Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я сам выказваў спачуваньні і плакаў», — прафэсар мэдыцыны пра прычыны сьмерці студэнта ў Горадні


24 кастрычніка ў Горадні раптоўна памёр 19-гадовы студэнт унівэрсытэту імя Янкі Купалы. Яму стала дрэнна падчас перапынку, хлопец упаў. Яго даставілі ў рэанімацыю, але выратаваць не ўдалося. Меркаваная прычына сьмерці — надзвычай востры мэнінгакокавы сэпсіс.

Прафэсар катэдры інфэкцыйных хваробаў Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Цыркуноў сказаў Свабодзе, што наагул мэнінгакокавая інфэкцыя можа працякаць у выглядзе прастуды, назафарынгіту, у некаторых — у выглядзе мэнінгіту, энцэфаліту, у іншых — у выглядзе сэпсісу з праявамі гемарагічнага сыпу на целе.

«Але ёсьць людзі, арганізм, імунная сыстэма якіх рэагуюць на гэты мэнінгакок вельмі хутка, і разьвіваюцца поліорганныя праявы. На жаль, такія выпадкі здараюцца штогод. Іх няшмат, але яны ёсьць.

Учора мы страцілі пацыента, які загінуў, меркавана, ад надзвычай вострага, маланкавага мэнінгакокавага сэпсісу з разьвіцьцём сэптычнага шоку, кровазьліцьцём, і ўрэшце — летальны вынік. Хвароба разьвівалася настолькі імкліва, што ў стацыянары хлопец правёў каля адной гадзіны. Машына хуткай дапамогі, мінаючы прыёмны пакой, даставіла яго адразу ж у рэанімацыйнае аддзяленьне, і ў стацыянары мы займаліся выключна рэанімацыйнымі мерапрыемствамі.

Гэта бяда, малады хлопец памёр, я сам выказваў спачуваньні і плакаў», — кажа прафэсар-інфэкцыяніст Уладзімер Цыркуноў.

Прафэсар абверг ранейшую інфармацыю пра шпіталізацыю трох студэнтак, якія былі ў кантакце з памерлым.

«Гэта глупства, няма ніводнага чалавека ў нас з падазрэньнямі на мэнінгакокавую інфэкцыю ўжо шмат месяцаў», — заявіў спадар Цыркуноў.

На пытаньне, ці варта прышчапляцца ад мэнінгакокавай інфэкцыі, прафэсар адказаў так:

«Вакцыны ў Беларусі не закупляюцца, таму што захворвальнасьці няма. Па-другое, вакцыны, якія ёсьць у сьвеце, не падыходзяць пад нашы мэнінгакокі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG