Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палацавы пераварот». Навошта Беларусі нерэнтабэльныя лядовыя арэны


Ідэоляг пабудовы лядовых палацаў у Беларусі Аляксандар Лукашэнка

29 красавіка ў Нур-Султане, нованазванай сталіцы Казахстану, стартуе чэмпіянат сьвету ў хакеі ў групе «А» першага дывізіёну. Летась празь няўдалую гульню зборная Беларусі пакінула групу мацнейшых і паспрабуе зноў вярнуцца ў эліту. Сапернікі — каманды Літвы, Вугоршчыны, Славеніі, Паўднёвай Карэі і Казахстану.

Чаму Беларусь, дзе хакей на дзяржаўным узроўні прызнаны спортам № 1, скацілася на пазыцыю аўтсайдэра? І ці апраўданыя шматмільённыя бюджэтныя ўкладаньні ў хакейную інфраструктуру?

Тры дзясяткі арэнаў пры Лукашэнку

У Беларусі функцыянуе 31 лядовы палац — іх пералік ёсьць на сайце Фэдэрацыі хакею Беларусі. У 1990-х Аляксандар Лукашэнка, які захапіўся хакеем і стаў капітанам «наймацнейшай аматарскай каманды сьвету» (так сьцьвярджае дзяржаўная прапаганда), распачаў «палацавы пераварот». Па ўсёй Беларусі пачалі расьці лядовыя арэны, да іх нагрузкай прыкладаліся хакейныя клюбы.

Вялізныя выдаткі на ўтрыманьне дарагіх аб’ектаў ляглі на балянсы мясцовых уладаў — і, адпаведна, на бюджэт.

Спартовы комплекс «Бабруйск-арэна»
Спартовы комплекс «Бабруйск-арэна»

Найбольш арэнаў у Менску і на Берасьцейшчыне — па 8, хоць паўднёвы рэгіён заўсёды меў схільнасьць да футболу. Далей ідуць Менская вобласьць (5), Магілёўская (4), Віцебская і Гомельская (па 3), Горадзенская (2).

Самая стары штучны лёд — у менскім Палацы спорту, які ня так даўно адзначыў сваё 50-годзьдзе. У сярэдзіне 1970-х кампанію яму склалі Палац спорту і культуры ў Наваполацку і крыты каток хакейнага клюбу «Юнацтва». Адрасы навабудаў — Ворша (2013), менскія Чыжоўка (2014), Малінаўка (2014), Шклоў (2016), Дразды (2019).

Палацы розьняцца маштабамі. Так, каток у Раўбічах умяшчае паўтары сотні гледачоў, у Шклове — 315, у Бярозе — 570, у Івацэвічах — 790, у Лідзе — 1000. Ня лічачы «Менск-Арэны» (15000) і «Чыжоўкі» (9000), да «гігантаў» з нацяжкай можна аднесьці арэны ў Бабруйску (7000), Воршы (3500), Магілёве (3000).

«Менск-арэна» зьмяшчае больш за 15 тысяч чалавек
«Менск-арэна» зьмяшчае больш за 15 тысяч чалавек

Сёлета на менскім праспэкце Пераможцаў побач з кварталам элітнай забудовы ў Драздах зьявілася мадэрновая пляцоўка, дзе прапісалася зборная Аляксандра Лукашэнкі і трэніруюцца каманды аматарскай лігі пад эгідай Прэзыдэнцкага спартыўнага клюбу. Сёлета ж пачнуць будаваць палац у Барысаве.

Згодна зь дзяржаўнай праграмай разьвіцьця хакею, колькасьць лядовых арэнаў у пэрспэктыве павінна дасягнуць паўсотні.

Нягледзячы на рознасьць канструктыўных парамэтраў, аб’ядноўвае ўсе лядовыя палацы адно — іх нерэнтабэльнасьць. Бальшыня не акупляецца — не кампэнсуецца нават палова сродкаў на ўтрыманьне. А паколькі беларусы ня здольныя плаціць за забавы столькі, каб забясьпечыць бездэфіцытнае існаваньне, утрыманьне арэнаў кладзецца на плечы падаткаплатнікаў.

Лядовыя палацы ад глябальнага пацяпленьня

Як мінімум траціну бюджэту лядовых палацаў зьядаюць камунальныя паслугі і штучны лёд, пацьвердзілі ў адміністрацыі «Чыжоўка-Арэны». Лёд на дзьвюх пляцоўках «зьядае вельмі і вельмі шмат», сказаў суразмоўца Свабоды, які пажадаў захаваць ананімнасьць. Прычым гэта актуальна і для гігантаў, і для карузьлікаў — для падтрымкі толькі 1 квадратнага мэтра патрабуецца 50 Вт/г. Плюс першапачатковая замарозка, асьвятленьне, сушылкі, прымусовае адтайваньне і г.д.

Ілюстрацыйнае фота. «Чыжоўка-Арэна»
Ілюстрацыйнае фота. «Чыжоўка-Арэна»

Збудаваная за 350 мільёнаў даляраў і здадзеная ў 2010 годзе «Менск-Арэна» ашаламіла спадарожнымі выдаткамі: пад канец 2011-га высьветлілася, што толькі за электраэнэргію ў адзін зь месяцаў комплекс завінаваціўся 230 тысяч даляраў.

Бухгальтэрыя ўстановы непразрыстая, таму невядома, наколькі рэгулярны такі форс-мажор. Але магчымасьцяў адбіць грошы адміністрацыя мае няшмат. Каманда «Дынама» (Менск), якая базуецца на арэне і гуляе хатнія матчы ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе, вызваленая ад сплаты арэнды прэзыдэнцкім указам. Няпрофільныя імпрэзы — канцэрты, карпаратывы, варштаты — зьява несыстэмная, а прыбыткі трэба дзяліць з арганізатарамі.

Пабудаваны за 20 мільёнаў даляраў Лядовы палац у Баранавічах за першы год дзейнасьці не прынёс нічога, акрамя даўгоў — аж на 285 тысяч даляраў. Аналягічную праблему канстатавала кіраўніцтва арэны ў Берасьці, лічба склала 350 тысяч даляраў. Калі ўлічыць, што прыкладна з той жа «эфэктыўнасьцю» працуюць дзясяткі аналягічных устаноў, штогод бюджэту наносіцца шкода на мільёны даляраў.

Ужо і спартовыя функцыянэры прызнаюць: замест таго каб узводзіць трэнавальныя коўзанкі, нават у малых гарадах узяты курс на палацы — прыгожыя, але неапраўдана дарагія ў эксплюатацыі.

Лядовы палац і Цэнтар алімпійскага рэзэрву ў Жлобіне. Фота з афіцыйнага сайту
Лядовы палац і Цэнтар алімпійскага рэзэрву ў Жлобіне. Фота з афіцыйнага сайту

«Усе гэтыя аб’екты ў вобласьці стратныя, — наракаў ужо былы начальнік упраўленьня фізкультуры, спорту і турызму Берасьцейскага аблвыканкаму Мікалай Хевук. — Платныя паслугі ня ў стане акупіць непад’ёмную камуналку. Даходы ня толькі не перавышаюць расходы, а настолькі мізэрныя, што ня ў стане выканаць урадавую задачу — пакрываць хоць бы 50% выдаткаў. Мы набудавалі палацаў, а цяпер думаем, як іх утрымліваць. Спадзяваліся, што заробім грошай, але не атрымалася. Дзякуй Богу, новых арэнаў у рэгіёне не плянуецца, сёньня гэта сапраўдны галаўны боль».

Гэта было сказана ў 2012 годзе, але з тых часоў, падобна, мала зьмянілася: лядовыя палацы засмоктваюць сродкі, як у чорную дзірку. З гэтай прычыны аднойчы трапна пажартаваў у эфіры Радыё Свабода трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні Ўладзімер Парфяновіч.

«Ведаеце, у чым папраўдзе справа, калі браць агульна, маштабна? — задаў ён рытарычнае пытаньне. — Клімат на плянэце цяплее, а чым больш лядовых палацаў, тым халадней. Вось Беларусь і стараецца...»

Лядовая арэна ў Івацэвічах
Лядовая арэна ў Івацэвічах

Замест аднаго палаца можна паставіць дзясятак кампактных каткоў

​Уладзімер Жабінскі — энтузіяст хакею са Смаргоняў. Лічыць, што Горадзеншчына незаслужана абдзеленая дзяржаўнай увагай (арэны ў абласным цэнтры і Лідзе). Набыў вядомасьць тым, што ў якасьці хакейнай каробкі для свайго Цэнтру пачатковай падрыхтоўкі па хакеі для дзяцей выкарыстоўваў ванну закінутага басэйна спарткомплексу «Юнацтва». Пасьля рэзанансу «палігон» прыкрылі.

Уладзімер Жабінскі
Уладзімер Жабінскі

Пасьлядоўна абабіў чынавенскія парогі ў раёне і вобласьці, Мінспорце і хакейнай фэдэрацыі. Але праект трэнавальнай коўзанкі, прапанаваны з улікам найноўшых тэхналёгій энэргазьберажэньня, так і застаўся на паперы.

Хакейны энтузіяст зьвяртае ўвагу на два варыянты ўвасабленьня лядовых пляцовак: «палацавыя», на што робяць акцэнт у Беларусі, і «вулічныя», папулярныя нават у вялікіх хакейных дзяржавах. Паводле простых падлікаў, замест аднаго стацыянарнага аб’екта можна паставіць дзясятак кампактных каткоў, якія будуць служыць такім жа мэтам — рыхтаваць рэзэрвы і прымаць аматараў фігурнага катаньня.

Трэніроўкі ў «ваньне» закрытага басэйна пры гарадзкім спарткомплексе «Юнацтва» ў Смаргонях
Трэніроўкі ў «ваньне» закрытага басэйна пры гарадзкім спарткомплексе «Юнацтва» ў Смаргонях

У абодвух выпадках этапы будаўніцтва ідэнтычныя. На ўзроўні падмуркаў закладаецца сыстэма ахаладжальных трубаў з растворам этыленгліколю. Яны засыпаюцца пяском і бэтануюцца, пласт за пластом «распыляецца» і замарожваецца вада. Як «упакаваць» зьверху, залежыць ад магчымасьцяў і густаў інвэстара: сэзонны «шацёр» ці капітальная мэталаканструкцыя.

Праект катка-мары для Смаргоняў Уладзімера Жабінскага
Праект катка-мары для Смаргоняў Уладзімера Жабінскага

Палацавая абслуга — блатныя, вайсковыя і міліцэйскія адстаўнікі

На перакананьне Ўладзімера Жабінскага, ва ўмовах фінансавых абмежаваньняў у Беларусі разумней рабіць стаўку на мабільныя коўзанкі, дзе на валянтэрскіх асновах іх абслугоўваньнем займаліся б бацькі юных хакеістаў, фігурыстаў ці кёрлінгістаў. Лядовыя арэны прадугледжваюць траты зусім іншага парадку. Вось асноўныя:

Электраэнэргія. Акрамя асьвятленьня і камфортнай тэмпэратуры ў разьдзявальнях, неабходна штодня падтрымліваць працоўную тэмпэратуру лядовай паверхні. Затраты на тыпавую пабудову — 40–50 кВт⋅г. Па разьліках Уладзімера Жабінскага, гэта 20–25 тысяч даляраў штомесяц у цёплы сэзон і ўдвая меней, калі тэмпэратура на вуліцы падае.

Лёдапрыбіральны камбайн. Як хакейныя матчы, так і масавыя катаньні немагчымыя безь перазаліўкі лёду. З улікам тэхнічнай складанасьці падобнай тэхнікі сярэдні кошт машыны вагаецца ў межах 100 тысяч даляраў. Можна ўзяць і ўжываную, але, як паказвае практыка, тады ў шмат разоў узрастаюць затраты на яе абслугоўваньне.

Амуніцыя для наведнікаў. Для лядовых паслуг патрэбны запас канькоў і абарончай амуніцыі — налакотнікі, накаленьнікі, дзіцячыя шаломы. У сярэднім 200 пар на тыповыя 400 квадратных мэтраў. Кошт канькоў добрай якасьці — блізу 100 даляраў, танныя аналягі пры пастаяннай эксплюатацыі, сушцы і апрацоўцы іянізатарам праслужаць ня болей за 3 месяцы. Таксама варта разжыцца інструмэнтам вастрыць лёзы.

