На БНР-102 выступяць «Дай дарогу!», «Крама» і ўкраінскі гурт «Колір»

Дзень Волі ў Горадні, БНР-101, 2019 год

Арганізатары мітынгу-канцэрту да Дня Волі ў 2020 годзе плянуюць запрасіць беларускія гурты «Дай дарогу!», «Краму», «Разьбітае сэрца пацана», Naka і рэп-сьпявачку Zrabi, а таксама ўкраінцаў «Колір».

Як расказвае са спасылкай на арганізатараў «Эўрарадыё», песьні на БНР-102 будуць гучаць па-беларуску, па-расейску і па-ўкраінску. Гурт «Колір» таксама мае і песьню па-беларуску.

Заяўку на менскі мітынг-канцэрт падалі на нядзелю, 22 сакавіка. Якую менавіта пляцоўку арганізатары просяць у гарадзкіх уладаў, пакуль не гавораць. Але, атрымаўшы адмову ў канцэрце на плошчы Свабоды, або каля Опэрнага тэатру, або каля Палаца спорту, яны падалі заяўку на «тусовачнае месца для моладзі». Менгарвыканкам просяць дазволіць імпрэзу з колькасьцю ўдзельнікаў да 10 000 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзень Волі – 2019. Максымальна сьцісла
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мова-фэст». 20 здымкаў з самай буйной імпрэзы да Дня роднай мовы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольскі, сотні маладых і сьцягі. Як скончыўся «Мова-фэст» у Менску

Як падтрымаць?

На сайце Molamola.by ідзе збор сродкаў на арганізацыю «БНР-102» у Менску. За два з паловай тыдні сабралі каля 1600 з патрэбных 25 000 рублёў, але краўдфандынг яшчэ не рэклямавалі шырока ў сацсетках.

Гэтая сума, 25 000 рублёў, мае пакрыць усе «базавыя рэчы», зьвязаныя з арганізацыяй мітынгу-канцэрту, сцэнай і паслугамі, ганарарамі гуртам. Самі партыі (сярод арганізатараў Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух “За свабоду”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, а таксама аргкамітэт партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя) ​на гэтым абяцаюць не зарабляць.

Мінулы мітынг-канцэрт у Менску абышоўся прыблізна ў 17 000 рублёў, і частку грошай сабралі проста на акцыі. Таксама арганізатары могуць прымаць ахвяраваньні ад беларускіх бізнэсоўцаў і дыяспары, калі ахвочыя зь імі зьвяжуцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Дні Волі ў Горадні паабяцалі раздаць «пашпарты БНР» і «горадзенскія візы»

Дзень Волі будуць адзначаць ня толькі ў Менску. У Горадні ўжо рыхтуюць фэст у Калоскім сквэры на 21 сакавіка, там маюць раздаваць «пашпарты БНР» і «горадзенскія візы».

У іншых гарадах імпрэзаў на Дзень Волі пакуль не анансавалі.