Беларусь заняла другое месца паводле тэмпаў інфляцыі за студзень 2020 году сярод краінаў былога СССР, адзначае БелаПАН.
Найбольшую інфляцыю за студзень фіксавалі:
- Армэнія — 1,3%;
- Беларусь — 0,86%;
- Грузія — 0,7%;
- Казахстан — 0,7%;
- Малдова — 0,63%.
Пры тым у сьнежні мінулага году Міжнародны валютны фонд станоўча ацэньваў эканамічныя рэформы ў Армэніі — там адзначалі здаровы рост эканомікі, стабільную фінансавую сыстэму, рост даходаў і нізкую інфляцыю, якасную барацьбу з карупцыяй. У студзені ў Армэніі падвысіліся мыты на 700 тавараў з краінаў па-за Эўразійскім эканамічным саюзам, у тым ліку на лекі.
Амаль як у Беларусі, на 0,85% вырасьлі цэны ў самаабвешчанай Прыднястроўскай рэспубліцы, што на тэрыторыі Малдовы.
Інфляцыя па 0,6% была зафіксаваная ў Азэрбайджане, Кіргізстане, Таджыкістане і Ўзбэкістане. Па 0,4% — Латвія, Літва і Расея, 0,2% — Украіна. У Эстоніі ж цэны зьнізіліся на 0,4%.
Год таму, у студзені-2019, інфляцыя ў Беларусі была амаль такой жа — 0,88%. Але тады краіна займала ў гэтым паказьніку толькі восьмае месца сярод былых савецкіх.
Агулам за 2019 год Беларусь заняла шостае месца ў інфляцыі сярод постсавецкіх краінаў, годам раней — чацьвёртае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 59% беларусаў ня вераць у пазытыўныя зьмены ў краіне