Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт у сфэры ВІЧ аб справе «япіскапа сьвету»: «У Дзьмітрыя віны ніякай няма»


Сядзіба Літоўка, у якой затрымлівалі Дзьмітрыя Бондара і якая належала ягонаму сябру Сяргею Ковалю.
Сядзіба Літоўка, у якой затрымлівалі Дзьмітрыя Бондара і якая належала ягонаму сябру Сяргею Ковалю.

Старшыня праўленьня рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Людзі плюс» Тацяна Жураўская расказала, чаму Дзьмітрыя Бондара, больш вядомага ў сацыяльных сетках як «япіскап сьвету», трэба апраўдаць. Разгляд справы эпатажнага жыхара Наваградка пачаўся ў судзе Наваградзкага раёну 11 красавіка ў закрытым рэжыме.

«Ён нікому не прынёс шкоду»

Дзьмітрыя Бондара абвінавачваюць у «заведамым стварэньні для іншай асобы небясьпекі заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ)» (ч. 1 арт. 157 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Больш за 6 месяцаў ён знаходзіцца ў гарадзенскім СІЗА.

Арганізацыя «Люди плюс» прадстаўляе інтарэсы ўсіх жыхароў Беларусі зь вірусам ВІЧ, іхніх сваякоў і спэцыялістаў, якія працуюць у гэтай сфэры.

Тацяна Жураўская выступіла на чарговым судовым паседжаньні па справе Бондара ў якасьці спэцыяліста ў сфэры ВІЧ/СНІД 12 красавіка. У інтэрвію Cвабодзе яна выклала сваю пазыцыю па гэтай справе.

Па меркаваньні старшыні праўленьня арганізацыі «Люди плюс», Дзьмітрыя Бондара трэба апраўдаць.

Дзьмітрыя Бондара вінавацяць у стварэньні небясьпекі заражэньня ВІЧ

«У Дзьмітрыя віны ніякай няма. Ён нікога не заразіў, нікому не прынёс шкоду... Выкарыстоўваў сродкі абароны, нікому не стварыў пагрозу. З боку людзей, зь якімі ён быў у кантакце, няма да яго прэтэнзій, ніхто не патрабуе кампэнсаваць маральную шкоду», — адзначыла Тацяна Жураўская.

Наколькі вядома, па справе Бондара праходзіць пяцёра пацярпелых.

«Сам артыкул трэба мяняць»

Па словах старшыні праўленьня «Люди плюс», у Бондара такі стан, пры якім ён ня можа нікога заразіць нават пры адкрытым полавым кантакце. Пры такім стане назіраюць «нявызначальную вірусную нагрузку», іншымі словамі, мінімальную колькасьць вірусаў у крыві дзякуючы пасьпяховаму лячэньню. У некаторых краінах пры такім стане чалавек зь ВІЧ не павінен папярэджваць аб захворваньні і можа не засьцерагацца.

Арганізацыя «Люди плюс» выступае за адмену першай часткі артыкула, датычнай «стварэньня небясьпекі заражэньня», па якой вінавацяць Бондара. Яны дамагаюцца, каб былі ўнесеныя адпаведныя папраўкі ў закон.

«Гэты артыкул [арт. 157 КК Беларусі] уступіў у сілу каля 30 гадоў таму, калі гэтае захворваньне [СНІД] лічылася сьмяротным. Артыкул адносіцца да разраду цяжкіх. Сёньня, згодна з ВОЗ, СНІД зьяўляецца кантралюемым хранічным захворваньнем, таму сам артыкул трэба мяняць. Мэдыцына і грамадзтва агулам пайшлі наперад», — мяркуе Тацяна Жураўская.

Да таго ж, на думку суразмоўцы, пры стварэньні небясьпекі заражэньня ВІЧ можна прымяняць іншыя артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія кажуць пра «прычыненьне шкоды здароўю», «ненаўмысныя дзеяньні», «дзеяньні па неасьцярожнасьці».

Больш за паўгоду Дзьмітрыя Бондара ўтрымліваюць у СІЗА

У адмене часткі 1 артыкула 157 праваабаронцы спасылаюцца на дадзеныя Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, а таксама нядаўнія міжнародныя дасьледаваньні, датычныя завышэньня рызыкі перадачы ВІЧ.

Спэцыялістка адзначыла, што яны ініцывалі папраўку ў згаданы артыкул, якая датычыць 1 і 2 ягонай частак. Яна ўступіць у сілу сёлета ў ліпені. Паводле яе, ня будзе крымінальнай адказнасьці, калі асоба зь ВІЧ своечасова папярэдзіла пра сваё захворваньне, а другая асоба добраахвотна пагадзілася на дзеяньні, які стварылі небясьпеку ейнага ўласнага заражэньня.

Праваабаронцы дапамаглі ў чвэрці падобных справаў

У Беларусі было заведзена каля 200 крымінальных справаў па 157 артыкуле. Арганізацыя «Люди плюс» дапамагала 56 абвінавачаным, кансультацыямі або ўдзелам у судах.

«Усе суды, у якіх мы прымалі ўдзел асабіста, заканчваліся тэрмінам менш за меншы, то бок, прымяняліся іншыя артыкулы, без пазбаўленьня волі», — расказала Тацяна Жураўская.

Прысуд Дзьмітрыю Бондару могуць вынесьці ўжо на наступным тыдні. Артыкул, па якім яго вінавацяць, прадугледжвае пакараньне штрафам, арыштам або пазбаўленьнем волі да трох год.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG