Экс-кіраўнік Магілёўшчыны хоча спагнаць са СМІ 5,2 мільёна эўра

Пётар Руднік

Дырэктар «Магілёўхімвалакна» і былы кіраўнік адміністрацыі Магілёўскай вобласьці Пётар Руднік абурыўся непраўдзівай інфармацыяй пра сваё затрыманьне і ідзе ў суд.

24 студзеня шэраг СМІ апублікавалі інфармацыю пра незвычайнае вяртаньне самалёта авіякампаніі «Белавія», які ляцеў зь Менску ў Мюнхэн. Борт вярнулі ў Горадню, дзе, паводле папярэдняй вэрсіі, з самалёта папрасілі выйсьці людзей з прозьвішчамі Крыштаповіч і Руднік. Пазьней некаторыя журналісты ідэнтыфікавалі іх як дырэктара цукровага камбінату ў Гарадзеі Міхаіла Крыштаповіча і дырэктара «Магілёўхімвалакна» Пятра Рудніка.

Больш канкрэтная інфармацыя пра здарэньне зьявілася толькі ў панядзелак, 27 чысла. Аказалася, што сярод зьнятых з авіярэйсу сапраўды быў дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч. А вось замест Пятра Рудніка гэтым жа самалётам ляцеў, хутчэй за ўсё, дырэктар Слуцкага цукровага камбінату Мікалай Пруднік. Афіцыйнай інфармацыі пра яго затрыманьне пакуль няма. На прадпрыемстве кажуць, што дырэктар у адпачынку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дырэктар у адпачынку, больш нічога ня ведаю». Куды прапалі кіраўнікі цукровых прадпрыемстваў Беларусі?

Тым часам дырэктара «Магілёўхімвалакна», былога магілёўскага абласнога начальніка Пятра Рудніка публікацыі пра яго магчымае затрыманьне ў Горадні абурылі. Як сказаў Свабодзе яго намесьнік па ідэалягічнай працы Віталь Зянькоў, начальнік распарадзіўся зьвярнуцца ў суд з пазовам на 5,2 мільёна эўра.

«Пётар Міхайлавіч абураны гэтымі публікацыямі, — сказаў Свабодзе Зянькоў. — Цяпер наша служба бясьпекі працуе над зборам публікацый зь імем Пятра Міхайлавіча. Мы маем намер зьвярнуцца ў суд з пазовам да ўсіх СМІ, якія апублікавалі гэта.

Пётар Міхайлавіч сказаў, што яму асабіста ад СМІ нічога ня трэба, а вось для прадпрыемства хай аплацяць другую чаргу мадэрнізацыі. Будзе такі першы ўзнос. Распаўсюдзілі неправераную і ілжывую інфармацыю пра нашага кіраўніка і наша прадпрыемства. Ідэя спагнаць грошы належыць асабіста Пятру Міхайлавічу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры з чатырох цукровых камбінатаў, кіраўнікоў якіх нібыта затрымалі, працуюць са стратамі