СМІ: «Лукойл» ўвёў ліміты на куплю паліва на рэгіянальных запраўках

На шэрагу рэгіянальных аўтазаправак «Лукойлу» ўведзены ліміты на куплю паліва. Пра гэта паведамілі карыстальнікі TUT.BY і пацьвердзілі на некаторых АЗС.

Прыкладам, на АЗС № 21 «Лукойлу» ў Берасьці карэспандэнту TUT.BY сказалі, што ўведзена абмежаваньне на куплю дызэлю да 100 літраў у адны рукі. Ліміт датычыцца ўсяго транспарту — і легкавога, і грузавога. «Праблемы з палівам, яго не хапае на ўсе запраўкі», — растлумачылі на АЗС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На Расеі крыжа мы ня ставім». Як Белнафтахім адрэагаваў на прапанову пастаўляць амэрыканскую нафту ў Беларусь

Аналягічную інфармацыю паведамілі на АЗС № 22 «Лукойлу» у Берасьці, а таксама на запраўцы № 17 у Баранавічах.

На запраўках «Лукойлу» у Менску, Бабруйску, Горадні, Салігорску і Віцебску інфармацыю пра абмежаваньні абверглі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белнафтахім»: НПЗ спыняць не плянуем, сыравіны хопіць да канца лютага

Паводле непацьверджанай інфармацыі, беларускім сеткам АЗС, якімі валодаюць расейскія нафтавыя кампаніі, адмаўляюць у пастаўках нафтапрадуктаў з НПЗ у Мазыры і Наваполацку. «Няма нафты — няма бэнзіну», — сказалі суразмоўцы TUT.BY.

У «Белнафтахіме», дадае TUT.BY, не змаглі апэратыўна пацьвердзіць або абвергнуць інфармацыю пра абмежаваньні паставак нафтапрадуктаў.