У Воршы бізнэсовец купіў участак пад новы музэй Караткевіча ля дома пісьменьніка

Уладзімер Караткевіч у маладосьці

Бізнэсовец Андрэй Балабін, які раней выкупіў у Воршы дом, дзе некалькі гадоў жыў пісьменьнік Уладзімер Караткевіч, цяпер купіў і ўчастак ля гэтага дому. На ўчастку ён плянуе зрабіць асобны будынак пад новы музэй Караткевіча, піша БелТА.

Дом у Воршы, дзе школьнікам (у 1956–58-м) жыў пісьменьнік Уладзімер Караткевіч, гаспадары выставілі на продаж у 2018 годзе. Уласьнік сеткі крамаў «Пяты элемэнт» і салёнаў сувязі «Алло» Андрэй Балабін выкупіў будынак і казаў, што хоча рэканструяваць дом, вярнуць яму гістарычнае аблічча і перадаць гораду ў якасьці музэю ў 2020 годзе.

Цяпер пляны зьмяніліся.

Хата зь мэмарыяльнай шыльдай, 2018 год

Балабін мяркуе, што дом, дзе жыў Караткевіч, надта малы для «паўнавартаснага музэю». Таму гэты будынак проста «прывядуць у парадак», але «захаваюць аўтэнтычнасьць і атмасфэру», зробяць часткай экспазыцыі. А ўжо ў новым будынку Балабін абяцае «зручны, інтэрактыўны музэй».

У першай палове 2020 году бізнэсовец хоча вынесьці праект на грамадзкае абмеркаваньне, гатовы выслухаць прапановы. Магчыма, кажа ён, праект атрымаецца рэалізаваць у 2021 годзе.

Гісторыя хаты на колішняй вуліцы Касманаўтаў, перайменаванай напрыканцы 1980-х у вуліцу Караткевіча, налічвае не адзін дзясятак гадоў. Яна зьявілася тут у пасьляваенным 1946 годзе. Грошай на будаўніцтва ў бацькоў пісьменьніка не было, і яны набылі хату ў вёсцы ды перавезьлі ў Воршу. Уладзімер Караткевіч жыў у ёй у школьныя гады да пераезду ў Кіеў на навучаньне, а таксама ў час працы ў школе. Пасьля, у 1956-58-м, заяжджаў туды ў госьці да бацькоў, пераважна ўлетку, туды ж вярнуўся і за паўгода да сьмерці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 незвычайных фактаў пра Ўладзімера Караткевіча