Лукашэнка скасаваў абавязак мець у машыне талён да правоў і сэртыфікат тэхагляду

Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў 30 сьнежня ўказ аб карэктаваньні сьпісу адміністрацыйных працэдураў. Тэкст указу яшчэ не апублікаваны, але некаторыя дэталі вядомыя з камэнтару прэс-службы Лукашэнкі.

Указ скасоўвае неабходнасьць афармляць да правоў кіроўцы дадатковы талён, у які ставілі пазнакі аб парушэньнях правілаў, а таксама сэртыфікат аб праходжаньні тэхагляду (сама неабходнасьць праходзіць тэхагляд, як вынікае з паведамленьні прэс-службы, застаецца).

Таксама ўказ рэглямэнтуе працэдуру выдачы міжнароднага пасьведчаньня кіроўцы. Зь нядаўняга адказу МУС на сайце Petitions.by вядома, што нават такое пасьведчаньне ня будзе лічыцца ў Беларусі пасьведчаньнем асобы (роўным пашпарту).

Законапраект аб скасаваньні талёнаў да правоў кіроўцы разглядалі прынамсі з 2017 году, а выдаваць міжнародныя пасьведчаньні кіроўцы зьбіраліся яшчэ з 2016 году.

Акрамя таго, указ:

  • скарачае тэрміны пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу палепшыць жыльлёвыя ўмовы;
  • прызнаньне жылога памяшканьня не адпаведным тэхнічным і санітарным нормам робіць бестэрміновым (цяпер рашэньне дзейнічае 6 месяцаў);
  • спрашчае пастаноўку грамадзянаў на консульскі ўлік;
  • скасоўвае плату за электронную рэгістрацыю часовага знаходжаньня іншаземцаў у Беларусі;
  • пры шэрагу працэдураў у падатковых органах дазваляе грамадзянам замест пашпарту падаваць яго копію — гэта ў сваю чаргу дазволіць падаваць пэўныя заявы ў пісьмовым або электронным выглядзе без асабістай прысутнасьці;
  • замест копіі рашэньня суду аб усынаўленьні можна будзе падаваць выпіску з адпаведнага дакумэнту;
  • уводзіць «новыя адміністрацыйныя працэдуры, неабходныя для рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў, выключаюцца працэдуры, што страцілі сваю актуальнасьць, напрыклад, па выдачы рашэньняў аб прыватызацыі жылых памяшканьняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плаціць давядзецца больш. Што новага чакае беларусаў у 2020-м?