Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты ў Аёве пасьля доўгіх падлікаў пацьвердзілі перамогу Бутыджэджа


Піт Бутыджэдж
Піт Бутыджэдж

Аддзяленьне Дэмакратычнай партыі ЗША ў штаце Аёва апублікавала вынікі галасаваньня на партыйных сходах — кокусах — на 100 працэнтах выбарчых участкаў.

Гэта адбылося на чацьверты дзень пасьля кокусаў, на якіх дэмакраты ў Аёве выбіралі кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад сваёй партыі. Беспрэцэдэнтная затрымка з публікацыяй вынікаў і невыразныя, на думку многіх актывістаў, тлумачэньні яе прычын прывялі да незадаволенасьці шэрагу кандыдатаў і прыхільнікаў партыі.

Паводле апублікаваных вынікаў, першае месца ў Аёве заняў Піт Бутыджэдж. Яго вынік амаль ідэнтычны выніку сэнатара Бэрні Сандэрса. За Сандэрса прагаласавалі больш удзельнікаў кокусаў, але з прычыны асаблівасьцяў пераразьмеркавання галасоў на будучы зьезд дэмакратаў Аёвы прыхільнікаў Бутыджэджа было абрана крыху больш, чым прыхільнікаў Сандэрса. А менавіта гэты паказьнік вызначае, хто фармальна лічыцца пераможцам.

На трэцім месцы апынулася сэнатарка Элізабэт Ўорэн. Былы віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн, які лічыўся фаварытам гонкі, — толькі чацьверты.

Затрымку з публікацыяй вынікаў кокусаў патлумачылі тэхнічным збоем. Аднак і пасьля таго, як было абвешчана аб яго ліквідацыі, вынікі паступалі вельмі павольна. Гэта дало падставу прыхільнікам шэрагу кандыдатаў — у першую чаргу Сандэрса і Байдэна — сьцьвярджаць, што афіцыйным выніках галасаваньня нельга давяраць. Кіраўнік Дэмакратычнага нацыянальнага камітэта Том Пэрэз заклікаў пералічыць галасы, аднак незразумела, ці прымуць дэмакраты ў Аёве яго рэкамэндацыю.

У той час як 78-гадовы Бэрні Сандэрс набыў агульнанацыянальную вядомасьць у 2016 годзе, калі ён змагаўся за намінацыю з Гілары Клінтан, 38-гадовы Піт Бутыджэдж да пачатку кампаніі быў мала вядомы за межамі свайго штата Індыяна, дзе ён быў мэрам гораду Саўт-Бэнд. Бутыджадж — першы адкрыты гей сярод кандыдатаў у прэзыдэнты ад вядучых партый. Сваю кампанію ён будуе з аднаго боку на закліках да зьмена пакаленьняў у палітыцы і новага палітычнага стылю, а з другога — на іміджы цэнтрыста, апанэнта радыкальных рашэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG