Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўхваліў будаўніцтва 32-га лядовага палацу ў Беларусі


Вучэбна-трэніровачны цэнтар БелАЭС у Астраўцы

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім зацьвердзіў дзяржаўную інвэстыцыйную праграму на 2020 год, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба. Як вынікае з указу, у Беларусі, сярод іншага, зьявіцца чарговы лядовы палац.

Агулам на фінансаваньне 107 аб’ектаў у Беларусі плянуюць накіраваць 580 мільёнаў беларускіх рублёў, зь іх 177 мільёнаў — дзяржаўных капітальных укладаньняў, 134 мільёны — з сродкаў рэзэрвовага фонду прэзыдэнта, 105 мільёнаў — з сродкаў дзяржаўнага мэтавага фонду нацыянальнага разьвіцьця.

Асаблівая ўвага ў інвэстыцыйнай праграме надаецца Астраўцу — «гораду атамнікаў». У наступным 2020 годзе тут маюць увесьці ў эксплюатацыю Беларускую АЭС: пуск першага энергаблёку заплянаваны на студзень 2020 году.

Указ зацьвердзіў фінансаваньне «стратэгічных» аб’ектаў у раённым цэнтры: аўтавакзалу, лякарні, цэнтру творчасьці моладзі, а таксама крытай лядовай пляцоўкі.

У Беларусі цяпер функцыянуе 31 лядовы палац — іх пералік ёсьць на сайце Фэдэрацыі хакею Беларусі. У 1990-х Аляксандар Лукашэнка, які захапіўся хакеем і стаў капітанам «наймацнейшай аматарскай каманды сьвету» (так сьцьвярджае дзяржаўная прапаганда), пачаў «палацавы пераварот». Па ўсёй Беларусі пачалі расьці лядовыя арэны, да іх у нагрузку прыкладаліся хакейныя клюбы.

Лядовы палац у Маладэчне
Лядовы палац у Маладэчне

Вялізныя выдаткі на ўтрыманьне дарагіх аб’ектаў ляглі на балянсы мясцовых уладаў — і адпаведна на рэгіянальныя бюджэты. У той жа час бальшыня лядовых палацаў у Беларусі не акупляецца: не кампэнсуецца нават палова сродкаў на ўтрыманьне.

Тым ня менш, згодна з праграмай разьвіцьця хакею ў Беларусі, агульная колькасьць стацыянарных пляцовак павінна дасягнуць паўсотні. На гэты момант іх колькасьць перасягнула толькі тры дзясяткі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG