У Расеі прызначылі першы штраф за «фэйкавыя навіны»

Ілюстрацыйнае фота на тэму «фэйкавых навін»

Онлайн-выданьне «Момент истины» атрымала штраф на 200 тысяч рублёў, а яго галоўны рэдактар — на 60 тысяч рублёў. Такі штраф выданьню прызначыў суд Харашоўскага раёна Масквы.

Паводле высноў, зробленых у судзе, выданьне парушыла артыкул аб «злоўжываньні свабодай масавай інфармацыі».

У Харашоўскім судзе таксама адзначылі, што відэаматэрыялы, якія сталі прычынай для штрафу, яны атрымалі ад Раскамнагляду. Суд таксама заявіў, што абвінавачаныя на паседжаньне не прыйшлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радыкальная нацыяналістка з «фабрыкі троляў». Што вядома пра расейку, якую затрымлівалі ў Менску на запыт ЗША

Падставай для судовых працэсаў сталі некалькі відэаролікаў выданьня на YouTube — імі ў жніўні зацікавіўся Раскамнагляд. Адзін з ролікаў меў назву «Срочно! В России готовит революцию Майдан».

Уладзімір Пуцін у сакавіку 2019 году падпісаў закон аб пакараньні за распаўсюд «фэйкавых навін». За першае распаўсюджваньне «фэйкавай» інфармацыі грамадзянам пагражае штраф да 100 тысяч рублёў, а юрыдычным асобам — да 500 тысяч рублёў. За паўторнае парушэньне — да 300 тысяч для грамадзян ці да 1 мільёна для юрыдычнай асобы. Калі «фэйкавая навіна» прывяла да сьмерці чалавека, да шкоды здароўя ці да парушэньняў грамадзкага парадку — штраф да 400 тысяч і 1,5 мільёна рублёў адпаведна.

Адначасова з гэтым быў прыняты закон аб пакараньні за абразу органаў улады ў інтэрнэце. Абедзьве ініцыятывы выклікалі крытыку з прычыны магчымых парушэньняў свабоды слова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новае пра атрутніка «Навічком» і генэрала ГРУ за ягонай сьпінай