Расея і Беларусь працягнуць кансультацыі па інтэграцыі на ўзроўні ўрадаў, заявіў першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Козак па выніках перамоваў у Сочы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным.
Як паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на Козака, РФ і Беларусь дамовіліся пра пастаўкі газу на 2020 год на ўмовах 2019 году. Гэта цана 127 даляраў за тысячу кубамэтраў на мяжы. Аднак, паводле Козака, зьніжкі для Беларусі на нафту запатрабавалі б дзяржаўнага рэгуляваньня паставак, а на гэта Расея пайсьці ня можа.
«Мы ня можам сёньня рэзка памяняць ўмовы рэгуляваньня нашай нафтавай галіны: вы ведаеце, цэны на сырую нафту фармуюцца рынкам, а адміністрацыйна не рэгулююцца».
Умовы рэгуляваньня нафтавай галіны РФ ня будуць зьменены, але расейскі ўрад будзе садзейнічаць пастаўках нафты ў Беларусь, заявіў расейскі чыноўнік.
Пры гэтым, паводле Козака, перамовы Лукашэнкі і Пуіцна прайшлі «ў пазытыўным ключы».
Як паведаміў на сваёй старонцы ў Твітэры журналіст «Комсомольской правды» Дзьмітрый Сьмірноў, Аляксандар Лукашэнка зьехаў з Сочы без заяваў для прэсы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка з Пуціным пасьнедалі ў Сочы, а расейскія міністры, адказныя за інтэграцыю, не змаглі прызямліццаЦягам 2019 году ўрады дзьвюх краінаў распрацоўвалі так званы інтэграцыйны пакет — тры дзясяткі дарожных мапаў у розных сфэрах. Аднак шэраг пытаньняў так і застаюцца адкрытымі.
Асноўныя спрэчкі зьвязаны з фармаваньнем цэнаў і пастаўкамі вуглевадароднай сыравіны. Напярэдадні перамоваў прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас заявіў, што толькі падатковы манэўр Расеі ў нафтавай галіне абышоўся Беларусі ў 2019 годзе ў блізу 330 млн даляраў.
Акрамя таго, не ўрэгуляваны мэханізм кампэнсацыі расейскім бокам за пастаўленую летась у красавіку праз трубаправод «Дружба» брудную нафту. Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы былі вымушаныя зьнізіць загрузку магутнасьцяў і панесьлі істотныя страты, шкода нанесена і трубаправоднай сыстэме.