Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: 7 мільёнаў ​​дзяцей у сьвеце пазбаўлены волі


Ілюстрацыйнае фота. Дзеці ў арыштанцкіх робах з Мурманску

Каля 7 мільёнаў дзяцей сёньня пазбаўленыя волі: гэта тыя, хто знаходзіцца ў турмах, цэнтрах утрыманьня мігрантаў ды іншых закрытых установах. Такія зьвесткі прыводзяцца ў новым глябальным дасьледаваньні ААН.

  • Сама меней 410 тысяч дзяцей і падлеткаў знаходзяцца ў турмах або сьледчых ізалятарах, многія зь іх — за прагулы, непаслушэнства і спажываньне алькаголю.
  • Яшчэ мільён утрымліваюць у паліцэйскіх участках.
  • 330 тысяч дзяцей з 80 краінаў сьвету штогод апынаюцца ў цэнтрах затрыманьня мігрантаў.
  • Больш за пяць мільёнаў дзяцей знаходзяцца ў закрытых установах рознага тыпу, гаворыцца ў дасьледаваньні.

Лідэрам у колькасьці дзяцей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, зьяўляюцца ЗША — каля 60 чалавек на 100 тысяч непаўналетніх, цытуе Reuters незалежнага экспэрта Манфрэда Новака, які працуе над дасьледаваньнем. У першую чаргу гэта абумоўлена велізарнай колькасьцю дзяцей, якія знаходзяцца ў цэнтрах для мігрантаў у ЗША. Для параўнаньня, у Заходняй Эўропе гэты ўзровень роўны 5 чалавек на 100 тысяч. За ЗША па колькасьці непаўналетніх у месцах пазбаўленьня волі ідуць Балівія, Батсвана і Шры-Лянка.

Пад варту трапляюць, як правіла, самыя неабароненыя і бяспраўныя — дзеці з самых бедных слаёў насельніцтва, зь ліку рэлігійных меншасьцяў, карэнных народаў, мігрантаў і ўцекачоў, а таксама дзеці-інваліды. Многіх зь іх адабралі ў бацькоў ці бацькі кінулі іх самі, адзначаюць экспэрты.

Апошнім часам расьце колькасьць непаўналетніх, якія трапляюць за краты ў сувязі з узброенымі канфліктамі ці зь меркаваньняў абароны нацыянальнай бясьпекі. У ААН тлумачаць гэта жорсткімі захадамі дзеля барацьбы з тэрарызмам, уключаючы перасьлед дзяцей і падлеткаў за пасты ў сацыяльных сетках.

Як падкрэсьліваецца ў дасьледаваньні, пазбаўленьне волі пагаршае наяўныя праблемы са здароўем і стварае новыя: дэпрэсію, посттраўматычны сындром, думкі пра самагубства. Прычым, як высьветлілі навукоўцы, існуе сувязь паміж утрыманьнем дзяцей пад вартай і іх заўчаснай сьмяротнасьцю пасьля вызваленьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG