Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік заявіў, што дзецям, якія памерлі ад мэнінгіту, аказалі дапамогу «ў поўным абʼёме». Раней ён казаў іншае


Ілюстрацыйнае фота

Двухгадоваму хлопчыку, які памёр ад мэнінгіту ў Гомельскай абласной дзіцячай больніцы, «мэдычная дапамога аказвалася ў поўным абʼёме», сказаў у інтэрвію газэце «Гомельская праўда» начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя аблвыканкаму Ігар Баранаў. Раней у лісьце бацькам памерлага дзіцяці чыноўнік прызнаваў, што адмыслова ўтвораная камісія выявіла недахопы ў працы мэдыкаў.

Што адбылося?

У лютым у Гомельскім абласным шпіталі памер двухгадовы Глеб. Бацькі прывезьлі дзіця ў прыёмны пакой. Дзяжурнаму пэдыятру стан хлопчыка не спадабаўся. Але рэаніматоляг сказала, што забіраць дзіця ў рэанімацыю няма падставаў. Дзіця разам з маці адправілі ў палату інфэкцыйнага аддзяленьня, дзе хлопчыку станавілася горш. Паводле маці, мэдыкі доўгі час не прыходзілі па хлопчыка, нягледзячы на яе звароты. Хлопчык памёр праз 4 гадзіны пасьля таго, як трапіў у рэанімацыю.

У сакавіку ў тым жа шпіталі ад мэнінгіту памерла 16-гадовая дзяўчынка. Нягледзячы на інтэнсіўную тэрапію, выратаваць яе не ўдалося, заяўляла галоўны пэдыятар Гомельскай вобласьці Тацяна Веліканава.

Што сказаў чыноўнік?

  • Па фактах сьмерці ўжо правялі праверкі
  • Па пацьверджанай інфармацыі, у абодвух дзяцей «разьвіліся станы, несумяшчальныя з жыцьцём».
  • Мэдычная дапамога аказвалася «своечасова і ў поўным абʼёме» — іх аглядалі лекары, у тым ліку кансыліюмна.

Раней чыноўнік пісаў іншае, праверка яшчэ ідзе

Як піша Tut.by, у красавіку бацькі памерлага Глеба атрымалі ліст, падпісаны Баранавым, дзе сьцьвярджалася, што адмыслова створаная камісія выявіла недахопы ў працы лекараў:

  • у прыёмным аддзяленьні не ацанілі цяжкасьць стану;
  • неналежны нагляд у інфэкцыйным аддзяленьні;
  • парушэньне этыкі мэдычным пэрсаналам.

Таксама ў лісьце напісана, што мэдыкаў прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці.

Сьледчы камітэт яшчэ не завяршыў праверкі па фактах сьмерці дзяцей ад мэнінгіту, паведамілі Свабодзе ў ведамстве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG