Іран прызнаўся ў няздольнасьці расшыфраваць чорныя скрыні зьбітага «Боінга»


Іран не валодае тэхнічнымі магчымасьцямі для расшыфроўкі інфармацыі з чорных скрыняў зьбітага пад Тэгеранам пасажырскага «Боінга» «Міжнародных авіяліній Украіны».

Пра гэта заявіў у інтэрв’ю NBC міністар замежных спраў краіны Махамад Джавад Зарыф.

«Боінг-737» Міжнародных авіяліній Украіны пацярпеў крушэньне 8 студзеня неўзабаве пасьля ўзьлёту з аэрапорта Тэгерана. Загінулі ўсе 176 чалавек на борце. Улады Ірана прызналі, што лайнэр быў памылкова быў зьбіты сыстэмай СПА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран прызнаў: украінскі самалёт зьбілі дзьве расейскія ракеты «Тор-М1»

Тэгеран спачатку пагадзіўся на міжнароднае расьсьледаваньне катастрофы, але цяпер адмаўляецца перадаць скрыні іншай краіне. Аднак Ірану трэба праграмнае забесьпячэньне, кабэлі і тэхнічная дакумэнтацыя ад ЗША, каб мець магчымасьць расшыфраваць інфармацыю. Па словах Зарыфа, Іран папрасіў аб дапамозе ў расшыфроўцы, але краіне было ў гэтым адмоўлена.

8 студзеня пяць краінаў, чые грамадзяне загінулі ў катастрофе лайнэра, зьвярнуліся да Ірану з патрабаваньнем перадачы самапісцаў, перадавала ўкраінскае выданьне «Эўрапейская праўда». Зарыф лічыць, што Іран мае поўнае права самастойна расьсьледаваць катастрофу і не дзяліцца самапісцамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран прапанаваў па 80 тысяч даляраў сем’ям украінцаў, якія загінулі ў зьбітым «Боінгу»