Некаторым родзічам зьняволеных удалося перадаць у турмы і СІЗА перадачы звыш раней дазволеных 30 кг, але пакуль ня ўсе турмы пагаджаюцца з новым лімітам у 50 кг, піша Mspring.online.
У кагосьці прынялі перадачу на 46 кг, камусьці кажуць пра ліміт у 30 кг, бо «распараджэньня не паступала», адзначае выданьне.
Паводле правілаў унутранага распарадку турмаў, «максымальная вага пасылак і бандэроляў вызначаецца правіламі аказаньня паслуг паштовай сувязі (вага адной перадачы не павінна перавышаць вагу адной пасылкі)». А максымальную вагу пасылкі ў гэтых правілах ад 17 студзеня павялічылі з 30 да 50 кг.
Пра зьмены не абвяшчалі шырока, таму шмат хто са сваякоў зьняволеных па-ранейшаму пакаваў торбы да 30 кг. Але «данесьці» яшчэ 20 кг перадач нельга — давядзецца чакаць наступнай дазволенай перадачы паводле графіку.
У магілёўскай турме №4 праваабаронцам заявілі, што па-ранейшаму прымаюць перадачы да 30 кг, бо ня мелі распараджэньняў аб зьменах ад Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. У магілёўскай калёніі №15 і шклоўскай №17 пэўнага адказу не далі. Праваабаронцы лічаць, што турма цяпер парушае закон — тым, у каго не прымаюць перадачы ад 30 да 50 кг, юрыст «Вясны» Павал Сапелка раіць пісаць скаргу ва ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.
Якія пасылкі можна слаць у турмы і СІЗА (паводле новых правілаў, зьмянілася толькі максымальная вага, астатняе па-старому):
- вага да 50 кг;
- памеры ад 150х240х20 мм;
- памеры да 1050 мм у даўжыню, шырыню і вышыню, але сума даўжыні і найбольшай акружнасьці, акрамя даўжыні — да 2000 мм.