Калі на месцы дэпо ля плошчы Перамогі ў Менску мае зьявіцца жылы квартал?

Жоўтым пазначана мяжа праектаваньня

Улады зацьвердзілі горадабудаўнічы праект дэталёвага плянаваньня тэрыторыі на месцы тралейбуснага дэпо і заводу «Гарызонт» у Менску. Паводле яго, да 2025 году на месцы тралейбуснага дэпо павінен зьявіцца жылы квартал. Адпаведны дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Тэрыторыю пад забудову прадалі «А100» яшчэ ў 2017 годзе. А пляны на забудову ўчастка агучваліся яшчэ з 2003 году, калі тэндэр выйграла маскоўская кампанія: абяцалі элітнае жытло, 5-зоркавы гатэль і бізнэс-цэнтар на паўмільярда даляраў, але не пачалі нават расчышчаць тэрыторыю пад забудову.

Новы праект у межах вуліц Кісялёва — Куйбышава — праспэкт Машэрава — праспэкт Незалежнасьці прэзэнтавалі ўвесну, цяпер яго зацьвердзілі менскія ўлады.

Паводле цяперашняга праекту, рэканструяваць тэрыторыю будуць у два этапы:

1 этап (да 2025 году):

  • знос будынкаў і збудаваньняў тралейбуснага дэпо;
  • распрацоўка захадаў для абароны ад транспартнага шуму жылой забудовы, якая разьмесьціцца на тэрыторыі;
  • праектаваньне і будаўніцтва жылога комплексу з убудаванымі\прыбудаванымі аб’ектамі грамадзкага прызначэньня і аўтастаянкамі (пераважна падземнымі) і дзіцячага садка;
  • праектаваньне і рэканструкцыя сярэдняй школы № 21 па вуліцы Куйбышава, 19 з давядзеньнем парамэтраў па ўмяшчальнасьці да праектных (будаўнічых).

2 этап (да 2030 году):

  • знос будынкаў і збудаваньняў былога заводу «Гарызонт» усярэдзіне кварталу Машэрава — Чырвоная — Куйбышава — Кісялёва;
  • рэканструкцыя карпусоў былога заводу «Гарызонт» на вуліцы Куйбышава і на праспэкце Машэрава;
  • будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтру з падземным паркінгам;
  • рэканструкцыя адміністрацыйных будынкаў (банкаў).

Участак набыла з аўкцыёну ў 2017 годзе за 8,8 млн даляраў кампанія «А-100 Дэвэлапмэнт», якая таксама ўзводзіла жылыя кварталы «Зялёны Бор» і «Новая Баравая», сетку АЗС «А100», аўтасалёны і іншае. Зносіць усе будынкі дэпо і дэмантаваць інжынэрныя сеткі кампанія-забудоўнік будзе за свой кошт.

Праект кварталу ля плошчы Перамогі кампаніі А100 ва ўяўленьні мастака