Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-5 мясьцін у Воршы, зьвязаных з імем Уладзімера Караткевіча


Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Воршы
Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Воршы

26-га лістапада — дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча, беларускага пісьменьніка, паэта, драматурга. Ён нарадзіўся ў 1930-м годзе ў Воршы, і ў ягоным родным горадзе бадай як нідзе больш шануюць памяць славутага земляка.

1. Музэй Уладзімера Караткевіча

Уладзімер Караткевіч прыйшоў на гэты сьвет у радзільні, будынак якой праз гады стаў ягоным мэмарыяльным музэем. Апрача гэтага, дом № 26 на вуліцы Леніна зьяўляецца помнікам архітэктуры канца XIX — пачатку XX стагодзьдзя.

Першых наведнікаў музэй прыняў у 2000 годзе, аднак яшчэ ў канцы 1980-х настаўніца Лілія Радомская стварыла невялікую экспазыцыю, прысьвечаную пісьменьніку-земляку, у сярэдняй школе № 3.

Сёньня Аршанскі музэй Караткевіча мае сталую экспазыцыю, прысьвечаную жыцьцю і творчасьці пісьменьніка, на другім паверсе месьціцца мастацкая галерэя. Напярэдадні чарговых угодкаў у музэі заўжды ладзяць імпрэзы для школьнікаў.

2. Школа № 3

У гэты будынак пайшоў вучыцца Караткевіч-першаклясьнік
У гэты будынак пайшоў вучыцца Караткевіч-першаклясьнік

Гэта першая школа ў жыцьці Ўладзімера Караткевіча. Пазьней у Воршы іх будзе яшчэ некалькі: у розных школах горада ён і вучыўся і настаўнічаў пасьля сканчэньне філялягічнага аддзяленьня Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Зараз у будынку, куды пайшоў вучыцца Караткевіч-першаклясьнік, месьціцца дапаможная школа. А сярэдняй школай № 3 завецца новы корпус, збудаваны побач. У фае ёсьць шыльда, якая нагадвае пра тое, што першыя школьныя гады пісьменьніка прайшлі менавіта тут.

Школьнае навучаньне перарвала вайна, і сканчваў Уладзімер Караткевіч ужо іншую школу — № 5. Але пра гэта ў школе няма аніякай адзнакі. Па сканчэньні ўнівэрсытэту ў Кіеве, у 1956 годзе Ўладзімер Караткевіч вярнуўся на радзіму і працаваў настаўнікам у школе № 8, і каля ўваходу ў будынак пра гэта інфармуе адмысловая шыльда.

У двары сярэдняй школы № 3
У двары сярэдняй школы № 3

У пачатку 1990-х школе № 3 было нададзена імя Ўладзімера Караткевіча, аднак зараз пра гэта нідзе не згадваецца, у тым ліку і на афіцыйным сайце навучальнай установы. Імя пісьменьніка-земляка нададзена таксама Аршанскай дзіцячай бібліятэцы.

​3. Помнік Уладзімеру Караткевічу​

Помнік Караткевічу ў Воршы, архіўнае фота
Помнік Караткевічу ў Воршы, архіўнае фота

Помнік Уладзіміру Караткевічу знаходзіцца ў парку на беразе Дняпра. Ён быў урачыста адкрыты 27 чэрвеня 1992 года, калі ў Воршы адзначалі 925-я ўгодкі гораду. Скульптар Ігар Голубеў увасобіў вобраз маладога Караткевіча, а таксама мэтафарычныя вобразы герояў ягоных твораў.

Яшчэ адзін элемэнт — два вянцы пад падаконьнік, мусіў падкрэсьліваць невыпадковасьць абранага для помніка месца: першапачаткова помнік быў пастаўлены прыблізна там, дзе стаяла хата, у якой да Вялікай Айчыннай вайны жыла сям’я Караткевічаў. У час вайны хата згарэла.

Калі помнік прастаяў ужо 16 год, падчас падрыхтоўкі да «Дажынак-2008», якія праходзілі ў Воршы, гарадзкім уладам раптам закарцела збудаваць у гэтым месцы грамадзкую прыбіральню. Выбухнуў скандал, і пасьля пратэстаў з боку гарадзкой інтэлігенцыі, абуранай недапушчальнасьцю такога суседзтва, помнік вырашылі перасунуць.

Цяпер ён стаіць побач са скульптурнымі фігуркамі казачных герояў, бо да «Дажынак −2008» парк ператварылі ў дзіцячы, паставіўшы тут розныя атракцыёны ды іншыя забаўкі. Тым ня менш, аршанцы любяць гэты помнік, дзе на шыльдзе — цытата зь верша, прысьвечанага роднаму гораду:

Тут нарадзіліся думкі,
Воля, імкненьні, жаданьні,
Тут стаў я сынам краіны,
Абпален яе агнём...
Таму і люблю я Оршу
Першым вялікім каханьнем,
Якое ня зьнікне, пэўна,
Нават з маім жыцьцём.

Штогод у дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча каля помніка праходзяць літаратурныя чытаньні з удзелам мясцовых паэтаў і пісьменьнікаў і вучняў бліжэйшых школ.

4. Вуліца імя Ўладзімера Караткевіча

Шыльда і гарэльеф у пачатку вуліцы Караткевіча
Шыльда і гарэльеф у пачатку вуліцы Караткевіча

​Імя славутага пісьменьніка-земляка гэтай вуліцы ў Воршы надалі ў першыя гады беларускай незалежнасьці. Да 1990-х гэта была вуліца Касманаўтаў, вядомая ў горадзе найперш двума аб’ектамі — піўзаводам і радзільняй.​

Прыхільнікі творчасьці Караткевіча з усёй Беларусі зьвярталіся да гарадзкіх уладаў з просьбай аб перайменаваньні — бо касманаўты маюць дачыненьне да гэтых мясьцін толькі таму, што «яны над Воршай праляталі», як сказаў адзін з тагачасных чыноўнікаў.

Урэшце перайменаваньне адбылося, і ў пачатку вуліцы — на скрыжаваньні з вуліцай Леніна — зьявілася мэмарыяльная шыльда з палічкай для кветак. А крыху пазьней — гарэльеф аўтарства талачынскага скульптара Юрыя Палякова.

Улетку 2014 году шыльда і гарэльеф раптоўна зьніклі. Як высьветлілася, іх загадаў зьняць мясцовы прадпрымальнік Уладзімер Панасенка, уладальнік адміністрацыйнага будынку былога піўзаводу (прадпрыемства ўжо даўно збанкрутавала і было зачынена). Будынак ён здаваў у арэнду: на той час у ім мясьціўся банк, а сёньня — клініка «СІНЭВО».

Доўгі час прадпрымальнік не даваў канкрэтнага адказу на патрабаваньне вярнуць адзнакі памяці пра Караткевіча на належнае месца. Аднак зрабіў гэта пад ціскам грамадзкага меркаваньня, адрэстаўраваўшы шыльду і гарэльеф. У пачатку верасьня 2014 году ўсё вярнулася на свае месцы.

5. Хата, дзе пісьменьнік жыў у 1956-1958 гадах

​Уладзімер Караткевіч жыў тут у 1956-58 гадах, пра гэта нагадвае драўляная шыльда на сьцяне. Менавіта тут, паводле біяграфічных зьвестак, ён пісаў першы варыянт аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха», аповесьць «У сьнягах драмае вясна», шмат вершаў.

Паводле ўспамінаў сваякоў, творчы працэс адбываўся нават ня ў хаце, а на гарышчы ў сарайчыку, які дагэтуль стаіць у двары.​

Зьлева — сарайчык, дзе Караткевіч пісаў «Дзікае паляваньне караля Стаха»
Зьлева — сарайчык, дзе Караткевіч пісаў «Дзікае паляваньне караля Стаха»

Драўляны аднапавярховы дамок на былой вуліцы Касманаўтаў (цяпер вуліца імя Караткевіча) зьявіўся ў пасьляваенным 1946 годзе. Грошай на будаўніцтва ў бацькоў пісьменьніка не было, і яны набылі хату ў вёсцы ды перавезьлі ў Воршу.

Да апошняга часу дом зьмяніў некалькі гаспадароў, гэта былі далёкія сваякі пісьменьніка, якія з задавальненьнем запрашалі на падворак экскурсантаў і гасьцей горада. Апошні гасьцінны гаспадар Юрый Барабаш памёр 2 лютага 2015 году. Ён ня быў прамым нашчадкам Караткевічаў — шмат гадоў таму ён ажаніўся зь дзяўчынай, якой апекаваліся бацькі пісьменьніка. Падчас мінулай вайны Раіса страціла сваякоў, і Караткевічы прынялі яе ў сваю сям’ю. Уладзімер Караткевіч і Раіса вырасьлі разам, а потым яна засталася жыць гэтай хаце.

Вуліца Караткеіча ў Воршы, архіўнае фота
Вуліца Караткеіча ў Воршы, архіўнае фота

Раіса Барабаш памерла раней, а яе муж Юрый да апошніх сваіх дзён даглядаў «караткевіцкі» дом і падворак, на якім дасюль расьце груша, што памятае маладога Ўладзімера Караткевіча.
Далейшы лёс будынку пакуль няясны: у Юрыя Барабаша засталася дачка, якая жыве ва Ўкраіне, і аршанская маёмасьць цяпер здаецца ў арэнду іншым людзям.

Аршанскія ўлады не прадпрымаюць ніякіх спробаў, каб выкупіць гэты будынак і мэмаралізаваць. Аршанскія актывісты некалькі гадоў таму зьбіраліся выкупіць гэтую хату, каб зрабіць тут культурніцкі цэнтар. Але сваякі запрасілі надта вялікую суму грошай, сабраць якую шляхам ахвяраваньняў пакуль што нерэальна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG