Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піўная мапа Беларусі: Ад заводаў да крафту


У Беларусь вось ужо некалькі год як прыйшла культура крафтавага піва, адна за адной адчыняюцца дробныя піваварні і спэцыялізаваныя крамы. Ад іх не адстаюць і буйныя заводы, якія выпускаюць усё новыя гатункі. Да міжнароднага дня піва Свабода сабрала ўсе заводы і некаторыя піваварні на адной мапе.

Піва на беларускіх землях пілі з часоў паганства. Як і мёд, яно выкарыстоўвалася ў якасьці рытуальнага напою.

Рэцэптуру завезьлі да нас, хутчэй за ўсё, германскія плямёны і прусы. Выкарыстоўваць закваску і хмель у Беларусі пачынаюць з Х стагодзьдзя. Тады варылі нефільтраванае, мутнае піва, якое хутка псавалася. Яно выраблялася пры корчмах. Тагачаснае піва, як і цяпер, было па 3–5 градусаў.

Буйныя заводы

«Аліварыя». Менск

Адзін з найстарэйшых беларускіх піўных заводаў, заснаваны ў 1864 годзе. Цяпер выпускае каля двух дзясяткаў гатункаў піва. Прадукцыю «Аліварыі» можна набыць па ўсёй Беларусі.

Кантрольны пакет акцый «Аліварыі» належыць міжнароднай кампаніі Carlsberg Group.

«Крыніца». Менск

Сваё першае піва «Крыніца» зварыла ў 1975 годзе, тады яна называлася Менскі піўны завод № 2. Цяпер на «Крыніцы» вараць больш за 10 гатункаў піва, большасьць акцый прадпрыемства належыць дзяржаве. Піва можна набыць па ўсёй Беларусі.

«Лідзкае піва». Ліда

Таксама адзін з найстарэйшых бровараў Беларусі, першае піва тут зварылі ў 1876 годзе. Завод адкрыў мясцовы жыхар Носель Пупко. Першапачаткова завод разьлічваў пастаўляць сваю прадукцыю ў краіны Эўропы.

На сёньня «Лідзкае піва» выпускае паўтара дзясятка гатункаў. Кантрольны пакет акцый належыць фінскаму канцэрну Olvi.

«Брэсцкае піва». Берасьце

Бровар заснаваны ў 1970-х гадах у межах савецкай праграмы па барацьбе з п’янствам. Першапачаткова тут рабілі партвэйн і піва. Цяпер на бровары выпускаюць да 10 гатункаў піва, кантрольны пакет акцый належыць уладам Берасьцейскай вобласьці.

Піва можна набыць хіба толькі ў Берасьці і ваколіцах.

«Бабруйскі бровар». Бабруйск

Гэты піўзавод заснавалі ў 1970-х. У 2001 годзе пад завод шукалі і знайшлі замежнага інвэстара, якім стала амэрыканская кампанія «Detroit Investments Group». Яна зрабіла рэканструкцыю заводу, а бровар зьмяніў назву на «Сябар».

З 2018 году кампанія называецца «Бабруйскі бровар» і вырабляе больш за паўтара дзясятка гатункаў піва. Актывы бровара належаць кампаніі «Oasis Group» — гэта міжнародны гулец на рынку піва, які працуе ў ЗША, Нямеччыне, Украіне, Казахстане.

«Дзьвінскі бровар». Віцебск

Адзін з найстарэйшых рэгіянальных бровараў, заснаваны ў 1875 годзе, першапачаткова меў назву «Баварыя». У савецкі час на заводзе выпускалі хлеб, цукар. Пазьней зноў пачалі варыць піва. У 2004 годзе бровар пабудавалі нанова. Тады ўсё абсталяваньне на завод прывезьлі зь нямецкага гораду Монхайм.

Гэты бровар — сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства. Зь беларускага боку акцыі належаць уладам Віцебскай вобласьці, зь нямецкага — кампаніі «Ewimex». На заводзе вырабляюць да 10 гатункаў піва, у тым ліку крафтавае, а таксама медавуху і зьбіцень. Набыць іх можна ў Віцебску і ў крамах разьліўнога піва ў Менску.

«Полацкае піва». Полацак

Полацкі бровар адкрыўся ў 1968 годзе, але піва пачаў выпускаць толькі ў 1972-м. Цяпер завод называецца «Полацкія напоі і канцэнтраты», выпускае да 10 гатункаў піва, галоўны заснавальнік — «Белсолад». Завод уваходзіць у канцэрн «Белхарчпрам». Нейкі час «Полацкае піва» было філіялам «Крыніцы», але цяпер працуе асобна.

Дробныя піваварні

Дробных піваварняў у Беларусі цяпер некалькі дзясяткаў. Мы адабралі самыя вядомыя зь іх.

«13 Litar». Берасьцейская вобласьць, вёска Церабунь

Піваварня была заснаваная ў 2012 годзе, робіць некалькі гатункаў крафтавага піва, якое можна паспытаць у пабах Менску ды іншых гарадоў. Піваварня прыватная.

Bierbank. Менск

Невялікая піваварня, якая з 2007 году пачала заваёўваць менскі піўны рынак і актыўна экспэрымэнтаваць з гатункамі. Цяпер мае два дзясяткі гатункаў піва, якое прадаецца ў пабах і некаторых сталічных крамах. Піваварня прыватная.

Taler. Менск

Першапачаткова піваварня адкрылася ў 2006 годзе на базе рэстарану «Піплс». Пазьней піва пад гэтай маркай зьявілася ў разьліўных крамах і кавярнях, а вытворцы пачалі экспэрымэнтаваць з гатункамі, якіх цяпер каля двух дзясяткаў.

Beaver. Менскі раён, вёска Вялікае Сьціклева

Адна з самых старых дробных піваварняў Менску, адкрылася ў 1993 годзе. Сьпярша піва ад Beaver прадавалася толькі ў некалькіх менскіх кавярнях, цяпер такіх кавярняў значна больш. Можна яго паспытаць і ў пунктах разьліўнога піва.

Дробных піваварняў у Беларусі цяпер вельмі шмат, таму мы назвалі толькі некалькі зь іх. Але крафтавага піва з кожным годам становіцца ўсё больш. Некаторыя півавары робяць сваё піва толькі пад фэстывалі і наогул не прадаюць сваю прадукцыю ў кавярнях ці ў пунктах з разьліўным півам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG