«Ён проста ўпаў, і ўсё». У Горадні ад мэнінгіту памёр студэнт

Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, ілюстрацыйнае фота

Студэнту горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы стала блага падчас перапынку ўдзень 24 кастрычніка. Яшчэ трох студэнтак забралі ў шпіталь.

Сьмерць А. ад мэнінгіту Свабодзе пацьвердзілі некалькі студэнтаў.

У Міністэрстве аховы здароўя Свабодзе таксама пацьвердзілі сьмерць студэнта — папярэдне, ад вострай формы мэнінгіту.

«У Горадню тэрмінова выехаў галоўны спэцыяліст ў інфэкцыйных хваробах Мінздароўя прафэсар Ігар Карпаў. Аднак дакладна казаць аб прычыне сьмерці пакуль рана. Што тычыцца шпіталізацыі астатніх, гэта звычайная практыка — абсьледаваць усіх, хто быў у кантакце з памерлым», — патлумачыла прэсавая сакратарка Міністэрства здароўя Юлія Барадун. Летась ад вострай формы мэнінгіту ў Беларусі памерлі 6 чалавек.

А. было 19 гадоў. Ён вучыўся на фізыка-тэхнічным факультэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падставаў для эпідэміі мэнінгіту няма». Галоўны санітарны доктар пра сьмерці дзяцей у Гомлі

Сябры, якія бачылі яго ў апошнія дні, кажуць, што хлопец ня скардзіўся на стан здароўя. Напярэдадні сьмерці, 23 кастрычніка, ён гуляў у баскетбол. Ранкам 24 кастрычніка таксама не выклікаў падазрэньняў, што хварэе.

«У нейкі момант ён проста ўпаў, і ўсё. Ня стала яго... Ён быў таварыскім. І проста ў адзін момант хоп — і яго няма», — кажа сябар А., які просіць не называць ягонага імя.

Усё адбылося падчас перапынку ў адным з карпусоў унівэрсытэту.

Пра тое, што прычынай сьмерці стаў мэнінгіт, студэнтам сказаў дэкан факультэту. Да таго ж блага стала яшчэ тром дзяўчынам, іх забралі ў шпіталь. Ці пацьвердзіўся ў іх такі ж дыягназ, невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я сам выказваў спачуваньні і плакаў», — прафэсар мэдыцыны пра прычыны сьмерці студэнта ў Горадні

Студэнтам 2 і 3 курсаў аб’явілі, што 25 кастрычніка да іх прыедзе мэдыцынская камісія, каб узяць аналізы на наяўнасьць мэнінгакокавай інфэкцыі.

Па словах аднаго са студэнтаў, моладзь напалоханая і плянуе не ісьці ў пятніцу на пары. Але пра карантын ва ўнівэрсытэце пакуль гаворкі не ішло.

Разьвітаньне з памерлым адбудзецца 26 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнік заявіў, што дзецям, якія памерлі ад мэнінгіту, аказалі дапамогу «ў поўным абʼёме». Раней ён казаў іншае