«Завярнулі без тлумачэньня прычын». Як уначы закрывалі беларуска-расейскую мяжу. ФОТА

Дакладна апоўначы 18 сакавіка супрацоўнікі Памежнай службы ФСБ Расеі пачалі разварочваць легкавікі, якія ехалі ў бок Расеі, на памежным пераходзе паміж беларускімі Шухаўцамі і расейскім пасёлкам Краснае на трасе М1 паміж Беларусьсю і Расеяй. Карэспандэнты Свабоды назіралі за закрыцьцём мяжы на месцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца на закрытай мяжы з Расеяй. ВІДЭА

Згодна з пастановай ураду Расеі, з 00.00 18 сакавіка забараняецца ўезд на тэрыторыю Расеі іншаземцаў, у тым ліку грамадзян Беларусі, з прычыны эпідэміі каранавірусу COVID-19.

Што адбывалася ў першыя хвіліны 18 сакавіка

«У нас паглядзелі пашпарты, убачылі, што мы беларусы, і без тлумачэньня прычын разьвярнулі. Вось вяртаемся ў гатэль», — расказаў Андрэй, які прыехаў на мяжу з двума сябрамі.

Мужчына ня ўтойвае, што зазірнуў на пераход паміж беларускімі Шухаўцамі і расейскім пасёлкам Краснае невыпадкова, а каб праверыць, ці пачало дзейнічаць распараджэньне ўраду Расейскай Фэдэрацыі аб закрыцьці расейскай мяжы з боку Беларусі з прычыны пагрозы распаўсюду новага каранавірусу.

Мяжу мусілі закрыць 18 сакавіка і, паводле ранейшых паведамленьняў, такі рэжым працягнецца да 1 траўня.

«Калі будзе так, дык, безумоўна, доўга», — расчараваны Андрэй. На просьбу выказаць сваё стаўленьне да закрыцьця мяжы малады чалавек паціснуў плячыма: «Гэта іхная справа».

За пяць хвілін да таго расейскія памежнікі высадзілі з машыны зь беларускімі нумарамі Івана. У хлопца знайшлі пратэрмінаванасьць пашпарта і загадалі вяртацца.

«Мяне высадзілі не з прычыны закрыцьця мяжы. Але сьпяшаліся, сказалі нашаму кіроўцу, каб хутчэй праяжджаў, што мае толькі 2 хвіліны. А потым закрыюць мяжу. І сапраўды, пакуль я высаджваўся і вяртаўся, ужо некалькі машын разьвярнулі», — расказаў Іван карэспандэнту Свабоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея закрываецца. Аўтобусныя рэйсы скасавалі. Чыгунка прапануе беларусам здаць білеты

«Дзяжурым, каб паглядзець, што будзе пасьля перакрыцьця расейцамі мяжы»

Раней, недзе аб 11 гадзіне ночы, калі мы прыехалі на беларуска-расейскую мяжу, тут утварылся велізарная чарга зь вялікагрузаў. Да мяжы налічылі больш за сто фураў.

«Але гэта ніяк не зьвязана з расейскім перакрыцьцём мяжы, „дальнабояў“ па-ранейшаму прапускаюць безь перашкод. Гэта праз павялічэньне руху на выходныя. Звычайна да аўторка рух зьмяншаецца, але ня сёньня», — расказаў лейтэнант беларускага ДАІ, які дзяжурыў непадалёк ад пачатку расейскай тэрыторыі.

Побач з «даішнікамі» стаялі некалькі мытнікаў, якія рэгулярна выходзілі на трасу і таксама даглядалі аўтамабілі з Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь ня ўводзіла кантролю на мяжы з Расеяй, — Памежны камітэт

«Што мы тут робім? Увогуле дзяжурым, але і каб паглядзець, што будзе адбывацца пасьля перакрыцьця расейцамі мяжы. Пакуль усё спакойна», — сказаў лейтэнант пра свае ўражаньні ад дзяжурства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрыцьцё мяжы — крыж на саюзнай дзяржаве?

Хто едзе з Расеі ў Беларусь, не правяраюць

На гадзіньніку было 00.20. Побач спынілася два легкавікі, які прыехалі з Расеі. Кіроўца «Мазды» сказаў, што расейскія памежнікі зусім не правяраюць тых, хто вяртаецца ў Беларусь з Расеі, у тым ліку без праверкі едуць у Беларусь і легкавікі з расейскімі нумарамі.

«А вось беларусаў, які едуць у Расею, правяраюць, але такіх ужо амаль няма», — падзяліўся кіроўца.

Як такога пераходу там няма. Вайскоўцы ў жоўтых камізэльках зь літарамі «ПС ФСБ» і жэзламі проста спыняюць легкавікі і правяраюць пашпарты. Каго ўбачаць з беларускімі пашпартамі, разварочваюць аўтамабілі ці высаджваюць пасажыраў і адпраўляюць назад у Беларусь.

Пасьля 12 гадзінаў ночы рух легкавікоў на мяжы сьцішыўся: праяжджалі 2-3 машыны за 5 хвілін. Толькі бесьперапыннай доўгай чарадой у бок Расеі ехалі фуры, у асноўным з расейскімі і беларускімі нумарамі, але і тых стала меней.

Што кажуць пра перакрыцьцё мяжы на расейскім баку

Расейскія памежнікі ад камэнтароў адмаўляюцца.

«Чаму перакрылі? Дык гэта вашы ж вінаваты, не адмянілі бязьвіз, да вас едуць усякія „кітайцы і афрыканцы“, а потым вы едзеце да нас. Вось і засьцерагаемся ад каранавірусу», — кажа расеец Дзіма, які прадае страхоўкі кіроўцам на тэрыторыі Расеі.

Заўвага пра тое, што расейцы, якіх працягваюць пускаць на тэрыторыю Беларусі, таксама могуць прывезьці ў Расею каранавірус зь Беларусі, зьбянтэжыла суразмоўцу. «Ну ня ведаю. Там лепш відаць», — Дзіма паглядзеў угару.

Казіно чакаюць спаду наведнікаў

Адразу, як уяжджаеш у Беларусь з Расеі, пры дарозе стаіць велізарны рознакаляровы будынак-куб. Гэта казіно «М1», якое прэзэнтуе сябе як найбуйнейшае ў Беларусі.

Нядаўна ў казіно выступала даўно забытая расейская сьпявачка Натальля Гулькіна, улетку чакаецца канцэрт групы «На-на». Казіно абслугоўвае ў асноўным заможных масквічоў, бо ў Расеі гульнявыя залі дазволеныя толькі ў асобных зонах, далёкіх ад Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Некалькі тысяч фураў стаяць у чэргах на памежных пераходах Беларусі

Каля «М1» ноччу стаяла каля 10 легкавікоў. Паводле супрацоўнікаў, гэта крыху меней, чым звычайна: «Відаць, яшчэ не разабраліся, ці пусьцяць».

Але каранавірусу тут ніхто не баіцца, нідзе не відаць антысэптычных сродкаў, ніхто ня носіць мэдыцынскіх масак.

«Ды ў нас жа няма захварэлых, ня бачыў па тэлевізіі, каб пра гэта афіцыйна казалі», — разводзіць рукамі ахоўнік Андрэй.

Пагрозу каранавірусу, ад якой у сьвеце ўжо памерлі амаль 8 тысяч чалавек, беларус Андрэй назваў глупствам. А калі даведаўся, што перад ім журналісты, загадаў пакінуць тэрыторыю казіно.

Далей па трасе мы натрапілі на яшчэ адзін гатэль-казіно з сымбалічнай для цяперашняга часу назвай «Карона».

«Ды не, ніхто тут пра каранавірус асабліва не турбуецца. Хаця наведнікаў, можа, і будзе паменей», — прагназуе супрацоўніца Карына.

Раніцай Карына падзялілася назіраньнямі ад начнога дзяжурства: рух зьменшыўся, асабліва меней едзе ў бок расейскай мяжы легкавікоў.

З боку шашы М1 а 7-й гадзіне раніцы вялікага шуму ад аўта сапраўды не было.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