Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рагачове можа зьявіцца помнік пэрсанажу Караткевіча. Улады ня супраць і музэю


Шыльда на помніку каля дому ў Рагачове, дзе пісаў Караткевіч.

25 ліпеня спаўняецца 35 гадоў з дня сьмерці культавага беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. Рагачоўскі краязнавец Андрэй Чарняўскі расказаў пра пляны паставіць у горадзе помнік герою аповесьці «Ладзьдзя роспачы» Гервасію Выліваху і стварыць у доме, дзе пісаў Караткевіч і дзе цяпер жывуць яго сваякі, музэй.

Сьцісла

  • Улады разам з актывістамі вырашылі зрабіць Караткевіча брэндам Рагачова
  • У горадзе і яго ваколіцах з 2010 году існуе чатыры мэмарыялы, зьвязаныя з памяцьцю Караткевіча, сваякамі і пэрсанажамі яго твораў
  • Аддзел ідэалёгіі райвыканкаму разглядае магчымасьць усталяваньня ў Рагачове помніка Гервасію Выліваху — герою аповесьці Караткевіча «Ладзьдзя роспачы»
  • Вядуцца размовы і пра стварэньне музэю Караткевіча ў доме, дзе ён пісаў і дзе цяпер жывуць сваякі пісьменьнікаў
  • І ўлады, і краязнаўцы, і сваякі ня супраць стварэньня музэю. Сваякі хацелі б пераехаць з дому

— Вы адзін з тых рагачоўскіх актывістаў, хто вырашыў зрабіць Караткевіча і яго творчасьць галоўным брэндам Рагачова. Наколькі гэта ўдаецца? Вы маеце падтрымку ўладаў? Магчыма ёсьць нейкія перашкоды?

Андрэй Чарняўскі
Андрэй Чарняўскі

— Ніякіх перашкодаў з боку ўлады няма. Наадварот, ёсьць дапамога. І помнік у Азярышчах, і помнік каля дому, дзе падоўгу жыў і пісаў Уладзімер Караткевіч, дапамог у свой час рабіць аддзел ідэалёгіі райвыканкаму.

Вось літаральна пасьля прыезду групы пісьменьнікаў у Рагачоў 9 ліпеня сёлета, калі была выяўлена апіска на шыльдзе ў Азярышчах, мы дамовіліся з аддзелам ідэалёгіі на пераробку. Яны ўжо тую шыльду з памятнага каменя забралі, і неўзабаве яна зьявіцца на сваім месцы ўжо без памылак. Будзе выраблена новая шыльда, без апісак.

— Камяні каля дому Караткевіча ў Рагачове і ў Азярышчах, на месцы, дзе «груша цьвіла апошні год», зьявіліся ў 2010 годзе, а крыж і камень Антону Грыневічу каля могілак у Рагачове — у 2016 годзе. На якія сродкі гэта рабілася?

— Толькі на помнік бабулі Караткевіча на могілках зьбіралі па ўсёй Беларусі. На крыж Грыневічу грошы зьбіралі рагачоўскія краязнаўцы. А вось камень і шыльду ў Азярышчах і помнік каля дому Караткевіча дапамагаў рабіць райвыканкам.

— Ці працуе брэнд Караткевіча ў Рагачове? Ці прыяжджаюць людзі ў караткевіцкія мясьціны вашага гораду і яго ваколіцы?

— Так, людзі пачалі ехаць пасьля 2010 году. Тады Рагачоў быў прапіяраны на ўсю Беларусь у сувязі з тым, што тут пачало нешта рабіцца. І вуліца была перайменавана, і помнік каля дому паставілі. На гэты наш праект «Караткевіч і Рагачоў» адгукнулася шмат людзей і творцаў. Напрыклад, дзякуючы Ўладзімеру Арлову і Глебу Лабадзенку шмат экскурсій прыехала ў Рагачоў.

Помнік каля дому ў Рагачове, дзе пісаў Караткевіч
Помнік каля дому ў Рагачове, дзе пісаў Караткевіч

— Якія далейшыя пляны маеце? Як зьбіраецеся пашыраць караткевіцкую справу ў Рагачове, каб горад стаў адным з пунктаў, куды аматары творчасьці Караткевіча могуць прыяжджаць?

— Зноў жа пасьля прыезду 9 ліпеня групы пісьменьнікаў у Рагачоў мне тэлефанавала супрацоўніца аддзелу ідэалёгіі райвыканкаму і кансультавалася наконт пастаноўкі ў нашым горадзе помніка Гервасію Выліваху — герою «Ладзьдзі роспачы».

У нас ёсьць такая ідэя — паставіць помнік або гарадзкую скульптуру гэтаму сярэднявечнаму пэрсанажу. Гэта было б вельмі добра для гораду. Гэта вельмі цікавы пэрсанаж.

Мы таксама хацелі б, каб маршрут «Рагачоў — Азярышча» быў уключаны турфірмамі ў агльнанацыянальныя турыстычныя маршруты. Каб ня толькі знаўцы Караткевіча, але і людзі з усёй Беларусі прыяжджалі ў Рагачоў.

Пакой і стол, за якім пісаў Караткевіч у Рагачове.
Пакой і стол, за якім пісаў Караткевіч у Рагачове.

— Чаму вы выбралі Гервасія Выліваху?

— Таму што «Ладзьдзя роспачы» — гэта твор пра Рагачоў і рагачоўцаў. Гэты твор павінен быць настольнай кнігай усіх рагачоўцаў. І быт, і норавы, і характары, і прозьвішчы, і помнікі культуры, згаданыя Караткевічам у аповесьці — царква і манастыр — усё гэта ёсьць у Рагачове і пад Рагачовам.

Гэтая кніга — значны літаратурны і культурны помнік Рагачову. Гэта ўвасабленьне памяці пра людзей Рагачова і пра сам Рагачоў. Я думаю, што гэтую кнігу павінен прачытаць кожны рагачовец.

Крыж Тамашу Грыневічу, продку Караткевіча, у Рагачове.
Крыж Тамашу Грыневічу, продку Караткевіча, у Рагачове.

— Які лёс дому, дзе пісаў свае творы Караткевіч? Што зь ім будзе далей? Цяпер ён знаходзіцца ў дрэнным стане.

— Магчыма, там зьявіцца музэй Караткевіча. А можа быць, гэты дом стане культурным асяродкам, клюбоўняй для жыхароў і гасьцей Рагачова.

— Якія патэнцыйныя магчымасьці для гэтага ёсьць? Вы ўжо заводзілі размовы пра музэй з уладамі?

— Вядома, вось і на днях я таксама размаўляў пра гэта. Але зрабіць музэй складана. Патрэбныя вялікія сродкі. Трэба перасяліць сям’ю сваякоў Караткевіча з трох чалавек, якая там цяпер жыве. Яны, дарэчы, ня супраць пераехаць у іншае, больш уладкаванае жытло.

Аддзел ідэалёгіі таксама ня супраць музэю. Яны ўжо і ў Гомель з гэтай нагоды зьвярталіся. На жаль, і рамонт будынка, і адзінка нейкага адказнага супрацоўніка музэю патрабуюць немалых сродкаў. Але ніхто ня супраць, каб быў музэй.

Так што гаворкі пра гэта вядуцца. Мы спадзяемся.

Камень з цытатай з «Каласоў пад сярпом тваім» у Азярышчах пад Рагачовам.
Камень з цытатай з «Каласоў пад сярпом тваім» у Азярышчах пад Рагачовам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG