Абхаскі парлямэнт заклікаў прэзыдэнта самаабвешчанай рэспублікі пайсьці ў адстаўку

Галасаваньне за адстаўку прэзыдэнта самаабвешчанай рэспублікі Абхазія, Сухумі 9 студзеня 2020 году.

Парлямэнт самаабвешчанай рэспублікі Абхазія прыняў пастанову з заклікам да прэзыдэнта Раўля Хаджымбы падаць у адстаўку ў сувязі са складаным грамадзка-палітычным становішчам, каб пазьбегнуць далейшай дэстабілізацыі ў грамадзтве.

Раней 9 студзеня ўдзельнікі апазыцыйнага мітынгу захапілі будынак адміністрацыі прэзыдэнта. Яны запатрабавалі адмены вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў верасьні. На іх з перавагай у паўтара працэнта галасоў перамог дзейны прэзыдэнт рэспублікі. Яго супернік апазыцыянэр Алхас Квіцінія заявіў, што не прызнае перамогу Хаджымбы і будзе аспрэчваць вынікі падліку галасоў. Пазоў быў адхілены судом. 9 студзеня гэтае рашэньне павінна было аспрэчвацца ў Вярхоўным судзе рэспублікі, але пасяджэньне перанесьлі на нявызначаны тэрмін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абхаская апазыцыя працягвае штурм адміністрацыі прэзыдэнта

Улады самаабвешчанай рэспублікі называлі акцыю пратэсту спробай дзяржаўнага перавароту. Хаджымба зьвярнуўся з заклікам захоўваць спакой і заявіў пра гатоўнасьць увесьці надзвычайнае становішча.