Што ня так з расьсьледаваньнем БТ пра «цукровую мафію». ВІДЭА

Фрагмэнт сюжэту зь перадачай хабару

У сюжэце Беларускай тэлевізіі ўсіх дырэктараў буйных цукровых камбінатаў Беларусі, а таксама некалькіх іншых кампаній, абвінавацілі ў карупцыі шляхам продажу ўпакоўкі для цукру. Свабода паглядзела, што з кампаніямі, пра якія ішла гаворка, і ў чым магла быць карупцыйная схэма.

Што сказалі па БТ, коратка:

  • Дробны расейскі бізнэсовец даваў хабар усім чатыром дырэктарам цукровых заводаў.
  • Дырэктары адкрылі ў Беларусі фірму «Еўратарэкс», каб рабіць упакоўку для цукру.
  • Фірма набывала дарагую сыравіну з расейскай фірмы «Полимер».
  • Абедзьве фірмы «не сьвяцілі» свае даходы, а «дзялілі паміж сабой».
  • Злачынную схему пакрываў былы намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Уладзімер Ціхіня.
  • Прыбыткі «цукровых кіраўнікоў» складалі мільёны даляраў, па іх яны езьдзілі ў офіс расейскай кампаніі «Полимер».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хабары на мільёны даляраў і «дах» намесьніка кіраўніка ГУБАЗіК. БТ паказала расьсьледаваньне «Цукровая мафія»

Фірма, якую нібыта стваралі знарок пад «цукровую афэру», дзейнічае 20 гадоў

У сюжэце БТ гаворыцца пра фірму «Еўратарэкс», якую нібыта стварылі ў Беларусі адмыслова пад злачынную схему, пра што ў эфіры расказаў сьледчы Канстанцін Бычак. Згодна зь дзяржаўным рэестрам, гэтая фірма зьявілася 20 гадоў таму. Яе кіраўнік Дзьмітры Сямашка. Свабода засьпела яго на працоўным месцы, у Гарадзеі, дзе зарэгістравана прадпрыемства.

«Пакуль нашая арганізацыя працуе, як і працавала. А ўсё астатняе, думаю, будзе камэнтаваць сьледзтва», — сказаў Дзьмітры Сямашка.

З сайту арганізацыі вынікае, што яна займаецца вытворчасьцю поліпрапіленавых мяхоў, мае дзьве тэхналягічныя лініі, магутнасьці дазваляюць выпускаць да 22 мільёнаў адзінак прадукцыі на год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цукровая справа». Беларусь набывала сыравіну для цукру ў Расеі, хоць мела сваю

У партнэрах арганізацыі прапісаныя ўсе цукровыя заводы і яшчэ з тры дзясяткі розных дзяржаўных і недзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў.

Сыравіну, апроч згаданага ў сюжэце БТ расейскага «Полимера», на прадпрыемства пастаўляюць яшчэ 5 арганізацый, у тым ліку беларускае «Белхім» — адно з самых старых прадпрыемстваў краіны.

«Еўратарэкс» не зьяўляецца дзяржаўным прадпрыемствам, мае сумесную форму ўласнасьці з доляй замежнага капіталу.

Арганізацыя мела некалькі судоў аб вяртаньні грошай зь дзяржаўных прадпрыемстваў, якія не расплаціліся за прадукцыю. Напрыклад, Глыбоцкі камбікормавы завод быў вінен прадпрыемству 24 тысячы рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры з чатырох цукровых камбінатаў, кіраўнікоў якіх нібыта затрымалі, працуюць са стратамі

Рэгулярна «Еўратарэкс» правяралі, у тым ліку Міністэрства падаткаў і збораў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пра парушэньні не паведамляецца.

Расейскі «Полимер», у якога, як паказалі па БТ, куплялі сыравіну па завышаных цэнах, зарэгістраваны ў дзяржаўным рэестры Расеі. Заснавальнік — Сяргей Кананенка, які, паводле БТ, цяпер затрыманы.

Гэтая кампанія чым толькі не займаецца: ад продажу прамысловых хімікатаў да рэклямы, жыльля, фатаграфіі і перакладу.

Зарэгістравана арганізацыя ў цэнтры Масквы.

Даходы яе за 2018 год — 1,6 мільёна даляраў. Але чысты прыбытак 92 тысячы даляраў, ці 5,8 мільёна расейскіх рублёў.

Вэрсіі Лукашэнкі і КДБ разышліся

У сюжэце, які паказалі па БТ, уся схема круціцца вакол упакоўкі для цукру і сыравіны для яе. Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка дагэтуль казаў зусім пра іншую схэму.

«Такога ў Беларусі яшчэ не было, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Што зрабілі гэтыя дзялкі: яны стварылі ў Маскве „пракладку“, гандлёвы дом. Звычайная „пракладка“. Паставілі туды сваіх. З заводаў па заніжаных цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розьніцу хабарамі раздавалі гэтым дырэктарам заводаў», — казаў Лукашэнка перад выхадам сюжэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейскі цукар маглі завозіць, каб пагасіць страты». Пра якую махлярскую схему з цукрам казаў Лукашэнка

Тут вядзецца пра цукар, а не ўпакоўку. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, схема, за якую затрымалі цукровых кіраўнікоў, выглядала так: продаж беларускага цукру ў Расею па заніжаных цэнах, продаж яго там праз кампанію ў Маскве ўжо па высокіх цэнах і пасьля продаж лішку ў Беларусь таксама па высокіх цэнах.

Экспэрты, блізкія да харчовай галіны, казалі Свабодзе, што расейскі цукар маглі завозіць у Беларусь, бо ён таньнейшы, каб пакрыць страты цукровых прадпрыемстваў. Тры з чатырох прадпрыемстваў, кіраўнікоў якіх затрымалі, — стратныя. Расея падвысіла вытворчасьць цукру, цэны на яго ўпалі. А Беларусі папросту няма куды яго прадаваць, бо ўвесь экспарт апошнія гады быў арыентаваны на ўсходнюю суседку.

Што вядома пра «цукровую справу»

КДБ завёў крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 430 «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» ў дачыненьні да адказных асобаў і паводле ч. 2 арт. 431 «Даваньне хабару ў буйным памеры» да бізнэсоўцаў. Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць пакараньне да 15 гадоў.

Расьсьледаваньне працягваецца. Сьледчы Канстанцін Бычак сьцьвярджае, што фігуранты даюць паказаньні з прызнаньнямі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.

Цяпер затрыманыя:

  • дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч,
  • дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалай Пруднік,
  • дырэктар Жабінкаўскага цукровага заводу Віктар Міронаў,
  • дырэктар Скідальскага цукровага заводу Дзьмітры Ягораў,
  • Былы намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй​ Уладзімер Ціхіня,
  • дырэктар Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітры Кірылаў,
  • Заснавальнік расейскай кампаніі «Полимер» Сяргей Кананенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дырэктар у адпачынку, больш нічога ня ведаю». Куды прапалі кіраўнікі цукровых прадпрыемстваў Беларусі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не пішыце пра яго дрэнна, усё адно не паверым». Што ў Гарадзеі кажуць пра зьнікненьне дырэктара цукровага камбінату
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трыццаць сёмы год ці што?» Што кажуць у Скідзелі пра зьнікненьне дырэктара цукровага заводу