Расейскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Sputnik заявіла, што з 1 студзеня спыняе сваю дзейнасьць у Эстоніі. Перад гэтым 35 яго работнікаў звольніліся пад пагрозай крымінальнага перасьледу.
«Эстонская паліцыя і памежная служба высунулі кожнаму з нас ультыматум. Або мы скасоўваем працоўныя дамовы… і больш не працуем на Sputnik у Эстоніі, або яны адкрываюць крымінальныя справы супраць нас», — гаворыцца ў заяве агенцтва.
У сьнежні ўлады папярэдзілі эстонскі Sputnik, што яго работнікі могуць трапіць пад крымінальную адказнасьць праз санкцыі Эўразьвязу супраць Расеі.
Sputnik у Эстоніі публікаваў свае матэрыялы на расейскай і эстонскай мовах. Яго кантралюе расейская дзяржаўная мэдыякампанія «Россия сегодня», да якой таксама адносяцца тэлеканал RT (вядомы як Russia Today) і агенцтва «РИА Новости».
У 2014 годзе супраць кіраўніцтва «России сегодня» ўвялі пэрсанальныя санкцыі Эўразьвязу. У тым ліку супраць гендырэктара Дзьмітрыя Кісялёва.
Прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ ў сьнежні заклікаў Эстонію ўстрымацца ад абмежаваньняў працы замежных СМІ праз пэрсанальныя санкцыі супраць Кісялёва.
У МЗС Эстоніі раней заяўлялі, што лічаць работнікаў Sputnikʼа не журналістамі ў тым сэнсе, у якім гэтае слова разумеюць у вольным сьвеце, а прапагандыстамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хто стаіць за парталам RuBaltic.ru, які назваў блогера NEXTA «беларускім Навальным»?ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Полацку побач з Сафійскім саборам разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Гісторыкі абураюццаГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прарасейскія сілы абяцалі мітынг у падтрымку інтэграцыі. Вось як ён прайшоў. ФАТАФАКТ