Пэрсанал. Работнікі коўзанкі дзеляцца на дзьве катэгорыі: адміністрацыя і сэрвісмэны. Абсалютна неабходны спэцыяліст — тэхноляг у заліўцы лёду. Бальшыня астатніх, на перакананьне Ўладзімера Жабінскага, — гэта «баляст», зь якім можна бяз жалю разьвітвацца. Усе асноўныя работы могуць выконваць валянтэры.

Лядовы палац у Маладэчне
Лядовы палац у Маладэчне

Уладзімер Жабінскі прыводзіць у прыклад лядовы палац у Маладэчне, куды раз-пораз выяжджае з выхаванцамі.

«Я і ўявіць ня мог, які там штат. Гендырэктар, два намесьнікі, шэсьць адміністратараў, пяць бухгальтараў, тры эканамісты, прыбіральніцы, вахтары, пажарныя, электрыкі, тры зьмены на заліўку. Яны ж ня будуць працаваць за 500 рублёў. Плюс адлічэньні ў фонд сацыяльнай абароны. Блатныя, адстаўнікі пасьля войска, міліцыі — усіх трэба ўладкаваць. Куды? У палац, работа няпыльная. Як працаваў у сыстэме горадзенскага „Нёмана“, таксама дзівіўся: 200 чалавек штату! Ну вось і памнож кожнага на тыя паўтысячы рублёў».

Функцыі бальшыні штатных адзінак па сілах валянтэрам

Дзіцячы трэнэр расказвае, што, калі маніторыў праект хакейнага катка для Смаргоняў, вывучаў вопыт Літвы, Латвіі, Нямеччыны, глядзеў, як вырашаецца гэтае пытаньне. Аказалася, што асноўны цяжар у абслугоўваньні бяруць на сябе бацькі дзяцей, якія там займаюцца.

«У рыскай Volvo Arena афіцыйна працуюць пяць чалавек. Астатнія — валянтэры. У Нямеччыне наагул тры работнікі. Бацькі вырашылі: або плацім цэламу штату супрацоўнікаў, або абыходзімся ўласнымі сіламі. Груба кажучы, двойчы на тыдзень прыйсьці і заліць лёд. І ня трэба дзеля гэтага трымаць на стаўцы брыгаду заліўшчыкаў. Нават расейцы ўжо дакумекалі: ня трэба дарагіх праектаў! І цяпер бюджэтныя коўзанкі штампуюць ледзь ня ў кожным двары».

​Лёд, разьдзявальня, тэхнічныя памяшканьні, кавярня — бадай усё, што трэба для заняткаў хакеем ды катаньня на каньках. Калі гаворка не пра арэну, дзе гуляе зборная ці каманды экстралігі, можна нават ахвяраваць трыбунамі: збольшага яны ўсё роўна пустуюць.

«Хочуць будаваць палац у Барысаве — прыкладна такі ж, як у Маладэчне, — працягвае Ўладзімер Жабінскі. — Дзеля чаго? Думаюць, кожны тыдзень з канцэртамі будзе прыяжджаць Філіп Кіркораў? Ну ўзьвядуць, сьледам пачнецца: як жа яго ўтрымліваць? Калі мы распрацоўвалі свой праект, закладалі і сонечныя батарэі, і ветракі, і газагенэратары. АЭС хутка здадуць, зноў жа, будзе нейкі льготны тарыф. „Упрыгажэнства“ ня трэба: бэтон, ніякай мармуровай падлогі».

Ставіць кропку на «палацаманіі» ўлады пакуль не зьбіраюцца. Згодна зь дзяржаўнай праграмай разьвіцьця хакею ў Беларусі, лядовыя арэны ў агляднай ці больш аддаленай будучыні павінны зьявіцца ў Асіповічах, Ваўкавыску, Глуску, Глыбокім, Драгічыне, Калінкавічах, Касьцюковічах, Клічаве, Крычаве, Лепелі, Мазыры, Новалукомлі, Рэчыцы, Сьветлагорску, Слоніме, Чавусах.

Лядовая арэна ў Воршы
Лядовая арэна ў Воршы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG