«Белавія» ў чаканьні. Boeing разьлічвае аднавіць пастаўкі самалётаў 737 MAX да канца году

Boeing 737 MAX

Фэдэральнае ўпраўленьне грамадзянскай авіяцыі (FAA) можа зьняць забарону на палёты 737 MAX у сьнежні, паведамляе The Wall Street Journal.

У зьвязку з гэтым кіраўніцтва Boeing абмяркоўвае з рэгулятарам пытаньне аб тым, ці можна аднавіць адпраўку гэтых самалётаў кліентам да таго, як іх пілёты пройдуць неабходную падрыхтоўку. Пакуль што авіякампаніі ня маюць права эксплюатаваць такія самалёты да завяршэньня працэсу перанавучаньня экіпажаў.

Палёты Boeing-737 MАX прыпынілі ва ўсім сьвеце сёлета ў сакавіку пасьля крушэньня самалёту авіякампаніі Ethiopian Airlines. Тады загінулі 157 чалавек. Трагедыя здарылася праз паўгода пасьля падзеньня аналягічнага Boeing 737 MAX інданэзійскай кампаніі Lion Air, калі ахвярамі сталі 189 пасажыраў і чальцоў экіпажу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вар’яцкі «Макс». Чым небясьпечная новая мадэль «Боінга», — тлумачыць беларускі авіяінструктар

Раней прадстаўнікі FAA і Boeing заяўлялі, што пастаўкі самалётаў 737 MAX адновяцца адначасова з завяршэньнем трэніровак пілётаў. Гэты сцэнар, аднак, ня ўлічваў, што рэгулятарам спатрэбіцца дадатковы час, каб зацьвердзіць патрабаваньні да праграмы падрыхтоўкі, а авіякампаніям, каб іх выканаць.

Ад праблемаў з ануляваньнем паставак Boeing 737 MAX пацярпеў і беларускі перавозчык «Белавія»: два новыя паветраныя судны павінны былі прыбыць у Менск у траўні і чэрвені, а яшчэ два да канца году. Усяго Беларусь плянавала набыць сем такіх самалётаў.

У выніку давялося карэктаваць расклад, што паўплывала на павелічэньне выдаткаў і фінансавае становішча прадпрыемства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» хоча фінансавай кампэнсацыі за зрыў паставак двух Boeing 737 MAX

Паводле ацэнак кіраўніцтва «Белавія» і пілётаў авіякампаніі, якія праходзілі трэнажорную падрыхтоўку за мяжой, Boeing здолее забясьпечыць дапрацоўку праграмнага забесьпячэньня і самалёты стануць абсалютна бясьпечнымі. Ад папярэдніх кантрактаў на набыцьцё самалётаў у Менску не адмаўляліся.