«Не рэагаваць на кожны шоргат», — Лукашэнка акрэсьліў прыярытэты пяцігодкі

Аляксандар Лукашэнка з падначаленымі

Беларуская эканоміка не дасягнула такой ступені ўстойлівасьці, каб супрацьстаяць вонкаваму ўплыву, заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб выніках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця за 2019 год.

Паводле Лукашэнкі, занадта шмат увагі надаецца таму, якая цана нафты, які курс валюты ў краінах — гандлёвых партнэрах, якія абмежаваньні ўводзяцца для Беларусі.

«Рэагуем на кожны шоргат, так быць не павінна, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Усё мусім бачыць і ўлічваць, але гэта не павінна быць арыентырам у нашай дзейнасьці. Мы невялікая краіна з адкрытай эканомікай. Менавіта таму мусім умець гнутка адаптавацца да аб’ектыўных умоваў, у якіх жыве навакольны сьвет».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Труціць вірус гарэлкай, а «трактар вылечыць усіх». ВІДЭА

Лукашэнка заўважыў, што летась традыцыйныя сэктары эканомікі не далі чаканай аддачы — унёсак у валавым унутраным прадукце ўсіх відаў вытворчасьці і прадпрыемстваў IT-сэктару аказаўся практычна аднолькавы.

«Я ня буду казаць пра тое, што экспарт у 2019 годзе правалілі, прыток імпарту павялічваецца, а ВУП вырас толькі коштам унутранага попыту. Экспарт — прыярытэт пяцігодкі, а мы ня толькі не асвойваем новыя рынкі, а і губляем традыцыйныя. Сёньня гэта пытаньне нашага выжываньня. Адсюль усё: і цэны на нафту, і курс беларускага рубля», — канстатаваў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год дэвальвацыя складзе працэнтаў 25 пры ўмове, калі ня здарыцца новых катаклізмаў, — эканаміст

Лукашэнка не пагадзіўся з прапановамі ўраду наконт асноўных кірункаў праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі да 2025 году.

«Захадаў для паскоранага разьвіцьця і дасягненьня валавога ўнутранага прадукту прыкладна ў 100 млрд даляраў я там ня ўбачыў. Усё, што прапанавана, трэба было зрабіць яшчэ пяць гадоў таму», — сказаў ён, запатрабаваўшы не тэарэтызаваць, а самакрытычна прызнавацца ў недапрацоўках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 прызнаных правалаў і 8 з паловай дасягненьняў «чацьвёртай пяцігодкі»