МЗС адказаў на пэтыцыю з патрабаваньнем забараніць кітайцам уезд у Беларусь

Ілюстрацыйнае фота

На сайце Petitions.by на пачатку лютага зьбіралі подпісы за забарону ўезду ў Беларусь грамадзянам Кітаю ў сувязі з каранавіруснай інфэкцыяй COVID-19. За тры дні набралі 698 подпісаў. На зварот 26 лютага адказала Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Начальнік Галоўнага консульскага ўпраўленьня МЗС Аляксандар Хайноўскі піша ў адказе, што такія рэчы робяцца на падставе аналізу рызыкаў, які праводзіць Міністэрства аховы здароўя. А Мінздароўя, у сваю чаргу, перадала МЗС, што:

  • На дадзены момант Усясьветная арганізацыя здароўя (WHO) не рэкамэндуе ўводзіць абмежаваньні на паездкі і гандаль з Кітаем і іншымі краінамі, дзе зафіксаваныя выпадкі COVID-19.
  • Дасьледаваньні WHO гэтай і папярэдніх успышак захворваньняў паказваюць, што забарона на перасоўваньне людзей ня можа істотна паўплываць на распаўсюд хваробы, а толькі ссоўвае час піку інфікаваньня. Праз 10 дзён пасьля пачатку распаўсюджваньня інфэкцыі такія захады неэфэктыўныя.
  • На тэрыторыях, дзе зарэгістравалі найбольш выпадкаў COVID-19 (у прыватнасьці, правінцыі Хубэй і горадзе Ўхань у Кітаі) і так уведзеныя абмежавальныя захады, спыненыя авіязносіны.
  • У Беларусі ладзяць свае проціэпідэмічныя захады. Так, у Нацыянальным аэрапорце праводзяць падвойны кантроль людзей, якія прыбываюць з Кітаю, з выкарыстаньнем цеплавізараў і лябараторных абсьледаваньняў, а пасьля прылёту ладзяць 14-дзённае мэдычнае назіраньне.
  • Працаўнікоў з Кітаю перавозяць і разьмяшчаюць ва ўмовах мінімальных кантактаў з навакольнымі, таксама ладзяць мэдычнае назіраньне. Кітайскіх студэнтаў, якія вярнуліся зь зімовых вакацыяў, зьмясьцілі для часовага пражываньня ў асобных установах (аздараўленчых комплексах).

Зварот таксама накіроўвалі ў адміністрацыю прэзыдэнта, адказу ад яе пакуль не было. На іншы зварот на тую ж тэму, які высылалі толькі ў адміністрацыю прэзыдэнта, з МЗС выслалі той жа адказ Хайноўскага.

Раней Дэпартамэнт авіяцыі Мінтранспарту адказаў адмовай на зварот з просьбай закрываць авіязносіны з Кітаем — кажуць, пераарыентаваньне пасажыраў на іншы транспарт пацягне за сабой дадатковыя рызыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сьцеражыцеся каранавірусу. Што раяць беларусам, якія едуць у Кітай і на поўнач Італіі