Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік «Белавія» расказаў, як кампанія зарабляе на расейска-ўкраінскім канфлікце


Самалёт «Белавія», ілюстрацыйнае фота

У 2020 годзе чакаецца зьніжэньне авіяпатоку зь Менску ў гарады Расеі і Ўкраіны. Тым часам беларускія авіятары пракладуць новыя маршруты ў Гішпанію, Казахстан і на Кіпр.

Пра гэта 31 кастрычніка паведаміў журналістам генэральны дырэктар кампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў. Ён таксама дадаў, што налета будзе павялічана інтэнсіўнасьць палётаў на ўжо засвоеных маршрутах у Стамбул, Барсэлёну, Мюнхэн, Франкфурт-на-Майне ды некаторых іншых.

Таксама ў актыўнай фазе перамовы пра новыя палёты ў Злучаныя Штаты Амэрыкі, Нямеччыну і Аўстрыю.

На расейска-ўкраінскім кірунку «Белавія» мае трох канкурэнтаў

Адказваючы на пытаньне Свабоды аб актыўнасьці беларускіх авіятараў на рэйсах, якія сталі карыснымі для грамадзянаў Расеі і Ўкраіны, паміж якімі няма авіязносін пасьля анэксіі Крыму, Анатоль Гусараў заявіў, што гэта дае Беларусі дадатковыя прыбыткі:

«Калі б мы на гэтых палётах нічога не зараблялі, то, натуральна, адмовіліся б ад іх».

Ён нагадаў, што зь Менску можна наўпрост паляцець у Кіеў, Адэсу, Харкаў і Львоў. Але ў беларускіх авіятараў тут зьявіліся тры сур’ёзныя канкурэнты. Гэта кампаніі з Турцыі, Польшчы і Латвіі, якія таксама прапаноўваюць транзытныя паслугі паміж Расеяй і Ўкраінай.

«Статыстыка паказвае, што пасажыраў на такіх рэйсах становіцца меней,— заявіў кіраўнік «Белавія». — Як у нас, так і ў нашых канкурэнтаў. Падобна, палітычныя, эканамічныя, культурныя сувязі паміж Расеяй і Ўкраінай слабеюць. Як вынік гэтага — меншае пасажырапаток».

У Беларусі чакаюць 7 новых Boeing 737 MAX

Паводле Гусарава, сёлета ў «Белавія», як і ў многіх авіякампаній, узьніклі праблемы з пастаўкамі Boeing 737 MAX. Два новыя паветраныя судны павінны былі прыбыць у Менск яшчэ ў траўні і чэрвені.

«У выніку мы вымушаныя былі і расклад карэктаваць, і прымаць іншыя арганізацыйныя захады. Натуральна, гэта паўплывала і на павелічэньне выдаткаў, і на фінансавае становішча авіякампаніі. Мы вельмі спадзяёмся, што да наступнага лета ўсе пытаньні будуць урэгуляваныя і мы здолеем паставіць у эксплюатацыю гэтыя новыя сучасныя самалёты», — сказаў кіраўнік кампаніі.

Паводле ацэнак «Белавія» і пілётаў авіякампаніі, якія праходзілі трэнажорную падрыхтоўку і добра знаёмыя з гэтымі самалётамі, Boeing здолее забясьпечыць дапрацоўку праграмнага забесьпячэньня і самалёты будуць бясьпечнымі, дадаў Гусараў.

Пасьля дзьвюх катастроф з самалётамі гэтай мадэлі многія авіякампаніі прыпынілі палёты Boeing 737 сэрыі MAX.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG