Сергеенка замест Качанавай — змагар са шпіёнамі замест «добрай цётачкі»

Ігар Сергеенка, архіўная выява

Новы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка — першы намесьнік старшыні КДБ па контравыведнай дзейнасьці. Контравыведка — кажучы даступнай мовай, барацьба з замежным шпіянажам. Таксама на сваёй пасадзе Сергеенка займаўся «абаронай канстытуцыйнага ладу», то бок барацьбой з палітычнымі апанэнтамі. Настолькі актыўна, што ў 2010 годзе трапіў разам зь іншымі беларускімі чыноўнікамі ў сьпіс невыязных.

Контравыведка — гэта яшчэ і барацьба з замежным уплывам, умяшаньнем ва ўнутраныя працэсы ў краіне. З інфармацыйнай вайной, маніпуляцыямі, гібрыднымі мэтадамі. Дарэчы, варта нагадаць, што з вайсковай выведкі выйшаў цяперашні міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.

Хто цяпер прэтэндуе на актыўнае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі? Ну, яўна ня Захад, які даўно адмовіўся ад экспарту дэмакратыі ўвогуле і ад экспарту дэмакратыі канкрэтна ў Беларусь. Захад, які апошнімі гадамі калі і дапамагае, то пераважна культурніцкім і гендэрным праектам, але не апазыцыйнай палітыцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чытаў Севярынца, расьсьледаваў «плюшавы дэсант», вывучаў Курапаты. Што вядома пра новага кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі

Калі хто і спрабуе падарваць унутраную стабільнасьць, выкарыстаць сытуацыю выбараў дзеля сваіх інтарэсаў і павелічэньня ўплыву ў Беларусі, — дык толькі Расея. Арышт Уцюрына, адстаўка Шуневіча (сілавікоў, якіх лічылі «прарасейскімі») прадэманстравалі, што гэта пачаў разумець і сам Лукашэнка. Разумець і рабіць захады.

Былая кіраўніца Адміністрацыі Лукашэнкі Качанава была «добрай цётачкай», якая прымала пакрыўджаных бабулек, магла спакойна і прыязна гаварыць нават з абуранымі «Маці 328». Так бы мовіць, адміністратар для міжсэзоньня, у «міжваенны» пэрыяд.

Але наступае час выбараў — «вайна» і «бакханалія» ў лексыконе беларускай улады — таму не да жартаў і не да мяккасьці. Прызначэньне Сергеенкі — гэта знак усім, што выбары пройдуць па жорсткім сцэнары, што ўлада рыхтуецца да моцнай бітвы з унутраным і зьнешнім ворагам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым запомнілася былая кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі і чым яна будзе займацца цяпер