Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма, мужчына і жанчына. Зона волі. Непатрэбныя


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня разьдзел «Зона волі»: З турмы на волю: у чым, як і куды. Каб ня стаць бамжом. «Міліцыі прасьцей ізноў пасадзіць».

У Беларусі 47% раней суджаных ізноў вяртаюцца ў месцы пазбаўленьня волі.

Згодна з дадзенымі пракуратуры, на момант учыненьня паўторных злачынстваў нідзе не працавалі і не вучыліся 67,7% былых ЗК. Болей за траціну раней асуджаных ішлі на парушэньне закону ў стане алькагольнага ап’яненьня.

Лічыцца, што найбольш схільныя да рэцыдыву вязьні, якія выходзяць на волю, ня маючы родных ды блізкіх. Яны учыняюць новыя злачынствы ледзь ня ў першы дзень па вызваленьні. Крадуць, рабуюць — галоўным чынам таму, што хочацца есьці.

З турмы на волю. У чым, як і куды

Далёка ня ўсіх былых асуджаных сустракаюць пасьля вызваленьня ля калёніяў іх родныя ды блізкія. Для таго, каб чалавек дабраўся дадому ды пражыў там пару дзён — тэарэтычна да ўладкаваньня на працу — яму набываюць квіток дадому па месцы адседкі і разам зь ім на рукі выдаюць таксама стандартныя для Беларусі сутачныя памерам 3,5 рубля.

Асуджаны вярнуўся дадому. Грошы ўказаныя да нэнамінацыі
Асуджаны вярнуўся дадому. Грошы ўказаныя да нэнамінацыі

За гэтыя грошы можна купіць адзін пакунак булёну «Ролтан», адзін літровы пакунак кефіру «Траецкі», адну бутэльку піва «Аліварыя» — усё па рублі, а таксама нейкую булку за 50 капеек. Гэтулькі ж, як і булка, каштуе адзін праезд у грамадзкім транспарце. А чалавеку ў першыя дні пасьля вызваленьня давядзецца паезьдзіць у розныя канцы не адзін раз, ня кажучы ўжо пра іншыя выдаткі.

У перадачы «Свабода ў турмах» гучала нямала гісторыяў пра вяртаньне былых асуджаных дадому. Так, напрыклад, адзінокі зьняволены Сяргей расказаў, што дабіраўся праз усю краіну зімой з Мазырскай калёніі ў родны Верхнядзьвінск у красоўках ды швэдры.

Яшчэ адзін чалавек з той самай калёніі вызваліўся ў сьнежні ў спартовых штанах і кашулі. На складзе ў яго была свая цёплая вопратка. Але кладаўшчыка на той момант на месцы не было, склад быў зачынены.
Зразумела, можна выйсьці на волю і ў казённым, але ў такім выпадку чалавек з самых першых хвілін рызыкуе натрапіць на вельмі насьцярожанае і недаверлівае стаўленьне з боку практычна кожнага стрэчнага.

Хата, у якую былы асуджаны вярнуўся з турмы
Хата, у якую былы асуджаны вярнуўся з турмы

Кіраўнік аднаго з цэнтраў рэабілітацыі і сацыялізацыі былых зьняволеных расказаў «Свабодзе ў турмах» пра мужчыну, які, вызваліўшыся з Глыбокага, праз адсутнасьць сродкаў пешкі прыйшоў да іх на Горадзеншчыну. Вядома, ня кожны пасьля турмы мае такую матывацыю — дый фізычную сілу.

Але як дабрацца дадому і за што праіснаваць першы час на волі — гэта не адзінае пытаньне. Некаторыя вяртаюцца дадому — і аказваецца, што дома ў іх няма.

Ад Вадзіма Р.

Вадзім Р. з Гомельшчыны сядзеў за кратамі тройчы. Апошнім разам адбываў два з паловай гады ў мазырскай ПК-20:

Вадзім. Вярнуўся з турмы — хаты няма
Вадзім. Вярнуўся з турмы — хаты няма

— Калі мяне судзілі, дом яшчэ стаяў, а калі вярнуўся, дома не было. У сувязі зь перапляніроўкай тэрыторыі, якую праводзілі мясцовыя ўлады перад абласнымі «Дажынкамі», нават і фундамэнту не засталося. Зраўнялі ўсё. Асабліва шкада, што разам з домам закапалі і дарагія мне рэчы: граматы па шахматах, па бегу, падзякі, фоты, дакумэнты. Я знайшоў на пустцы толькі мячык, зь якім гуляў у дзяцінстве. Усё пайшло ў зямлю.

Нейкі час мужчына «бамжаваў на аўтобусным прыпынку», пакуль не прытуліў школьны сябар.

Вадзім зьвяртаўся і ў сельсавет, і ў райвыканкам. Там патлумачылі, што «манэўранага» жыльлёвага фонду ў іх няма, інтэрнату таксама. Адзіная надзея — адміністрацыя прэзыдэнта. Можа, там дапамогуць. Былы асуджаны, дарэчы, Лукашэнку паважае і на чарговых выбарах ізноў будзе галасаваць за яго. «Паглядзіце, як мы няблага жывём, — заўважае хлопец, — а цяжкасьці паўсюль ёсьць».

Вадзім марыць аб тым, што будзе вучыцца, знойдзе жанчыну ды створыць сям’ю. Ён лічыць, што турма яго выправіла.

Каб ня стаць бамжом

У райцэнтры Круглае на Магілёўшчыне былы асуджаны Аляксандар Лапуцін намагаецца ня стаць бамжом. За плячыма ў яго тры «ходкі». За кратамі 38-гадовы мужчына правёў больш за 10 гадоў. Апошні раз яго асудзілі на 12 гадоў, але за добрыя паводзіны пасьля паловы тэрміну зьмянілі калёнію на вольнае пасяленьне. Адбываў яго ў Круглым, дзе працаваў у мясцовым ПМК.

Сюды, а ня ў родны Магілёў, прыйшлося вярнуцца пасьля адбыцьця тэрміну. Справа ў тым, што пакуль Аляксандар быў за кратамі, бацькі памерлі. У бацькоўскую хату яго не пусьцілі. Як сьцьвярджае Аляксандар, гэтага не захацела родная сястра, якая пазьней праз суд выпісала яго з кватэры.

Друць у Круглым. Круглае, 27 лістапада 2017 году
Друць у Круглым. Круглае, 27 лістапада 2017 году

Паводле Аляксандра, праблемаў з працаўладкаваньнем у Круглым не было, бо раней ён «тут працаваў і добра сябе зарэкамэндаваў». Аднак калі б не мясцовая жанчына, якая яго прытуліла, без сумневу, зноў апынуўся б у месцах пазбаўленьня волі. Менавіта дзякуючы ёй стаў больш-менш на ногі. Заняўся індывідуальным прадпрымальніцтвам. Узяў крэдыты, каб закупіць тавар.

Пра праграмы сацыяльнай адаптацыі былых асуджаных Аляксандар чуў яшчэ на зоне, але на пытаньне, ці дапамагалі яму адпаведныя органы, калі ён вызваліўся, адказвае адмоўна. А некаторыя міліцыянты, кажа, дакаралі і жанчыну, якая дала яму прытулак.

Ад Аляксандра Лапуціна

— Нам у турме неаднойчы казалі: «А чаму вы рабуеце, крадзяце, што вас на гэта штурхае? Вось прыйдзіце, вам усе дапамогуць». Мне ніхто не дапамог. Акрамя вось гэтай кабеты. Я не хачу болей у турму. Большасьць людзей выходзяць адтуль, хочуць працаваць, але ж зэк — гэта як кляймо. Я не хачу сказаць, што сярод нашага брата ўсе добрыя, але ж многія з нас ня хочуць сядзець за кратамі.

Аляксандар Лапуцін
Аляксандар Лапуцін

Мужчына лічыць: за доўгі час, праведзены ў турме, асуджаны прызвычайваецца да рэжыму такога жыцьця. Свабода для яго як невядомы сьвет, зь якім трэба яшчэ зжывацца:

— Ты можаш тут нічога не ўчыніць кепскага, але зь цябе зробяць усё роўна ахвярнага казла. Прасьцей за ўсё сьпісаць нешта на зэка. Там, за кратамі, ёсьць нейкія абмежаваньні, рамкі — кожны ведае, што яму можна, а што нельга. Там, праўда, даводзіцца прагінацца, каб выжыць. А на волі вельмі цяжка без падтрымкі. Вось, крый Божа, закрыюць нас, прыватных прадпрымальнікаў. На мне вісіць 65 мільёнаў крэдыту. Дзе мне ўзяць такія грошы? Дзе знайсьці такую працу, каб выплаціць крэдыт? Тым больш, што ў мяне няма свайго жытла, нічога.

Калі чалавеку пасьля вызваленьня «даць жытло, працу — нейкую стабільнасьць — ён болей ня пойдзе назад», перакананы Аляксандар.

— Але ў нас такога няма. Выходзіш — і «на самацёк». Мяне хоць перавялі на пасяленьне, і я змог крыху адаптавацца да свабоды. Уладкаваўся на працу, зарабіў крыху грошай. А вось выпусьцілі б мяне з турмы на волю, дзе б я што ўзяў для таго, каб элемэнтарна пераапрануцца? Тут ты нікому не патрэбны.

«Міліцыі прасьцей ізноў пасадзіць»

Для жыхаркі Круглага Зінаіды Мялешчанкі аповед Аляксандра пра ягонае прывыканьне да свабоды — не навіна. Яна сама выйшла замуж за асуджанага.

Ад Зінаіды Мялешчанкі

З мужам Зінаіда пазнаёмілася празь ліставаньне. Разам ужо 32 гады. Маючы досьвед абыходжаньня з былымі зэкамі, яна дапамагае цяпер іншым — і Аляксандру таксама. На пытаньне, ці дапамагае былым асуджаным міліцыя, Зінаіда Мілешчанка адказвае:

Зінаіда Мялешчанка
Зінаіда Мялешчанка

— Яны не зацікаўленыя ў гэтым. Для іх нават прасьцей чалавека зноў пасадзіць, каб не было праблемаў. Бо гэта ўсё ж няпростая праца — прафіляктыка, гутаркі. А былы зэк — гэта чалавек, які ўжо баіцца міліцыянта і ў любым выпадку не ўспрымае яго як таварыша. У нас у Круглым нават няма псыхалягічнай службы пры міліцыі.

Паводле Зінаіды, адмоўнае стаўленьне міліцыі да былых зэкаў пераносіцца і на тых, хто зь імі побач:

— Я ведаю шмат сем’яў, дзе ёсьць былыя зэкі. Міліцыянты зьневажаюць іх. Тую самую жанчыну, якая прытуліла Сашу, яны лічаць нібыта дурной. А ў нас, калі проста сказаць, і замуж няма за каго выйсьці. Кожны чацьвёрты мужчына — былы зэк альбо сядзіць. А для міліцыі самі зэкі — другі гатунак нашага насельніцтва, а ўсе тыя, хто зь імі мае ўзаеміны, практычна іх саўдзельнікі. Выйсьці замуж за зэка — як учыніць злачынства.

Будынак райвыканкаму ў горадзе Круглае
Будынак райвыканкаму ў горадзе Круглае

​У Круглянскім раёне на 16 тысяч насельніцтва — больш за паўтары тысячы асобаў, якія мелі ці маюць суджанасьць. Больш як шэсьцьсот чалавек лічацца рэцыдывістамі.

У разьдзеле «Зона волі» далей: Ад чаго залежыць сацыяльная адаптацыя. Эміграцыя як шанец пачаць новае жыцьцё. Заходні досьвед.

Замовіць друкаваны асобнік кнігі можна ТУТ.

Папярэднія публікацыі

Зона талентаў

Моўная зона. Мат і «феня»

Моўная зона. Мова турмы — расейская

Зона сустрэч: пра «гэта» і ня толькі

Зона сустрэч: раманы і спатканьні

Агентурная зона

Зона Х. Пажыцьцёвае

Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя

Зона падтрымкі

Наркаманская зона

Палітзона

Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя

Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць

Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

Штрафная зона

Прамзона

Жылая зона

Дзіцячая зона

Жаночая зона

Мужчынская зона

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG