«Гэта не пра яду». Гісторыя пра анарэксію і разлад харчовых паводзінаў

Алена Лепішава перажыла анарэксію і расстройства харчовых паводзінаў у падлеткавым узросьце. «Я магу сказаць, што гэта не пра яду, у аснове ўсё ж незадаволенасьць сабой», — расказвае цяпер ужо дарослая жанчына, якая падлеткам сядзела на дыетах, галадала і нават даводзіла сябе да клінічнай сьмерці і рэанімацыі.

«Мы ўсе лічым, што капец — гэта тады, калі ты ў рэанімацыю трапіў, на мяжы жыцьця і сьмерці. А скажыце, калі ласка, як пражыць адзін дзень, калі ты ня ведаеш нармальнага жыцьця? Устаць, сабрацца, схадзіць у школу?»

І тут жа Алена папярэджвае, што яна непакоіцца, каб дзяўчаты, якія ставяць такія «экспэрымэнты» над сваім целам, ні ў якім разе пасьля гэтага інтэрвію не падумалі, што «вось у яе атрымалася, і яны ў любы момант могуць лёгка спыніць гэта».

Гэта не гісторыя лёгкага ачуньваньня, гэта гісторыя цяжкіх пошукаў сябе. Алене пашанцавала, яна трапіла да доктара, які змог падабраць «ключык» да яе і ейнай хваробы. І пасьля таго, як зьняліся вострыя сымптомы, выявілася, што барацьба з сабой і сваім целам — толькі вяршыня айсбэрга. Давялося задумацца над іншымі, ня менш простымі пытаньнямі.

І нават тады, калі яна ўжо перажыла гэта і здавалася, што пэрыяд праблемаў з расстройствам харчовых паводзінаў даўно мінуў, Алена стала заўважаць тыя ж самыя сымптомы ў сваёй 10-гадовай дачкі.

Праект «Партрэт» — гэта адкрытыя творчыя сэсіі, дзе мастакі (мастачкі) малююць партрэт галоўнага героя сустрэчы: чалавека, у якога ёсьць псыхічнае расстройства. Гэта першы псыхаактыўны праект у падтрымку людзей з псыхіятрычнымі дыягназамі, арганізаваны менскім клюбным домам «Адкрытая душа» пры інфармацыйнай падтрымцы Радыё Свабода і падтрымцы пляцоўкі «Тэрыторыя правоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самае страшнае — сказаць пра гэта маме». Партрэт дзяўчыны з дэпрэсіяй. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Закінуўся транквілізатарамі і не хвалююся». Інтэрвію з хлопцам, хворым на шызафрэнію. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зь мяне выганялі дэманаў». Як жыве чалавек зь біпалярным разладам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ня ўмеюць праяўляць эмоцыі і п’юць, як скандынавы, — псыхіятар