Партыя Пазьняка заклікала стварыць рух за выбары без Лукашэнкі

Зянон Пазьняк

Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ заклікаў стварыць рух за выбары без Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў звароце партыі па выніках 13-га зьезду.

Галоўнай прычынай адсутнасьці зьмены ўлады ў Беларусі партыя Зянона Пазьняка называе параліч інстытуту выбараў, які адбыўся ў 1996 годзе. Падзеі 24-гадовай даўніны КХП БНФ называе «дзяржаўным пераваротам», у выніку якога сыстэма падпарадкавалася абсалютнай уладзе адной асобы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты ад беларускай апазыцыі пазмагаюцца шэсьць чалавек

У звароце гаворыцца, што законныя мэтады зьмены ўлады ліквідаваныя.

«Грамадзтва, практычна, адхілена ад назіраньня за падлікам галасоў, за складаньнем пратаколаў галасаваньня і складаньнем сьпісаў выбаршчыкаў. У час выбараў рэжым арганізуе прымусовае галасаваньне і прымусовы, пад страхам рэпрэсій, загон людзей на папярэдняе галасаваньне, якое доўжыцца пяць дзён і непадкантрольнае грамадзкасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія праймэрыз: Эротыка замест палітыкі

КХП-БНФ лічыць, што вырашэньне гэтай праблемы магчымае праз грамадзкі ціск на ўлады, які гарантуе канстытуцыя. Партыя заклікае да «законнага і справядлівага змаганьня».

Патрабаваньні руху за дэмакратычныя законныя выбары наступныя:

  1. Няўдзел А. Лукашэнкі ў прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году. Згодна закона з 2004 году ён ня мае права выстаўляць сваю кандыдатуру на выбарах прэзыдэнта.
  2. Зьмена ўсяго складу Цэнтральнай выбарчай камісіі.
  3. Адмена папярэдняга галасаваньня.

Партыя Пазьняка прапауе ствараць суполкі руху па ўсёй Беларусі, якія потым аб’яднаюцца ў сыстэмны рух. Пачаткам руху КХП-БНФ лічыць публікацыю ў сеціве згаданага звароту.