«Я ня лётаю на мятле». Эпатажны сьвятар з Наваградку пра чэлесы, БРСМ, турму, ВІЧ і маму

Дзьмітры Бондар

Скандальны сьвятар зь ВІЧ Дзьмітры Бондар адсядзеў за кратамі 11,5 месяца і нядаўна выйшаў на волю. Свабода паехала да яго ў госьці ў Наваградак, каб зразумець, хто ён такі.

Пра тое, што яму баліць, навошта ён робіць гіпсавыя чэлесы, чаго саромеецца з часоў свайго БРСМ-нага мінулага і як камін-аўт замест яго зрабілі журналісты, — у гэтым інтэрвію.

Коратка пра тое, што адбывалася раней

Славу жыхару Наваградку Дзьмітрыю Бондару прынесла інтэрвію на сайце kyky.org у лютым 2018 году.

Ён носіць сьвятарскае адзеньне, называе сябе «эпіскапам супакою», адначасна фатаграфуецца то з трансвэстытамі, то аголеным на індыйскім узьбярэжжы, курыць і робіць на целе тату. Такая асоба выклікала неадназначную рэакцыю. Вагі Бондару дадавала сяброўства з гаспадаром незвычайнай сядзібы Літоўка пад Наваградкам Сяргеем Ковалем, які сёлета пайшоў з жыцьця. Коваль, вядомы ў Наваградку бізнэсовец, таксама выклікаў раздражненьне многіх.

Каталіцкая царква заявіла, што Бондар — ня ксёндз

Каталіцкая царква ў адказ апублікавала афіцыйную заяву: «Бондар не зьяўляецца сьвятаром Рымска-каталіцкага абраду». Дзейнасьць Бондара шкодная і правакацыйная для касьцёла, гаварылася ў заяве.

Летась 2 кастрычніка Бондара затрымалі на сядзібе Літоўка. Як пазьней высьветлілася — за тое, што паставіў пяць асобаў пад пагрозу заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека. Цяпер гэты крымінальны артыкул зьмянілі: калі ў пацярпелых няма прэтэнзій, справу не заводзяць. Бондара асудзілі на 1,5 года пазбаўленьня волі. Сёлета ў верасьні ён вызваліўся па амністыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За што затрымалі эпатажнага «сьвятара» ў Наваградку? І пры чым тут закрытая фэнтэзі-сядзіба?

Гаспадар Літоўкі цяжка перажываў затрыманьне сябра. 1 студзеня Сяргей Коваль зь невядомых прычын скончыў жыцьцё самагубствам.

Некалькі фактаў біяграфіі

  • Дзьмітрыю Бондару 36 гадоў. Жыве ў Наваградку.
  • З 2012 году ён сьвятар старакаталіцкай царквы.
  • У 2016 годзе яму паставілі дыягназ ВІЧ.
  • Мае дзьве вышэйшыя эканамічныя адукацыі ў Беларусі і вышэйшую тэалягічную адукацыю ў Варшаве.
  • Працаваў у БРСМ 9 гадоў.
  • Кіраваў дзяржаўным кінавідэапракатам у Наваградку 7 гадоў.
  • Мае больш за 3500 падпісчыкаў у Instagram.

Дом. «Дзеці мае, залятайце!»

Дзьмітры жыве адзін у прыватным сэктары Наваградку.

«Куды ж мне ў 36 гадоў з мамай жыць?», — сьмяецца ён.

Капліца ў двары дома Бондара

У двары стаіць капліца сьвятога Марціна, як ён яе называе. Пабудова больш падобная да гаспадарчай. Што гэта капліца, выдае вялікі крыж на сьцяне.

На ланцугу навязаны сабака Ніпа. Ён радасна сустракае незнаёмцаў і брэша толькі, калі выходзіць гаспадар. Джынсы, байка, сьціплая ўсьмешка і невысокі рост — мала што нагадвае пра эксцэнтрычнага ўласьніка акаўнта ў Instagram. Малінавы пояс эпіскапа, кажа, ляжыць у шафе — няма перад кім цяпер красавацца.

Сабака Ніпа

Нават твар слаба падобны да фота ў інтэрнэце, без інстаграмнага патасу. За час зьняволеньня Дзьмітры схуднеў на 12 кіляграмаў. Хоць запэўнівае, што ўжо вярнуўся ў сваю норму.

«Мама займаецца адкормам. Я проста не магу! Гэта проста жах! Шчочкі зьявіліся», — жартам абураецца Дзьмітры.

Эпатаж сустракае ў дзьвярах. У сенцах ляжыць экспазыцыя з гіпсавых вырабаў: жаночыя вусны і чэлесы. Дзьмітры робіць іх з дапамогай сябровак-мастачак і плянуе зарабляць імі на жыцьцё. Шмат раздарыў. Першая партыя ўжо прадаецца, кошт 50 рублёў.

Арт-аб’екты, які робіць Дзьмітры

«Дзеці мае, залятайце!» — запрашае ён у хату.

— Як да вас трэба зьвяртацца? Айцец?

— Я ні для кога не айцец і далёка не сьвяты. Хрыстос сказаў нікога не называць айцом на зямлі, — адказвае Дзьмітры цытатай зь Бібліі.

— Вы б хацелі мець сям’ю, быць бацькам?

— Я ніколі пра гэта ня думаў. І не хацеў бы, хутчэй за ўсё. У мяне дастаткова разнастайнае жыцьцё, каб выхоўваць дзяцей.

Філёзаф аўтарства Бондара

Дома чыста. Гаспадар прыбраўся перад прыездам гасьцей. Да рук лашчыцца котка Лакі. Дзьмітры заварвае каву і просіць адчуваць сябе як дома. Часта выбухова сьмяецца і не выключае, што гэта ад хваляваньня — адвык ад інтэрвію.

Чэлесы. «Гэта прыгожа»

Адзін з пакояў служыць майстэрняй. Тут Дзьмітры адлівае арт-аб’екты з гіпсу, абяцае неўзабаве пашырыць лінейку вырабаў: «Будуць інкруставаныя і з прыколамі».

«Даволі буйная рэч. Ня ведаю, хто б мог такім пахваліцца. Клясычны, грэцкі, нічога пошлага тут няма. Людзей, якія любяць абражацца, гэтыя вырабы могуць абразіць», — камэнтуе Дзьмітры выгляд чэлесаў.

Бондар мяркуе, што чэлесы — гэта прыгожа

Ён робіць іх дзеля заробку. Іншай працы цяпер ня мае. Пасьля калёніі грашыма дапамагаюць маці і сябры.

«Я хацеў зрабіць тое, чаго ніхто ня робіць. Мяркую, гэта прыгожа. Бог нас стварыў голымі, як што», — сьмяецца Дзьмітры.

У майстэрні

Ён шукае дыстанцыйнай творчай працы. Упэўнены, што ў Наваградку яго ніхто ня возьме.

Рэакцыя. «Жанчына, убачыўшы мяне, перахрысьцілася»

Пасьля вызваленьня Дзьмітры зачыніўся «ў сваім картэзіянскім манастыры» — так ён называе дом. (Картэзіянцы — адзін з найбольш аскетычных манаскіх ордэнаў рымска-каталіцкай царквы). Выходзіць толькі ў краму па цыгарэты і да мамы на абед.

У горадзе Дзьмітрыя многія ня любяць

«Людзі скептычна да мяне ставяцца. Яны ведаюць, што ў мяне ВІЧ, і вызіраюць з-за прылаўкаў. Часта глядзяць, як на ўваскрэслы труп. Думаю, справа ў неадукаванасьці. Пэўна, яны думаюць, што ВІЧ перадаецца паветрана-кроплевым шляхам», — з сарказмам кажа Дзьмітры.

Ён бачыць у сеціве шмат камэнтароў, што яго трэба расстраляць або спаліць на вогнішчы.

«Адна жанчына, убачыўшы мяне, перахрысьцілася. Некаторыя каталіцкія і праваслаўныя сьвятары мяркуюць, што я сатана. Гэта іх права. Добра, што ў нас забаронена разводзіць вогнішчы ў грамадзкіх месцах. Пра мяне кажуць шмат кепскага. Гэта можа значыць дзьве рэчы: або я сьвяты, або пра мяне ня ведаюць нават 10 адсоткаў», — працягвае Дзьмітры.

«Або я сьвяты, або пра мяне ня ведаюць нават 10 адсоткаў»

«Некаторыя казалі, што бачылі, як я лётаю на мятле і бегаю голым вакол касьцёла. Я адказваю, што грузапад’ёмнасьць мятлы 50 кіляграмаў, а я важу крышку больш. Адзін чалавек у турме запытаўся: „А гэта праўда, што вы сьпіце ў труне?“ — „Праўда, і на мятле лётаю“», — кажа Дзьмітры.

Зьняволеньне. «А каму б не было крыўдна?»

У дзень, калі Бондара затрымалі, ён быў зь сябрамі на сядзібе Літоўка, гатавалі сьняданак. Дзьмітры рэзаў сыр. Па плячы яго паляпаў чалавек у масцы і спэцформе: «Апусьціце нож». Дзьмітры падумаў, што гэта розыгрыш. На яго надзелі кайданкі і павезьлі дахаты на ператрус. Шукалі наркотыкі і зброю. Нічога не знайшлі. Затрымлівалі яго два бусы сілавікоў.

Бондара судзілі за магчымасьць заразіць партнэраў ВІЧ

Потым паведамілі, што на яго напісалі заяву ягоныя сэксуальныя партнэры, бо ён паставіў іх пад пагрозу заражэньня ВІЧ.

На судзе ўсе пацярпелыя казалі, што ня маюць да Бондара прэтэнзій, прасілі яго вызваліць. Калі Дзьмітры выйшаў на волю, амаль кожны зь іх пазваніў і выбачыўся. Маўляў, калі б ведалі, што пасадзяць, то пазову б не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт у сфэры ВІЧ аб справе «япіскапа сьвету»: «У Дзьмітрыя віны ніякай няма»

Бондар прызнаў факты інтымнай сувязі, за якія яго судзілі, але сумняецца, што вінаваты.

Ягоны дыягназ такі: станоўчы невызначальны ВІЧ-статус. Гэта значыць: вірусаў у крыві настолькі мала, што Дзьмітры нікога ня можа заразіць, нават калі сэкс без прэзэрватыва. Перадаць вірус можа толькі пры пераліваньні крыві.

Дзьмітры мяркуе, што асудзілі яго несправядліва

Агулам Дзьмітры прабыў у зьняволеньні амаль год. У бабруйскай калёніі працаваў днявальным у карантыне — месцы, дзе прымаюць новых асуджаных.

«Слава ішла перада мною, — Бондара пазнавалі нават у месцах зьняволеньня. — Вядомых людзей там многа. Заяжджалі найлепшыя рэспубліканскія хірургі, старшыні калгасаў. Вялізарны працэнт людзей па 328 артыкуле за наркотыкі».

На ўмовы Дзьмітры ня скардзіцца. Ніхто зь яго ня зьдзекаваўся. Па стане здароўя яго кармілі лепш: у рацыёне былі малочныя прадукты. Больш свабоды адчуваў у калёніі, чым у СІЗА.

ВІЧ. «Вінаваты толькі я»

Дзьмітры ніколі не шукаў, хто заразіў яго ВІЧ. Дыягназ дапамог яму болей цаніць жыцьцё.

«Вінаваты толькі я. Куды я глядзеў?» — кажа ён.

Ягоная тэрапія — дзьве таблеткі штодня, іх выдаюць бясплатна.

«Мэдыцына кажа, што сёньня ад ВІЧ ніхто не памірае», — тлумачыць суразмоўца.

Ён абвяргае чуткі пра тое, што ён наркаман.

«Якія наркотыкі? Мне алькаголь забаронены. Ён узьдзейнічае на імунную сыстэму. А я хачу жыць. П’ю рэдка, у кампаніі, раз на два месяцы магу кульнуць некалькі кілішкаў нечага 40-градуснага», — тлумачыць ён.

Цяпер Бондар валянтэрыць у арганізацыі «Людзі плюс», якая абараняе правы ВІЧ-пазытыўных людзей.

«Яны змагаюцца за тое, каб людзі не траплялі ў турму толькі за тое, што ў іх ВІЧ, — сумна тлумачыць Дзьмітры. — Я хачу, каб у іншых людзей зь ВІЧ-інфэкцыяй зьмянілася жыцьцё, каб яны не баяліся».

— Вы баіцеся?

— Канечне.

Гей. «Я ніколі ня бегаў са сьцягамі»

— Вы адкрыты гей?

— Пра гэта пісалі 10 тысяч разоў. Атрымалася, што адкрыты. Я думаю, сэксуальная арыентацыя — гэта нешта інтымнае. Гаварыць пра гэта галосна — прыкмета кепскага тону. Я ніколі не казаў публічна, што я гей, ня бегаў са сьцягамі, не займаўся прапагандай, не змагаўся за правы геяў. У мяне дома не было правакуючых фатаздымкаў з хлопцам. Усе мы маем права на сваё сэксуальнае жыцьцё. Цяпер атрымалася, што ўсе ведаюць. Добра, усім дзякуй.

