Фармаваньнем ураду Ізраіля зоймецца Біньямін Нэтаньягу

Біньямін Нетаньяху

Фармаваньнем новага ўраду пасьля выбараў у парлямэнт Ізраілю зоймецца дзейны прэм’ер-міністар і лідэр партыі «Лікуд» Біньямін Нэтаньягу. Адпаведнае рашэньне прыняў прэзыдэнт Рэўвэн Рыўлін пасьля кансультацыяў з парлямэнцкімі фракцыямі.​

Падчас свайго выступу перад прэсай Рыўлін заявіў, што ў Нэтаньягу больш шанцаў на фармаваньне кабінэту міністраў, чым у другога прэтэндэнта — лідэра блёка «Кахоль-Лаван» Бэні Ганц. Прэзыдэнт адзначыў, што партыі павінны ісьці на кампраміс.

У Нэтаньягу ёсьць 28 дзён на фармаваньне ўраду. У выпадку недахопу часу ён можа прасіць аб прадаўжэньні тэрміну на два тыдні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Ізраіля паабяцаў анэксаваць даліну Ярдану

Выбары ў ізраільскі парлямэнт (Кнэсэт) адбыліся 17 верасьня. Партыя «Лікуд» атрымала 31 месца ў парлямэнце, «Кахоль-Лаван» — 33. Усяго ў Кнэсеце 120 месцаў.