Каралеўскі манэтны двор Вялікабрытаніі выбіў тры мільёны манэт з наміналам 50 пэнсаў, каб такім чынам адзначыць выхад краіны з Эўразьвязу. Манэта выклікала публічную спрэчку ў краіне, і ня выключана, што спрэчка можа перакінуцца за акіян. У чым справа?
На манэце знаходзіцца надпіс Peace, prosperity and friendship with all nations (Мір, дабрабыт і сяброўства з усімі народамі) з датай 31 студзеня 2020. Надпіс збольшага цытуе словы трэцяга амэрыканскага прэзыдэнта Томаса Джэфэрсана, якія ён выказаў ў 1801 годзе ў сваёй першай прэзыдэнцкай прамове. Надпіс цалкам прыстойны, і ніхто супраць яго зьместу не выступае, ні брытанцы, ні амэрыканцы. Прадметам спрэчкі стала пунктуацыя!
«У манэце Brexit 50p адсутнічае оксфардзкая коска, і манэту павінны байкатаваць усе пісьменныя людзі», — заявіў вядомы брытанскі пісьменьнік Філіп Пулман.
Пулмана падтрымаў рэдактар часопісу Times Literary Supplement Стыг Эйбл, які сказаў, што «адсутнасьць коскі пасьля prosperity забівае мяне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вільня ці Вільнюс? Ці карэктна называць горад традыцыйным беларускім імемЦі варта спрачацца?
Оксфардзкай коскай (Oxford comma) называюць коску перад злучнікам and у вылічэньнях. Паводле адной школы ангельскай пунктуацыі — оксфардзкую коску трэба абавязкова ставіць. То бок, трэба пісаць: I like apples, cherries, and plums. Другая школа лічыць, што коска перад and у вылічэньнях ня ставіцца: I like apples, cherries and plums.
Гэтыя дзьве школы ваююць адна супроць адной дзесяцігодзьдзямі. І жарсьці тут не абы-якія. Калі зьявілася чутка, што аўтары стылістычнага даведніка Оксфардзкага ўнівэрсытэту намераныя выключыць патрабаваньне ўжываньня оксфардзкай коскі, адзін прыхільнік пунктуацыі з оксфардзкай коскай публічна жахнуўся: «Людзі, вы здурэлі? Оксфардзкая коска — гэта тое, што адрозьнівае нас ад жывёлаў!».
Эх, нам бы брытанскія моўныя праблемы… Цікава, як брытанцы рэагавалі б на сытуацыю падобную да беларускай правапіснай дваістасьці: наркамаўка vs тарашкевіца?
Дзеля поўнай карціны трэба адзначыць, што існуе і трэцяя школа ангельскай пунктуацыі, ня вельмі каб ваяўнічая. Гэтая школа цьвердзіць, што оксфардзкую коску трэба ставіць там, дзе яе адсутнасьць магла б выклікаць непаразуменьні. А ў тых выпадках, калі яна не зьмяняе сэнсу выказваньня, можна яе ня ставіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Еж, хоць жыватом стол адапхні! Моўны этыкет госьця і гаспадараОксфардзкая коска і мая жыцьцёвая доля
У сваім жыцьці мне давялося сутыкнуцца з праблемай оксфардзкай коскі двойчы.
Калі ў 1990-х я працаваў перакладчыкам у Варшаве ў амэрыканскай урадавай установе Foreign Broadcast Information Service, стыль-рэдактары строга прытрымліваліся патрабаваньня ставіць оксфардзкую коску.
Калі я прыйшоў працаваць у аналітычную сэкцыю Радыё Вольная Эўропа / Радыё Свабода ў Празе, я стаў пісаў тэксты з оксфардзкай коскай, як мяне навучылі ў Варшаве. Але заўважыў, што мае калегі-аналітыкі — як з ЗША, так і з Англіі — пісалі па-рознаму: хто з оксфардзкай коскай, а хто без. І стыль-рэдактары не зьвярталі ўвагі на гэта — пакідалі, як хто напісаў.
Ангельская мова як пісьмовая ўжываецца ў шмат якіх краінах і не існуе для яе нечага такога, як унівэрсальны звод правапісна-стылістычных нормаў. Розныя ўстановы арыентуюцца на розныя слоўнікі і стылістычныя даведнікі. У Брытаніі наагул прытрымліваюцца таго, што раіць Oxford English Dictionary. У ЗША моўным аўтарытэтам зьяўляецца Merriam-Webster’s Dictionary.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: „Іншамаркі“ і „блізкае замежжа”. Як словы праграмуюць сьветапоглядДобрыя бакі
Спрэчка пра оксфардзкую коску зацятая, але да крайнасьцяў не даходзіць. Пра суды ў англамоўных краінах праз тое, што нехта карыстаецца няправільным правапісам, не чуваць (а мне тут прыгадваецца суд у Беларусі ў 1999 годзе над «Нашай Нівай» за тарашкевіцу). Правапіс і пунктуацыя, так сказаць, не паходзяць ад Бога. Гэта справы грамадзкага кансэнсусу. Як, дарэчы, справа далучэньня да Эўразьвязу. Або справа выхаду зь яго.
Але ў гэтай спрэчцы пра коску, на першы погляд малаважнай і забаўнай, ёсьць свае добрыя бакі.
Спрэчка зьвяртае ўвагу на мову як на агульную каштоўнасьць, якой трэба даражыць, якую трэба ахоўваць, і (ці ня «оксфардзкая коска» перад гэтым «і»?) якой трэба культурна карыстацца ў пісьмовым выглядзе. Аргумэнты за наркамаўкай/тарашкевіцай у беларускай прасторы выконваюць падобную ролю.
Па-другое, публічная моўная спрэчка, у адрозьненьне ад судовай, будуе і мацуе шырэйшае пачуцьцё прыналежнасьці да чалавечай грамады і да нечага, што можам назваць культурай ці нават цывілізацыяй (або, як выказаўся згаданы вышэй прыхільнік оксфардзкай коскі, да нечага, што «адрозьнівае нас ад жывёлаў»).
Ну і па-трэцяе, спрэчка пра оксфардзкую коску — неблагі аргумэнт за тым, каб пастарацца прыдбаць сабе гэтую памятную «Brexit-манэту».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.