Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытаў Севярынца, расьсьледаваў «плюшавы дэсант», вывучаў Курапаты. Што вядома пра новага кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі


Новы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, былы генэрал-маёр КДБ Ігар Сергеенка

Ад 5 сьнежня адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі кіруе генэрал-маёр КДБ Ігар Сергеенка. Свабода сабрала цікавыя факты пра новага пэрсанажа беларускай палітыкі.

Нарадзіўся на Віцебшчыне, на павышэньне пайшоў з Горадні

Ігар Сергеенка нарадзіўся 14 студзеня 1963 году ў вёсцы Сталіца Шаркоўшчынскага раёну Віцебскай вобласьці. У 1984 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ, у 2006-м — Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. У КДБ Сергеенка з 1988 году, 23 лютага 2007 году ўказам Лукашэнкі яму было прысвоена званьне генэрал-маёра.

Са студзеня 2010 году ўзначальваў упраўленьне КДБ па Магілёўскай вобласьці, пазьней працаваў у Горадні, адкуль пайшоў на павышэньне. У 2013 годзе прызначаны першым намесьнікам старшыні КДБ па контравыведнай дзейнасьці. Жанаты, мае дваіх дзяцей.

Вёў справы супраць Севярынца, Шарамета і Калінкінай

У КДБ Сергеенка курыраваў справы, зьвязаныя з прызнаньнем экстрэмісцкімі кніг «Лісты зь лесу» Паўла Севярынца, а таксама «Выпадковы прэзыдэнт» аўтарства Сьвятланы Калінкінай і Паўла Шарамета. Акрамя гэтага, зь яго імем зьвязвалі ціск на выданьне польскай меншасьці «Głos znad Niemna».

Фігураваў у «чорным сьпісе» Эўразьвязу

У лютым 2011 году Ігар Сергеенка быў уключаны ў «чорны сьпіс» асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, пад нумарам 190. Быў выключаны адтуль у 2015 годзе.

Удзельнічаў у круглым стале па Курапатах

У лютым 2017 году Ігар Сергеенка — як намесьнік кіраўніка КДБ Вакульчыка — браў удзел у круглым стале «Курапаты — мэмарыял памяці і смутку», які праводзіла газэта «Беларусь сегодня». Там ён выказваўся наконт «адкрытасьці» архіваў КДБ.

«Абапіраючыся на фактычныя лічбы, я магу сказаць: па крымінальных справах — судовымі і несудовымі спосабамі — было рэпрэсавана 235,5 тысячы чалавек. Гэта за ўвесь пэрыяд — з 1920-х па 1950-я гады. Гэта справы, якія знаходзяцца ў Цэнтральным архіве КДБ і архівах абласных упраўленьняў, якія тычацца і пазбаўленых волі, і расстраляных. Зь іх 176 тысяч былі рэабілітаваныя. Што да працы ў нашых архівах — усе звароты гісторыкаў, ВНУ, спэцыялізаваных навуковых інстытутаў мы разглядаем і пытаньне гэтае вырашаем. Іншая справа, што калі разгледзіш тысячы такіх спраў — нічога, акрамя болю і трагедыі, вынесьці зь іх не ўдаецца. Нават удумлівы гісторык нічога, акрамя імя па бацьку, найкарацейшага фармальнага допыту, рашэньня „тройкі“ і факту наступнай рэабілітацыі, — нічога новага з гэтай тонкай тэчачкі (некаторыя я ўзяў сюды і дэманструю) не даведаецца».

Займаўся расьсьледаваньнем справы «плюшавага дэсанту»

Ігар Сергеенка быў чалавекам, які паведаміў краіне пра завяршэньне расьсьледаваньня справы аб так званым «плюшавым дэсанце». У канцы жніўня 2013 году менавіта ён расказаў журналістам пра гэта, аднак адмовіўся раскрываць падрабязнасьці. Пазьней стала вядома, што зь фігурантаў Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава зьнятыя абмежаваньні волі.

Так званы «плюшавы дэсант» адбыўся 4 ліпеня 2012 году. Невялікі самалёт са швэдзкімі актывістамі нелегальна перасек літоўска-беларускую мяжу, даляцеў да Менску і Івянца і выкінуў груз зь некалькіх соцень невялічкіх плюшавых мядзьведзікаў. Такім чынам іншаземцы выказалі пратэст супраць здушэньня свабоды слова ў Беларусі і салідарнасьць з дэмакратыяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG