Траціна беларускіх мужчын выпівае зашмат алькаголю

Калі вымяраеце літрамі, то мужчыну больш за 2 літры піва ня варта піць. Калі пінтамі — чацьвёртую пінту ня варта дапіваць. © Shutterstock

Кожны трэці беларускі мужчына спажывае алькаголю больш за небясьпечны ўзровень, перадае Reform.by заяву каардынатара праграмаў грамадзкага здароўя беларускага офісу Сусьветнай арганізацыі здароўя. (WHO) Валянціна Русіновіча.

Паводле яго, траціна мужчын у Беларусі выпівае больш як 6 стандартных адзінак (эквівалент 60 грамаў чыстага сьпірту) за раз. Гэта можа быць 6 келіхаў віна або 210 грамаў моцнага алькаголю, два літры (тры з паловай пінты) піва.

Перавышэньне такой дозы можа прывесьці да атручваньня.

Але WHO адзначае, што і цалкам бясьпечных аб’ёмаў ужываньня алькаголю не існуе. Мінімальна рызыкоўным лічыцца ўжываньне ня больш як 2 стандартных адзінак для мужчын і 1 стандартнай адзінкі для жанчын на дзень (і пры тым ня больш за 5 такіх дзён на тыдзень).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларусы п’юць і паміраюць ад алькаголю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зрабіць, каб беларусы менш пілі алькаголю. Шэсьць канкрэтных прапановаў

Беларусь знаходзіцца на 27-м месцы сярод найбольш пітушчых краінаў сьвету ў рэйтынгу WHO. У першым паўгодзьдзі 2019 году рэалізацыя алькаголю вырасла больш чым на 3%.

На аднаго беларускага мужчыну ў сярэднім прыпадае 18 літраў чыстага сьпірту — гэта 90 паўлітровых пляшак гарэлкі на год. Жанчыны ў Беларусі спажываюць 5,5 літра сьпірту — гэта 27,5 бутэлькі гарэлкі на год.