«Кітай, змагайся!» Дазналіся, хто прыдумаў радок салідарнасьці на Нацыянальнай бібліятэцы

На электронным сьветлавым табло будынка Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску зьявіўся бягучы радок «Кітай, змагайся! Ухань, трымайся! Беларусь з табою! Zhongguo jiayou, Wuhan jiayou, Bailuosi zhan zai yiqi!»

Такі бягучы радок вышынёй 9 мэтраў (максымальная вышыня) будзе відаць на будынку бібліятэкі з 19 па 23 лютага.

У адміністрацыі Нацыянальнай бібліятэкі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што гэта акцыя салідарнасьці з Кітаем у яго барацьбе з каранавірусам. Яна праводзіцца на ініцыятыву амбасады Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. У лісьце з амбасады гаворыцца, што ініцыятыва і тэкст узгодненыя зь Міністэрствам замежных спраў Беларусі.

«У сувязі з распаўсюджаньнем пнэўманіі новага тыпу COVID-2019 у Кітаі склалася цяжкая сытуацыя. Рэспубліка Беларусь аказвае гуманітарную дапамогу: дае сродкі абароны і лекі, неабходныя для барацьбы зь вірусам», — гаворыцца на сайце Нацыянальнай бібліятэкі.

У бібліятэцы сказалі, што гэта сацыяльная рэкляма, таму яна бясплатная. Але звычайна 1 хвіліна тэкставай рэклямы каштуе 4 рублі 20 капеек.

Раней падобных акцый салідарнасьці зь іншымі краінамі з выкарыстаньнем бягучага радка на Нацыянальнай бібліятэцы не праводзілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нацыянальная бібліятэка Беларусі зноў трапіла ў сьпіс самых непрыгожых будынкаў сьвету