Сям’я. «Тата памёр ад алькаголю»

Маці Дзьмітрыя Валянціна Ўладзімераўна — вядомая ў райцэнтры асоба. Адказвае за школьнае харчаваньне, трымае кавярню і некалькі крамаў, дэпутатка.

«Мяне корміць мама. Збалянсаваная бялковая дыета. Варыць мне супчыкі, пярловачкі, тушыць мяса. Мама жыве паблізу. Я хаджу да яе, гуляю з сабакам. Або зрэдку мама прыходзіць да мяне. Але я ёй забараняю, бо яна залятае і крычыць: „Як брудна! Чаму куртка ня там ляжыць?“ Як усе мамы», — усьміхаецца Дзьмітры.

— Выходзіць, вы ў 36 гадоў мамчын сынок?

— Я ўсё гэта магу набыць у краме. Але маме падабаецца пра мяне клапаціцца. А мне падабаецца, што ёй падабаецца. Мама вельмі смачна гатуе. Заўсёды гатуе дома, хоць кіруе паловай харчаваньня ў раёне.

Бацька Дзьмітрыя Васіль памёр, калі сын быў дарослым.

«Тата памёр ад алькаголю. Я бачыў, што такое алькагалізм у сям’і. Таму я нэгатыўна стаўлюся да гэтага. Хутчэй мой бацька быў ціхім алькаголікам. Ён быў цудоўным чалавекам. Ягонай увагі мне хапала, ён быў добрым бацькам. Але ён быў хворы», — кажа Дзьмітры.

БРСМ. «Найлепшыя гады»

«Толькі не здымайце вось гэтае пано», — Дзьмітры паказвае на свае дзіцячыя і юнацкія фатаздымкі.

— Вы саромеецеся дзіцячых фота?

— Я саромеюся свайго выгляду, калі я быў першым сакратаром БРСМ. Я быў тыповы дзяржаўны служачы. Я саромеюся сваіх шчок.

Партрэт з часоў працы ў БРСМ

— Вы трапілі ў БРСМ дзякуючы маме?

— Я быў актыўным студэнтам, удзельнічаў у КВЗ, мяне заўважалі. Думаю, пасада мамы тут была ні пры чым.

Дзьмітры падкрэсьлівае, што не саромеецца працы ў БРСМ. Ён стаў бухгальтарам у раённай арганізацыі адразу пасьля каледжа, потым другім сакратаром, урэшце першым.

«Найлепшыя гады. Многія думаюць, што гэта палітызаваная арганізацыя. На той час яна такой не была. Мы праводзілі цудоўныя мерапрыемствы, оўпэнэйры, турзьлёты, акцыі», — кажа Дзьмітры.

— Сёньня студэнтаў прымушаюць уступаць у БРСМ, галасаваць датэрмінова.

— У нас такога не было. Моладзь сама хацела да нас. У нас быў найлепшы райкам у вобласьці. Дыскатэкі, оўпэнэйры на Сьвіцязі, з дыджэямі, зьбіралася па тысячы чалавек.

Наваградзкі кінатэатар пры Бондару быў найлепшым у вобласьці, кажа ён

Бондар кажа, што ён «падняў» мясцовы кінатэатар. Той адзіны ў вобласьці самаакупляўся. Звольніўся адтуль у 2017 годзе.

Тады Дзьмітры на тыдзень апазьніўся з адпачынку ў Індыі, але ў дакумэнтах пазначыў, нібыта быў на працы. Яго здалі калегі. За службовы падлог завялі крымінальную справу. Ён кампэнсаваў шкоду дзяржаве і сплаціў штраф у памеры 4 тысяч даляраў.

Разам з Ковалем ён тады ўжо займаўся праектам Літоўкі.

Сьвятарства. «Мянушка „ксёндз“ зьявілася ў школе»

Пытаньне сьвятарства, бадай што, самае загадкавае ў асобе Бондара.

Мянушка «ксёндз» зьявілася ў яго ў 9 клясе. Ён хадзіў у касьцёл, быў заўзятым каталіком, прыслужваў пры алтары. Потым пачаў задумвацца над догматамі веры, прыкладам, над існаваньнем чыстца. Адказы, якія найбольш яго задаволілі, знайшоў у старакаталіцтве (ня блытаць з каталіцызмам).

Дзьмітры кажа, што ён сапраўды сьвятар, гэта ўжо не гульня. Пасьвячаў яго эпіскап «праваслаўнай раскольніцкай царквы» ў Маскве. Потым Бондар перайшоў у юрысдыкцыю польскай старакаталіцкай царквы. Цяпер вядзе перамовы з аўстрыйскім эпіскапам, бо ў Польшчы старакатолікам не працягваюць рэгістрацыю.

Як спалучаюцца маскоўскія праваслаўныя раскольнікі з польскімі і аўстрыйскімі старакатолікамі, Дзьмітры не тлумачыць.

Калі ён ужо быў старакаталіцкім сьвятаром, яшчэ служыў памочнікам ксяндза ў вёсцы Ўселюб. Дагэтуль у доме Бондара стаяць каталіцкія іконы, фігурка ягонага любімага каталіцкага сьвятога Антонія, які жыў у XIII стагодзьдзі.

Бондар кажа, што ён старакаталіцкі сьвятар

— Як у вашай галаве гэта ўсё спалучаецца? Гэта ж розныя кірункі.

— Кірункі, можа, і розныя. Сутнасьць адна. Бог ува ўсіх адзін. Рэлігія — гэта культурная форма. Нехта цалуе мошчы, нехта ходзіць у працэсіі навокал касьцёла, нехта носіцца голы з бубнам.

— Які ваш Бог?

— Мой Бог любіць усіх. Ён — любоў. Ён ува мне, і я ў Ім. Ён паўсюль. Для мяне Бог просты. Гэта ня процьма рытуалаў і абрадаў, а Тварэц, які любіць і які даў нам жыцьцё.

Капліца сьвятога Марціна

Дзьмітры кажа, што не хацеў абражаць нічые рэлігійныя пачуцьці або сьмяяцца над імі.

Набажэнствы Дзьмітры праводзіць у самоце, бо ягоная абшчына незарэгістраваная

Капліцу ён будаваў сам. Цяпер там служыць імшу адзін. Запрашаць на імшу людзей ня мае права, бо нешматлікая абшчына, якая складаецца зь ягоных сяброў, ня мае (і ніколі ня мела) рэгістрацыі. Убраньне ўнутры досыць сьціплае. Шмат якія абразы́ ён проста раздрукаваў як банэры.

Сяргей Коваль. «Ён быў мне ўсім»

Пра сьмерць свайго найлепшага сябра Сяргея Коваля Дзьмітры даведаўся на трэці дзень ад адваката. Перад гэтым ягоных сукамэрнікаў папярэдзілі, што яму паведамяць кепскую навіну, і папрасілі сачыць, каб нічога з сабой не зрабіў.

Сяргей Коваль, архіўнае фота

«Я быў у шоку. Паверыць у гэта было вельмі складана. Пыталіся, якія мае думкі. У мяне ніякіх думак. Мне вельмі сумна і шкада, што так адбылося. Ён так вырашыў. Ня думаю, што на яго быў ціск. Была вэрсія, што я заразіў Сяргея ВІЧ, яна не пацьвердзілася. Сяргей ніколі не казаў, што хоча скончыць жыцьцё самагубствам. Ён моцна перажываў, што людзі так рэагуюць на тое, што ён робіць», — кажа Дзьмітры.

Дзьмітры пасябраваў зь Сяргеем, калі працаваў у БРСМ.

«Мы адзін аднаго падтрымлівалі. Ён першы даведаўся, што я ВІЧ-інфікаваны. Сяргей паглядзеў на мяне і сказаў: „Ой, будзеш піць таблеткі“. Ён быў мне і бацькам, і сябрам, і братам, ён быў мне ўсім», — кажа Дзьмітры.

— Безь Сяргея вашае жыцьцё зьмянілася?

— Так. Яшчэ ў сьнежні я думаў: як выйду, буду Сярожу расказваць, які я злобны зэк. Трэцяга студзеня мне прыляцела рыдлёўка ў галаву.

Дзьмітры дагэтуль размаўляе ў думках з памерлым сябрам

Літоўка. Засталася толькі як аб’ект нерухомасьці

Літоўка для Дзьмітрыя перастала існаваць. Пасьля вызваленьня ён наведаў сядзібу, заплаціўшы за білет (раней уваход быў бясплатны для ўсіх). Празь пяць хвілін ахоўнік пазнаў яго і папрасіў сысьці. Рэчы Дзьмітрыя, якія заставаліся на сядзібе, яму не вярнулі — нібыта выкінулі.

Дзьмітры застаўся ў добрых адносінах з жонкай Коваля Тамілай і ягонай малодшай дачкой Марыяй. Са старэйшай дачкой Сяргея Кацярынай, зь якой раней сябравалі, не ўдалося знайсьці агульнай мовы.

Суразмоўца мяркуе, што Літоўка засталася толькі як аб’ект нерухомасьці. Новыя гаспадары (сям’я нябожчыка Коваля) зьнішчылі ейную філязофію, кажа ён. Сядзіба раней была адкрытая для ўсіх кругласуткава. Ідэя была ў тым, каб людзі самаарганізоўваліся. Раней за выходныя Літоўку наведвалі 2–4 тысячы чалавек.

Літоўка пасьля закрыцьця. Архіўнае фота

«Чаму шмат цікавых людзей ехалі на Літоўку? Бо яны разумелі, што яны там не адны такія „дурненькія“», — мяркуе Дзьмітры.

У адрозьненьне ад іншых супрацоўнікаў, у Дзьмітрыя не было на Літоўцы заробку, але ён меў утрыманьне. Сяргей даваў яму грошы на ўсе патрэбы, падараваў «Мэрсэдэс». Яны разам адпачывалі ў Індыі.

Дзьмітры абвяргае, што на сядзібе ладзіліся гей-вечарыны. Ён запэўнівае, што там строга было забаронена ўжываць наркотыкі і «бухаць».

«Відаць, павінен прайсьці час, каб людзі ўсьвядомілі, пра што мы казалі», — падсумоўвае Дзьмітры.

Асоба. «Я такі, які ёсьць»

Дзьмітры гарэзьліва пазуе перад фотаапаратам.

«Жывата не відаць?» — перажывае ён.

Просіць, каб у кадар ня трапіла болька над вокам. Зноў і зноў рагоча, расьцягнута паўтарае «Пачынаецца» ў няёмкіх сытуацыях і час ад часу пераходзіць на флірт.

Фатаграфуецца эпатажны сьвятар з ахвотай

— Шмат людзей, зь якімі вы шчыры і сапраўдны?

— З усімі. Прынамсі, я стараюся. Цяпер мне нашмат лягчэй. Усе ведаюць пра мой статус ВІЧ і што я гей, хоць я гэтага не хацеў. Мне ня трэба нечага хаваць. Я такі, які ёсьць.

— Вы эпатажны сьвятар?

— Я сьвятар. Мяркую, што ў мяне звычайнае жыцьцё. Для бабулі, якая выходзіць з касьцёла, канечне, я страшны эпатаж. «Людзі часам блытаюць канец свайго кругагляду з канцом сьвету», — Артур Шапэнгаўэр. У мяне раней было больш магчымасьцяў быць эпатажным. Калі б рэальнасьць не зьмянілася, можа, я працягваў бы так рабіць. Цяпер мне няма дзе. Няўжо я буду эпатажны на кухні з вамі? Хоць я мог бы малінавы пояс надзець на голае цела.

— Калі вы пачалі быць такім яркім?

— Заўсёды быў. Проста kyky.org першымі заўважылі мой інстаграм, якому мільён і тры тысячы гадоў.

Дзьмітры не заўважае свайго эпатажу

— Як бы вы сябе апісалі?

— Я проста чалавек... Вы хочаце разгледзець ува мне нешта кепскае? Прыяжджайце ўвечары... Я імкнуся да добрага. Але ўва мне столькі кепскага, колькі і добрага. Ці буду я спажываць, ці аддаваць? Калі я сваім прыкладам некага заахвочу аддаваць, сьвет памяняецца. Ён не зьмяняецца праз рэвалюцыі, ён мяняецца вось тут (кладзе руку на грудзі). Мяняцца трэба пачынаць зь сябе. Я зь сябе пачаў, атрымалася вось так.

«Я імкнуся да добрага»

— Пра вас кажуць шмат рознага. Што пра вас варта ведаць?

— Я ня лётаю на мятле.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастачка фэнтэзі-сядзібы расказала пра апошнія дні яе стваральніка