Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будаваў Беларусь, у якой захочуць жыць ягоныя дзеці». Мастачка фэнтэзі-сядзібы расказала пра апошнія дні яе стваральніка


Сяргей Коваль, архіўнае фота

Галоўная мастачка фэнтэзі-сядзібы Літоўка пад Наваградкам Ніна Паўлоўская расказала, якімі былі апошнія дні жыцьця гаспадара сядзібы Сяргея Коваля, адкуль ішло фінансаваньне праекту і як зьявілася мянушка Француз.

30-гадовая мастачка Ніна — гарадзенка, апошнія тры гады жыла ў Наваградку і працавала ў Літоўцы. Была блізкім сябрам Сяргея.

Перад сьмерцю нікому не пазваніў і не напісаў

Ніна Паўлоўская
Ніна Паўлоўская

​«Сяргей павесіўся 1 студзеня паміж 13 і 15 гадзінамі ў сваёй кватэры.

Ён сустракаў Новы год у маці Эсфіры Якаўлеўны, разам з дочкамі Кацяй і Машай. Потым Каця праводзіла яго дадому. Ноччу сябры званілі яму, віншавалі. На наступны дзень Каця знайшла бацьку нежывога ў ягонай кватэры, калі прынесла яму паесьці.

Чаму ён так зрабіў, я ня ведаю. Гэта апошняе, пра што я магла падумаць. Я бачылася зь ім 29 сьнежня. На Новы год паехала ў Горадню. Мы дамаўляліся сустрэцца 1-га студзеня.

Перад сьмерцю Сяргей быў нападпітку. Мне здаецца, ён быў у несьвядомым стане. Як такое можа зрабіць чалавек, які строіў пляны? Мы думалі пра рух, пра наступныя крокі ў сядзібе.

Фэнтэзі-сядзіба Літоўка. Пасьля закрыцьця сядзібы Сяргей рэдка сюды прыяжджаў
Фэнтэзі-сядзіба Літоўка. Пасьля закрыцьця сядзібы Сяргей рэдка сюды прыяжджаў

​Можа быць, стома, пахмельле. Ён пастаянна піў снатворнае. Можа, сумесь лекаў і алькаголю такое дала або нешта яшчэ. Ён нікому не пазваніў перад гэтым, не напісаў. Можа быць, ён зь некім пасварыўся.

Мы размаўлялі зь ім 31-га. Ён казаў, што стараецца выйсьці з дэпрэсіі, у якой знаходзіўся каля трох месяцаў. Я была ўвесь гэты час побач зь ім. І бачыла ў ім сілы, верыла, што дасьць рады.

Дэпрэсія была ад усяго разам».

Плянаваў адпачынак на Гоа

«Гэты чалавек быў мне настолькі блізкі, што першы час (пасьля ягонай сьмерці) я не магла гаварыць. Апраўдваю гэты ўчынак тым, што ён зрабіў усё, што павінен быў, выканаў сваю місію.

Я выплакала ўсё, што змагла, і скарылася. Часам пачынаю яго ненавідзець, бо ён мяне кінуў адну.

Да брамы Літоўкі прынесьлі кветкі і зьнічы
Да брамы Літоўкі прынесьлі кветкі і зьнічы

Апошні час ён быў дома, ляжаў, сумаваў, выходзіў гуляць. Рэдка езьдзіў у Літоўку. Падбадзёрваў сябе, карміў котку Нэлечку, рамантаваў машыну, прыбіраў сьнег. Хацеў выйсьці з дэпрэсіі. Кепска спаў і пагана сябе адчуваў.

Ён плянаваў адпачынак на Гоа ў студзені разам зь сям’ёй. Хваляваўся, як хворая мама застанецца адна. Але пагаджаўся, што трэба хаця б ненадоўга зьехаць.

Апошнія гады ён езьдзіў толькі ў Індыю ўзімку — пагрэцца, аднавіць здароўе. Індыя была яму блізкая па духу. Ён любіў гэтую свабоду. Ён прыйшоў да мінімалізму, што малога дастаткова для шчасьця, што можна проста сядзець на пляжы і глядзець на захад сонца».

Франсуа дэ Калуп’е Касое Пяро

«Калі Сяргей быў малым, яму знаёмыя з-за мяжы прыслалі доўгі скураны плашч. У тыя часы такога ні ў кога не было. Таксама ў яго былі круглыя сьмешныя акуляры. За такі вобраз дзеці далі яму мянушку Франсуа дэ Калуп’е Касое Пяро. Яе скарацілі да „Француз“. Яму падабалася, ня так і кепска гучыць. Падтрымалі сябры».

Сяргей Коваль, архіўнае фота
Сяргей Коваль, архіўнае фота

Кароннай ягонай песьняй было Halleluja

«Ён любіў сустракацца зь цікавымі людзьмі, пераключацца ад будзённасьці. Любіў экстрэмальныя віду спорту, матацыклы, машыны, квадрацыклы.

Ён атрымліваў асалоду ад жыцьця. Зразумеў, што ў машынах, алькаголі, жанчынах можна знайсьці задавальненьне толькі на вечар. Літоўка была для яго задавальненьнем, якое не заканчвалася зранку. Ён захапляўся ёю, тым, што адбываецца, а людзі захапляліся ім. Гэта яго сілкавала.

Калі я пазнаёмілася зь ім, то зразумела, што гэта чалавек надзвычайнай энэргіі. Ён меў неверагодную энэргетыку, зьбіраў натоўпы людзей у момант. Ён мог каля аўтобуса размаўляць з кіроўцам, а выходзілі ўсе сорак пасажыраў і слухалі яго.

Можа, яшчэ і ягоная праўдзівасьць прываблівала да яго людзей. Думаю, людзі яму верылі».

У яго была неверагодная памяць, ён шмат цытаваў, сьпяваў, чытаў вершы, іграў у тэатральнай студыі, удзельнічаў у спэктаклі на тэму Галакосту. Любіў Высоцкага. Кароннай ягонай песьняй была Hallelujah Леанарда Коэна. Ён хацеў жыць.

Коваль іграў у спэктаклі аб Галакосьце, які ставіў музэй габрэйскага супраціву
Коваль іграў у спэктаклі аб Галакосьце, які ставіў музэй габрэйскага супраціву

Затрыманьне Дзімы прыбіла да зямлі

«Дзіму (Бондара) затрымлівалі вельмі гучна, зь вялікай колькасьцю людзей, сабакамі, ператрусам.

Затрымлівалі на Літоўцы, а не ў яго дома. Гэта жахліва, прыгнятае. Гаспадара, які падарыў людзям сядзібу і фінансаваў іншыя праекты, паклалі тварам да падлогі. Яны канфіскавалі (і дагэтуль не аддалі) усю тэхніку, пазбавілі нас камэраў відэаназіраньня, а значыць і бясьпекі.

Цяпер тэрыторыя сядзібы абцягнутая стужкай, на ланцугу — сабака
Цяпер тэрыторыя сядзібы абцягнутая стужкай, на ланцугу — сабака

Чуткі пра сэксуальныя вечарыны, парнаграфію, наркотыкі — лухта. Наркотыкаў у Дзімы не знайшлі. Дом быў адкрыты круглыя суткі, паўсюль стаялі відэакамэры. Нават калі б мы захацелі правесьці закрытую імпрэзу, мы бы не маглі. Наведнікі прыяжджалі нават ноччу. У нас была ўнутраная забарона на алькаголь на тэрыторыі сядзібы.

Затрыманьне Дзімы стала штуршком. Нас прыбіла да зямлі. Усё, што мы рабілі, здавалася, рабілі ўпустую.

У Дзімы быў канфлікт з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі ў Наваградку. Сьвятары бачылі тут сатанізм. Дзіма казаў, што Бога ня трэба шукаць у храме, а ўнутры сябе, што юдэі, праваслаўныя, каталікі, прадстаўнікі іншых рэлігій — роўныя».

Родныя ставіліся да Літоўкі як да лухты

«Я не разумею, чаму блізкія Сяргея выбралі такую пазыцыю. Яны не кантактуюць ні з журналістамі, ні з работнікамі сядзібы. Было выліта шмат нэгатыўнай інфармацыі. Магчыма, яны баяцца, што пасьля чарговай публікацыі будзе яшчэ болей нэгатыву.

Родныя ня ўдзельнічалі ў гэтым праекце. Яны ставіліся да Літоўкі як да лухты. Яны не разумелі, што мы робім. Хочацца расказаць родным, якая яна, Літоўка. Магчыма, гэтых гадоў не хапіла, каб данесьці ідэю.

Родныя ставіліся да Літоўкі як да лухты
Родныя ставіліся да Літоўкі як да лухты

Сям’я Сяргея ня падзяляла ягоных філязофскіх поглядаў. Праз свой жыцьцёвага досьвед ім было складана. Сяргею было ня проста жыць з гэтым. Ён спадзяваўся, што гэтае разуменьне прыйдзе і да ягоных родных».

Літоўка ня проста дом-фэнтэзі

«Зь Літоўкі могуць зрабіць карчму, аграсядзібу закрытага тыпу. Гэта самае страшнае для мяне. Умомант ідэя задушыцца. Гэта ня проста дом-фэнтэзі.

Я, Сяргей, Дзьмітры (Бондар) і многія майстры былі апантаныя адной ідэяй, у якую шчыра паверылі. Сяргей захапіў ёй іншых.

Ідэя гэтага месца — аб’ядноўваць людзей для руху, разьвіцьця, зьменаў. Таму там вялізная колькасьць аб’ектаў з розных кантынэнтаў, рознай гістарычнай накіраванасьці, уся рэлігійная сыстэма.

Асноўны лёзунг — „Прыгажосьць выратуе сьвет“. Адзін чалавек ня дасьць рады. Сяргей разумеў: каб нешта зьмяніць, трэба аб’ядноўваць зацікаўленых людзей, здольных цалкам аддацца справе.

Мы рабілі ўсё не для сябе, а для людзей. Каб яны прыяжджалі, адкрывалі ў сабе нешта новае, эмацыйнае, творчае, бачылі новы падыход.

Усе будаўнікі на тэрыторыі ахвотна адказвалі на пытаньні гасьцей. Іхны ўзровень быў досыць высокі, хоць большасьць з Наваградку. Некаторыя наведнікі думалі, што майстроў запрасілі з-за мяжы. Праўда, адбіралі іх зь цяжкасьцю, трапляліся п’яніцы, наркаманы».

Рабіць нешта для людзей проста так

«Сяргей захацеў рабіць нешта для людзей проста так. Ён прадаў бізнэс. А пасьля чарговай паездкі ў Індыю набыў дом у Літоўцы. Адрамантаваў альтанкі побач з домам, каб зьмяніць кантынгент. Туды пачалі прыяжджаць сем’і зь дзецьмі.

Аўтобусны прыпынак быў ягоным творчым парывам. Сяргей ня быў мастаком, вучыўся на радыёфізыкатэхнічным накірунку.

Прыпынак побач зь сядзібай Літоўка, які аднавіў Коваль
Прыпынак побач зь сядзібай Літоўка, які аднавіў Коваль

Літоўка — гэта вялізныя грошы. Сяргей іх зарабіў. Ён казаў, што самае страшнае — сядзець на мяшку з грашыма. Ты баісься, што цябе заб’юць, баісься інфляцыі; што згарыць дом. Гэта папера, якая можа прапасьці. На звычайны дом патрэбна 100 тысяч даляраў, на катэдж — 300, сюды ўкладзена значна больш.

Чалавек укладае агромістыя грошы ў такі аб’ект. Зь якой мэтай? Адны мелі альтруістычны варыянт адказу, іншыя шукалі падвох».

Пабудаваць Беларусь, у якой захочуць жыць дзеці

«Мы тлумачылі, чаму Сяргей укладае вялікія грошы ў праект, які не прыносіць прыбытку, што падвоху няма. Людзі зьяжджалі ад нас у зьдзіўленьні. Потым вярталіся і казалі, што ў іх памянялася жыцьцё, падыход у бізнэсе. Многія прызвычаіліся працаваць з мэтай накапленьня асабіста для сябе. Калі пачынаеш думаць яшчэ пра некага, зьмяняецца сьвет вакол, зьнішчаецца тваё „я“. І ты шчасьлівы.

Сэнс Літоўкі — паказаць, што ў людзей не павінна быць лішкаў грошай. Іх трэба перанакіроўваць. Людзі паміраюць, грошы гніюць.

Цмок побач зь сядзібай Літоўка
Цмок побач зь сядзібай Літоўка

Мы хацелі, каб Літоўка пачала разрастацца, каб зьявіліся кавярні, тэатральныя, мастацкія, музычныя пляцоўкі.

Гэта добрая справа, накіраваная на людзей. Бедная Беларусь ледзь дыхае. Людзі зьяжджаюць за мяжу, бо ня бачаць будучыні. Сяргей хацеў пабудаваць Беларусь, у якой захочуць жыць ягоныя дзеці».

Навошта стварылі страшную спальню?

«Некаторыя бачылі ў сядзібе сатанізм. Страшным быў толькі адзін пакой у падвале за тэрыторыяй участка. На тэрыторыі быў толькі Люцыпар, але ён ёсьць ува ўсёй міталёгіі. Тую спальню стварылі, каб падкрэсьліць, што бяз зла няма дабра. Дзеці яе любілі, бегалі, весяліліся.

Усё залежыць ад нас, што мы там бачым. Чалавек, унутры якога сядзіць дэман, бачыць там жах».

Фантан, аквалянг і тачка

«На тэрыторыі стаіць фантан. Мы яго плянавалі запусьціць сёлета, але не пасьпелі. Уваход на тэрыторыю па-ранейшаму быў бы вольны. Але людзі маглі б добраахвотна кінуць туды манэту: рубель, два, капейкі. Мы б даставалі грошы з фантана і пускалі на разьвіцьцё Літоўкі і іншых месцаў. Сэнс быў у вялікай колькасьці людзей. Бывалі выходныя, калі праз нас праходзілі 2 тысячы чалавек.

У нас было некалькі аб’ектаў на гэты год. Мы хацелі паказаць, што разам можам зрабіць шмат. Мы хацелі паставіць помнік польскай сям’і Баброўскіх, якая хавала ў сябе многіх габрэяў, а потым накіроўвала да партызанаў. Ужо быў праект.

Людзі перасталі б шукаць тут падвох.

Помнік габрэйскай дзяўчынцы Міхле Сасноўскай, якая загінула ў Галакосьце, зьявіўся дзякуючы Сяргею Ковалю
Помнік габрэйскай дзяўчынцы Міхле Сасноўскай, якая загінула ў Галакосьце, зьявіўся дзякуючы Сяргею Ковалю

Мы хацелі зрабіць шоў. Набылі тачку, аквалянг, каб даставаць з фантана манэты. Сума грошай, якія сёньня дасталі, запісвалася б на бачным месцы.

У нас у сядзібе ўсё было адкрыта: вісеў графік працы, людзі ведалі, які заробак мы атрымліваем, колькі гадзін працуем. Плаціў за ўсё Сяргей.

Калі працаваў Сяргей (Ковалю належала сетка крамаў адзеньня. — РС), у Наваградку былі заторы. У яго закуплялася ўся Беларусь, прыяжджалі з Украіны, Расеі. У яго былі нізкія нацэнкі, але за дзень ён прадаваў тысячу джынсаў. Браў колькасьцю. Ён неверагодна таргаваўся. Людзі, зь якімі ён працаваў, былі ў захапленьні ад ягонай манеры, падачы, інтэлекту».

Лёс Літоўкі

«Літоўка паводле закону цяпер належыць жонцы Сяргея Таміле, дочкам Каці і Машы. Яны прымаюць рашэньне аб сядзібе.

Я сябравала з Кацяй. Цяпер мы амаль перасталі кантактаваць. Яна ведае, чаго я хачу, — каб Літоўка працягвала існаваць.

Мастачка Ніна Паўлоўская хоча, каб Літоўка захавала сваю філязофію
Мастачка Ніна Паўлоўская хоча, каб Літоўка захавала сваю філязофію

Я страшна засмучуся, калі Літоўка пераўтворыцца ў нешта іншае. Але ў мяне ўжо свой шлях. Я буду далей несьці гэтую філязофію ў сваім жыцьці.

Каця хацела выдаліць старонку Сяргея з сацыяльных сетак, але калі туды зайшла і ўбачыла камэнтары, у яе не паднялася рука. Калі грамадзкасьць выкажацца наконт Літоўкі, можа, родныя адкрыюць яе для сябе зь іншага боку.

Каб не прадаваць Літоўку, можна стварыць там фонд, які будзе падтрымліваць сядзібу, паставіць кавярню, зрабіць музэй з уваходным квітком за 1-2 рублі. Хочацца рэалізаваць ідэю фантана. У Беларусі такога няма. Гэта было б неверагодна.

Упэўнена, знойдзецца шмат тых, хто гатовы стаць спонсарамі. Цяпер большасьць людзей прапануе дапамогу мне, а ня родным, бо я заўжды была побач у сядзібе.

Цяпер сядзіба зачыненая, за ёй глядзіць вартаўнік
Цяпер сядзіба зачыненая, за ёй глядзіць вартаўнік

Людзі, якія раней прыяжджалі да нас, хацелі даць грошай, пыталіся, дзе пакінуць. Мы ня бралі, у нас было строга забаронена. Нехта пакідаў у кармушцы, клалі хто куды.

Сям’я пакуль ня бачыць, што Літоўка мае шанец. Але спадзяюся, што яны ў памяць пра Сяргея захаваюць гэтае месца ў прыстойнай форме».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG