Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь мяне выганялі дэманаў». Як жыве чалавек зь біпалярным разладам


Хацеў скончыць жыцьцё самагубствам, усур’ёз зьбіраўся ратаваць ільва з заапарку і купляў квіткі ў Кітай, а за яго маліліся, каб выгнаць дэманаў. Як жывецца беларусу, у якога псыхічнае захворваньне: біпалярны афэктыўны разлад.

Павал зь дзяцінства адчуваў, што яго настрой моцна скача то ўгору, то ўніз. Ад моцнай дэпрэсіі, калі немагчыма нават устаць з ложка, да жыцьця, напоўненага фарбамі і энэргіяй, калі любая авантура здаецца пад сілу.

Людзі навокал проста казалі яму не зьвяртаць увагі, «табе трэба разьвеяцца», «хадзем вып’ем, і ўсё пройдзе», і нават «ва ўсіх так бывае: то дрэнны, то добры настрой».

Аднак пасьля моцнай дэпрэсіі на апошнім курсе ўнівэрсытэту, калі ён ня мог нават падняцца з ложка і напісаў перадсьмяротную запіску, ён зразумеў, што трэба разьбірацца і спрабаваць шукаць адказ.

Празь некалькі гадоў, калі Павал ужо працаваў у школе, псыхіятар патлумачыў, што ягоны стан падобны да біпалярнага афэктыўнага разладу і патрэбна стацыянарнае лячэньне ў псыхіятрычнай лякарні.

Але асэнсаваньне, што гэта за хвароба і як зь ёю жыць, прыйшло не адразу. Ужо пасьля таго, як сьвятар у мястэчку, дзе ён працаваў, спрабаваў выгнаць зь яго дэманаў. Пасьля таго, як ён ледзь ня зьехаў у Кітай і нават усур’ёз ішоў ратаваць з заапарку ільва. А таксама пачаў рэгулярна прымаць лекі, наведваць псыхіятра і цалкам зьмяніў свой лад жыцьця.

Цяпер Павал жыве строга паводле раскладу, кладзецца спаць у адзін час, абавязкова нагружае сябе фізычнымі практыкаваньнямі, вядзе дзёньнік свайго настрою. А таксама працуе фрылансэрам і займаецца суполкай «УКантакце», якая дапамагае іншым людзям зь біпалярным разладам. Ён адзін з 60 мільёнаў у сьвеце, хто пакутуе на біпалярны афэктыўны разлад.

Праект «Партрэт» — гэта адкрытыя творчыя сэсіі, дзе мастакі і мастачкі малююць партрэт галоўнага героя сустрэчы — чалавека з псыхічным разладам. Той, у сваю чаргу, дзеліцца гісторыяй свайго жыцьця.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG