасьля закрыцьця межаўПацярпелі і тыя, хто арыентаваўся на прыбыткі ад паслуг іншаземцам (напрыклад, стаматолягі), і тыя, хто працаваў на ўнутранае спажываньне (цырульні і аб’екты харчаваньня страцілі 10–25% выручкі).
Паводле прагнозаў апытаных, па выніках першага паўгодзьдзя падзеньне прамысловай вытворчасьці можа скласьці да 20% праз збоі ў пастаўках сыравіны і матэрыялаў, зьніжэньне таваразвароту і ўплыў курсавой розьніцы. Продажы рэклямных паслуг ужо ўпалі на 20%, а па выніках паўгодзьдзя могуць упасьці на ўсе 40%.
«Абвастрэньне фінансавых праблемаў прымушае многіх арандатараў адмаўляцца ад арэнды альбо патрабаваць зьніжэньня арэнднай платы, — адзначаюць у БСПН. — Са свайго боку, арэндадаўцы скардзяцца на падзеньне рэнтабельнасьці паслуг арэнды, а ў некаторых гэтая дзейнасьць ужо стала стратнай».
БСПН апублікаваў шэраг прапановаў для падтрымкі бізнэсу і працаўнікоў, у бюджэтна-падатковай палітыцы, для стабілізацыі разьлікаў і кантрольна-рэвізійнай дзейнасьці. Ліст накіравалі ў Міністэрства эканомікі. Гэта ня першы такі ліст ад беларускіх бізнэс-саюзаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Бізнэс-саюзы прапанавалі ўраду Беларусі ўхваліць лібэральны антыкрызісны пакет. 10 пунктаўУрад Беларусі цяпер разглядае комплекс захадаў для падтрымкі бізнэсу на фоне пандэміі каранавірусу. Сфармаваць пакет прапановаў і перадаць яго на разгляд Аляксандру Лукашэнку абяцалі на наступным тыдні.