Хто хоча выйсьці на двубой з Трампам. Партрэты

У амэрыканскім штаце Нью-Гэмпшыр у аўторак, 11 лютага, стартуюць папярэднія ўнутрыпартыйныя выбары Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый ЗША.

Большасьць аналітыкаў лічаць, што ў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа няма сур’ёзных канкурэнтаў унутры Рэспубліканскай партыі. А вось сярод патэнцыйных кандыдатаў ад Дэмакратычнай партыі ідзе жорсткая барацьба за права пазмагацца з Трампам на выбарах у лістападзе. Тлумачым, хто мае найбольшыя шанцы кінуць выклік цяперашняму прэзыдэнту ЗША.

Джо Байдэн, 77 гадоў

Джо Байдэн

Хто ён гэткі?

Восем гадоў быў віцэ-прэзыдэнтам ЗША падчас прэзыдэнцтва Барака Абамы, а таксама 36 гадоў сэнатарам.

Чаго хоча?

Байдэн абвінаваціў цяперашняга прэзыдэнта Дональда Трампа ў пагрозе каштоўнасьцям і «душы» амэрыканскай нацыі. Ён таксама заявіў, што прэзыдэнт назваў аднолькавымі расістаў і тых, хто супраць іх пратэставаў. «На карце ключавыя каштоўнасьці гэтай нацыі — нашая пазыцыя ў сьвеце, сама нашая дэмакратыя... усё, што зрабіла Амэрыку Амэрыкай».

У чым ягоная сіла?

Паводле большасьці агульнанацыянальных апытаньняў, сярод прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі ён застаецца найбольш папулярным палітыкам. У шэрагу апытаньняў яго таксама называюць патэнцыйна наймацнейшым кандыдатам у супрацьстаяньні з Дональдам Трампам. Ён мае высокі ўзровень падтрымкі сярод старэйшых выбарнікаў і афраамэрыканцаў.

У чым ягоная слабасьць?

Супернікі Байдэна ў Дэмакратычнай партыі спрабуюць паказаць яго як прадстаўніка старой эліты, які зашмат ішоў на кампрамісы з рэспубліканцамі. Невядома таксама, ці не пашкодзіць падтрымцы Байдэна згадваньне ягонага сына Гантэра ў кантэксьце карупцыі ва Ўкраіне, хоць ніякіх доказаў незаконнай дзейнасьці Байдэна-малодшага апублікавана і не было. Акрамя таго, першыя партыйныя галасаваньні адбываюцца ў штатах, дзе ў Байдэна меншая падтрымка, а гэта можа стварыць нэгатыўны эфэкт для далейшага змаганьня.

Майкл Блумбэрг, 77 гадоў

Майкл Блумбэрг

Хто ён гэткі?

Мільярдэр, які стварыў пасьпяховую фінансавую і мэдыйную кампанію. Былы мэр Нью-Ёрку.

Чаго хоча?

Блумбэрг далучыўся да выбарчай кампаніі позна. Ён заявіў, што іншыя кандыдаты маюць малыя шанцы перамагчы Дональда Трампа. Блумбэрг выступае за большы кантроль за продажам зброі, за іміграцыйную рэформу і за свабодны міжнародны гандаль. Ён крытыкуе крокі Трампа па ўвядзеньні тарыфаў у гандлі з Кітаем, а таксама рашэньне прэзыдэнта ЗША выйсьці з Парыскай дамовы аб змаганьні з глябальнымі зьменамі клімату.

У чым ягоная сіла?

Блумбэрг мае вялізарны асабісты капітал і ня раз выкарыстоўваў яго для палітычных кампаній, у тым ліку каб некалькі разоў абрацца мэрам Нью-Ёрку. Ён стварыў агульнанацыянальныя арганізацыі, якія займаюцца пытаньнямі кантролю за зброяй, іміграцыйнай рэформы і зьменаў клімату. Ягоныя грошы даюць яму перавагу над большасьцю іншых кандыдатаў.

У чым ягоная слабасьць?

На пасаду мэра Нью-Ёрку Блумбэрг балятаваўся спачатку ад Рэспубліканскай партыі, а потым як незалежны кандыдат. Ягоная палітычная гісторыя можа быць ня надта прывабнай для актывістаў Дэмакратычнай партыі. Паколькі Блумбэрг далучыўся да прэзыдэнцкай кампаніі позна, яго няма ў сьпісах кандыдатаў у шэрагу штатаў, дзе ў лютым адбываюцца першыя папярэднія выбары.

Піт Бутыджэдж, 38 гадоў

Піт Бутыджэдж

Хто ён гэткі?

Былы мэр гораду Саўт-Бэнд у штаце Індыяна. Самы малады мэр амэрыканскага гораду з насельніцтвам больш як 100 тысяч чалавек. Былы афіцэр вайсковай выведкі, які 7 месяцаў служыў у Аўганістане. Першы адкрыты гей, які здабыў падтрымку дэлегатаў на выбарах кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад адной з асноўных амэрыканскіх партый.

Чаго хоча?

Бутыджэдж кажа, што праблемы, якія цяпер стаяць перад Злучанымі Штатамі, вымагаюць новага падыходу і новага пакаленьня палітыкаў. «Перад намі ня проста чарговыя выбары, перад намі пэрыяд паміж дзьвюма эрамі ў амэрыканскай палітыцы». Ён прапануе зьмяніць амэрыканскую выбарчую сыстэму, скасаваўшы калегію электараў, і стварыць сыстэму дзяржаўнага мэдычнага страхаваньня, якая б канкуравала з прыватнымі кампаніямі.

У чым ягоная сіла?

Нягледзячы на заклікі да зьмены пакаленьняў у палітыцы, Бутыджэдж мае імідж цэнтрыста, які гатовы без агрэсіі дамаўляцца са сваімі апанэнтамі. Бутыджэдж перамог на партыйных сходах — кокусах — Дэмакратычнай партыі ЗША ў штаце Аёва на пачатку лютага. Апытаньні таксама даюць яму высокую падтрымку ў штаце Нью-Гэмпшыр, дзе 11 лютага праходзяць папярэднія выбары кандыдата ад Дэмакратычнай партыі. Магчыма, што раньнія посьпехі падымуць ягоную пазнавальнасьць сярод выбарнікаў у іншых штатах.

У чым ягоная слабасьць?

На агульнанацыянальным узроўні Бутыджэдж пакуль мае невялікую падтрымку. Асабліва нізкія лічбы апытаньні даюць яму сярод афраамэрыканцаў і выбарнікаў лацінаамэрыканскага паходжаньня. Крытыкі кажуць пра адсутнасьць у яго палітычнага досьведу на нацыянальным узроўні. Таксама невядома, ці гатовая больш кансэрватыўная частка выбарцаў падтрымаць кандыдата, які ў 2018 годзе пабраўся аднаполым шлюбам у хрысьціянскай Эпіскапальнай царкве.

Эмі Клобушар, 59 гадоў

Эмі Клобушар

Хто яна гэткая?

Сэнатарка ад штату Мінэсота, юрыстка, былая пракурорка.

Чаго хоча?

Клобушар прапануе прыняць папраўку ў Канстытуцыю ЗША, якая б абмежавала фінансаваньне палітыкаў з боку карпарацый. «Прыйшоў час вярнуць нашую дэмакратыю». Прапануе падняць мінімальны заробак і падтрымлівае «Зялёны новы курс» — плян змаганьня са зьменамі клімату.

У чым яе сіла?

Клобушар была пераабраная ў сэнат ад штату Мінэсота на Сярэднім Захадзе ЗША, атрымаўшы значную падтрымку сярод выбарнікаў у сельскіх акругах і ад непартыйных выбарнікаў. Менавіта перамога ў шэрагу штатаў Сярэдняга Захаду, якія раней традыцыйна галасавалі за кандыдатаў ад Дэмакратычнай партыі, дазволіла Дональду Трампу абрацца прэзыдэнтам у 2016 годзе.

У чым яе слабасьць?

У агульнанацыянальных апытаньнях лічбы яе падтрымкі цяпер найніжэйшыя сярод кандыдатаў у гэтым сьпісе. На кокусах Дэмакратычнай партыі ЗША ў штаце Аёва на пачатку лютага яна атрымала пяты вынік. Каб утрымацца ў выбарчай гонцы, ёй трэба паказаць добры вынік прынамсі ў штаце Нью-Гэмпшыр, дзе 11 лютага праходзяць папярэднія выбары кандыдата ад Дэмакратычнай партыі.

Бэрні Сандэрс, 78 гадоў

Бэрні Сандэрс

Хто ён гэткі?

Сэнатар ад штату Вэрмонт. Быў галоўным канкурэнтам Гілары Клінтан падчас яе намінацыі ад Дэмакратычнай партыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2016 году.

Чаго хоча?

Сандэрс называе сябе дэмакратычным сацыялістам і абяцае змагацца з эканамічнай няроўнасьцю і ўплывам вялікіх карпарацый. Ён прапануе стварыць сыстэму ўсеагульнага мэдычнага страхаваньня і падтрымлівае «Зялёны новы курс» — плян змаганьня са зьменамі клімату. Ён таксама прапануе зьменшыць вайсковыя выдаткі.

У чым ягоная сіла?

У шэрагу агульнанацыянальных апытаньняў Сандэрс абышоў Байдэна як самы папулярны кандыдат сярод дэмакратаў. Сандэрс мае вялікую падтрымку сярод моладзі. Ён быў адным зь нямногіх сэнатараў, якія ў 2002 годзе не падтрымалі вайну ў Іраку, якую потым назвалі памылковай многія з тых, хто галасаваў «за». Сандэрс мае вялікую аўдыторыю ў сацыяльных сетках і гісторыю пасьпяховага збору грошай ад дробных донараў, а не ад вялікіх карпарацый.

У чым ягоная слабасьць?

Крытыкі кажуць, што калі Сандэрс стане кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі, дык ягоныя «левыя» палітычныя пазыцыі могуць быць непрывабнымі для выбарнікаў-«цэнтрыстаў». Сандэрс таксама менш папулярны сярод афраамэрыканцаў, якія традыцыйна складаюць значную частку электарату Дэмпартыі. У змаганьні за намінацыю яму трэба пераадолець адставаньне ад Джо Байдэна ў паўднёвых штатах ЗША.

Элізабэт Уорэн, 70 гадоў

Элізабэт Уорэн

Хто яна гэткая?

Былая прафэсарка права ў Гарвардзкім унівэрсытэце, якая вывучала банкруцтвы. Яе праца дапамагла стварыць у ЗША Бюро фінансавай абароны спажыўцоў.

Чаго хоча?

Уорэн прапануе дадатковы штогадовы падатак для найбагацейшых амэрыканцаў — 2 працэнты для тых, хто мае больш за 50 мільёнаў даляраў, і 3 працэнты для мільярдэраў. Як і Бэрні Сандэрс, яна выступае за сыстэму ўсеагульнага мэдычнага страхаваньня, а таксама прапануе, каб 40 працэнтаў прадстаўнікоў у радах дырэктараў абіраліся працаўнікамі кампаній.

У чым яе сіла?

Уорэн здабыла вядомасьць сваім змаганьнем з буйнымі банкамі і карпарацыямі ў абарону правоў спажыўцоў. Яе імідж абаронцы «простага чалавека» летась вывеў яе ў лідэры апытаньняў сярод патэнцыйных кандыдатаў ад Дэмакратычнай партыі.

У чым яе слабасьць?

Шэраг апытаньняў сярод прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі паказалі, што многія зь іх ня вераць у здольнасьць Уорэн перамагчы Дональда Трампа, нават калі ім падабаецца яе кандыдатура. Яе падтрымка дасягнула максымуму ўвосень 2019 году, але з таго часу пайшла ўніз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў ЗША. Сацыяліст Сандэрс вырваўся ў лідэры сярод кандыдатаў-дэмакратаў