Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пік эпідэміі каранавірусу ў Кітаі мінуў. У Беларусі ўзмацнілі кантроль за пасажырамі з Італіі


Ілюстрацыйнае фота

Эпідэмія каранавірусу ў Кітаі дасягнула піку 23 студзеня – 2 лютага, цяпер жа ідзе на спад, перадае CNBC заяву кіраўніка Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдраса Аданома.

Колькасьць хворых на COVID-19 зьмянялася паводле падобнага ўзору ў розных правінцыях Кітаю, у сярэдзіне мінулага тыдню выйшла на плато.

На момант публікацыі вядома пра 80,1 тысячы пацьверджаных выпадкаў COVID-19 (зь іх 77,8 тысячы ў Кітаі), 2701 сьмерць (2665 у Кітаі) і 27,7 тысячы ачуньваньняў; звыш 9200 чалавек знаходзяцца ў крытычным стане. За мінулы дзень выявілі 509 новых выпадкаў COVID-19 у Кітаі, 60 у Паўднёвай Карэі, па два ў Італіі і Тайляндзе; за дзень памёр 71 чалавек у Кітаі, 1 у Паўднёвай Карэі і адзін чалавек з карабля Diamond Princess.

Сьмяротнасьць вагаецца ад 2–4% у горадзе Ўхань (адкуль пачалася эпідэмія) да 0,7% па-за Ўханем — гэта на парадак або на два парадкі менш, чым летальнасьць ліхаманкі Эбола. Людзі з хваробамі сярэдняй цяжкасьці выздараўліваюць ад COVID-19 за два тыдні, людзі з моцнымі ці крытычнымі хваробамі — за шэсьць тыдняў.

Цяпер «моцную занепакоенасьць» WHO выклікаюць успышкі вірусу ў Іране, Італіі і Паўднёвай Карэі, але «некантраляванага распаўсюду» цяпер не фіксуюць. Як не абвяшчаюць і пра пандэмію, хоць заклікаюць быць гатовай да яе.

Беларусы сочаць за пасажырамі з Італіі

Міністэрства здароўя Беларусі ад 24 лютага ўзмацніла санітарна-эпідэміялягічны нагляд у сувязі з сытуацыяй з COVID-19 у Эўропе. У прыватнасьці, узмацнілі мэдыцынскі кантроль за тымі, хто прыбывае ў Беларусь з Італіі. У Нацыянальным аэрапорце Менск зладзілі дадатковы пункт санітарна-карантыннага кантролю.

Беларусам раяць устрымацца ад наведваньня тых рэгіёнаў на поўначы Італіі, дзе фіксавалі ўспышку вірусу і абмяжоўвалі перасоўваньне. Але наведваць гэтыя рэгіёны не забараняюць, як не забараняюць і прылятаць у Беларусь італьянцам або кітайцам.

Мінздароўя дадае, што ў Беларусі выпадкі COVID-19 не рэгістраваліся: падазрэньні былі, але не пацьвердзіліся.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

24 новыя адказы пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Колькі чалавек з каранавірусам памерлі ў Беларусі

На 5 красавіка Міністэрства аховы здарўя пацьвердзіла 562 выпадкі каранавірусу і 8 сьмерцяў. Вось вядомыя на гэты час ахвяры:

  1. 73-гадовая пэнсыянэрка Аляксандра Чэпік, памерла ўвечары 30 сакавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры (ВАКСЦ, былы чыгуначны шпіталь).​
  2. 75-гадовы актор Драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч, памёр у ноч з 30 на 31 сакавіка ў ВАКСЦ.
  3. 70-гадовая настаўніца зь вёскі Новыя Доктаравічы (Менская вобласьць) Натальля А., памерла 1 красавіка ў Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы.
  4. 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, памёр 2 красавіка ў ВАКСЦ.​
  5. 67-гадовая Вольга Дзеравянка, памерла 1 красавіка ў 2-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.
  6. 60-гадовы мянчук памёр у сталічным інфэкцыйным шпіталі 3 красавіка.
  7. 4 красавіка o менскай інфэкцыйнай бальніцы памёр 69-гадовы былы супрацоўнік Нацыянальнага банку Юры Осіпаў. У яго была пнэўманія, выкліканая вірусам COVID-19.
  8. У Віцебску яшчэ 28 сакавіка памерла работніца фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» Галіна Шастоўская. Ёй было 54 гады. Дачка жанчыны распавяла tut.by, што яе мама «літаральна за пяць дзён згарэла ад пнэўманіі», у яе «быў пацьверджаны каранавірус».

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG