Зяленскі адмовіўся ад дапамогі Лукашэнкі з аховай украінска-расейскай мяжы

Уладзімір Зяленскі і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Жытоміры, 4 кастрычніка

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас размовы з журналістамі 20 лістапада расказаў пра тое, што думае пра магчымую беларускую дапамогу ў аднаўленьні кантролю мяжы з Расеяй на Данбасе, перадае ўкраінскі «24 канал».

На думку Зяленскага, у гэтым Украіне не спатрэбіцца дапамога «нават такіх дружных краінаў, як Беларусь».

«Лукашэнка, наколькі я ведаю, і ён мне гэта казаў, не ўпершыню агучваў, што калі Ўкраіне патрэбная дапамога адносна колькасьці памежнікаў на мяжы Ўкраіны з Расеяй, калі трэба будзе ўзяць пад кантроль мяжу, тады Беларусь абавязкова дапаможа, — казаў Зяленскі. — Я падзякаваў яму, але думаю, што мы незалежная краіна і нам будзе дастаткова нашых памежнікаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы сувэрэнныя ня менш за Ўкраіну». Лукашэнка пра Зяленскага, Януковіча, Крым і транзыт улады. ЦЫТАТЫ

Таксама Зяленскі згадаў прапанову былога кіраўніка Казахстану Нурсултана Назарбаева адносна арганізацыі сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Паводле Зяленскага, словы Назарбаева гучалі так: «Мне здаецца, каб у вас зьявіліся адносіны з Расеяй, увогуле вам патрэбная сустрэча тэт-а-тэт».

«Я сказаў яму, што дзеля міру на Данбасе і вяртаньня нашых тэрыторыяў я гатовы да любых фарматаў, у тым ліку нашага галоўнага фармату — нармандзкага», — заявіў Зяленскі.

Сустрэча Зяленскага з журналістамі адбылася пасьля таго, як ён агледзеў украінскія караблі, якія нядаўна вярнула Расея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы Ўкраіну падарылі сваім супернікам». Што казаў Лукашэнка на «Менскім дыялёгу»