Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры з чатырох цукровых камбінатаў, кіраўнікоў якіх нібыта затрымалі, працуюць са стратамі


Скідзельскі цукровы камбінат
Скідзельскі цукровы камбінат

У Беларусі, імаверна, затрымалі кіраўнікоў усіх буйных цукровых камбінатаў Беларусі. Свабода паглядзела, ці эфэктыўна яны працуюць.

Інфармацыя пра затрыманьне дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіла Крыштаповіча зьявілася ў суботу 24 студзеня. Як мяркуецца, ён быў адным з пасажыраў рэйсу «Белавіа» зь Менску ў Мюнхэн, якіх зьнялі з самалёта ў Горадні. Разам з Крыштаповічам у самалёце быў таксама ягоны калега, дырэктар Слуцкага цукровага заводу Мікалай Пруднік. Нібыта таго таксама затрымалі. Няма на працоўным месцы ў панядзелак і дырэктара цукровай фабрыкі ў Жабінцы Віктара Міронава. Пра ягонае затрыманьне паведамляюць мясцовыя СМІ. Кіраўніка цукровага заводу ў Скідзелі Дзьмітрыя Ягорава таксама ў панядзелак на працоўным месцы не аказалася.

Глядзім, у якім становішчы гэтыя прадпрыемствы.

Страты 16,8 мільёна, даўгі на 217 мільёнаў

Гарадзейскі цукровы камбінат, згодна са справаздачай за 2018 год, у «чыстых стратах» на 26,7 мільёна рублёў. На 20 мільёнаў зьменшыўся і ўласны капітал прадпрыемства. Гэта відаць са справаздачы на сайце portal.gov.by.

Скідзельскі цукровы камбінат за 2018 год мае чыстыя страты на 10 мільёнаў рублёў, а за 2017 год меў іх на 18 мільёнаў. Мае да таго ж на 122 мільёны крэдытаў.

Паводле «Эканамічнай газэты», Жабінкаўскі цукровы завод 2018 год завяршыў са стратамі ў 16,8 мільёна пры даўгах у 217 мільёнаў.

І толькі Слуцкі цукроварафінадны камбінат у 2018 годзе спрацаваў у плюс — на 15 мільёнаў рублёў.

Што адбываецца зь беларускім цукрам

Са студзеня па лістапад мінулага году Беларусь экспартавала 252 тысячы тонаў цукру на 102 мільёны даляраў, паведамляе Белстат. У 2018 годзе за такі ж пэрыяд на экспарце цукру Беларусь зарабіла на 62 мільёны даляраў больш. У параўнаньні з 2018 годам найбольш прасеў экспарт цукру ў Расею — у 1,3 раза. Зьнізілася і экспартная цана на цукар, пра што экспэрты казалі яшчэ ў 2018 годзе.

Тады на рынку ЭАЭС назіралася перавытворчасьць цукру, што справакавала рэзкае зьніжэньне цэнаў на яго. Найбольшая перавытворчасьць цукру была ў Расеі. Таму танны расейскі цукар для беларускіх крамаў стаў выгаднейшым за беларускі.

Цукар з Жабінкі
Цукар з Жабінкі

Са студзеня па лістапад 2019 году Беларусь завезла з цукру на 31,5 мільёна даляраў. 93% — з Расеі. У параўнаньні з такім жа пэрыядам у 2018 годзе Беларусь завезла цукру на 19 тысяч тон болей.

Мяркуючы па статыстыцы, цяпер пастаўкі цукру на вонкавы рынак упалі яшчэ болей.

Яшчэ адна праблема для беларускага цукру — гэта закупачныя цэны на сыравіну, цукровыя буракі. Калі ў Расеі гэтыя цэны вызначаюцца згодна з рыначным мэханізмам, то ў Беларусі яны вызначаюцца дзяржавай, якая такім чынам падтрымлівае вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

Раней у праблемах цукровай галіны Беларусі Лукашэнка вінаваціў расейскага бізнэсоўца Аляксандра Ткачова. Падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» ён казаў:

«Вы ведаеце, што гэта адзін з найбуйнейшых сельскагаспадарчых баронаў РФ? У мяне зь ім добрыя адносіны, амаль сяброўскія. Але гэты факт усім вядомы, і вы думаеце, прапусьціць наш цукар, лепшы якасьцю, на тэрыторыю Расеі, калі ён за апошні год сем ці восем заводаў скупіў і вырабляе цукар?» — казаў Лукашэнка.

У 2017 годзе Ткачоў быў кіраўніком Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі і выказваў заклапочанасьць бязмытным імпартам у Расею беларускага і казахскага цукру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG