Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусам усё часьцей забараняюць уезд у Ізраіль


Ілюстрацыйнае фота

Амаль 550 беларусаў у 2018 годзе ў аэрапорце Бэн-Гурыён не атрымалі згоды на ўезд у Ізраіль. Гэта ў паўтара раза болей, чым было ў 2017 годзе. А за першую палову 2019 году ізраільскія службы завярнулі назад ужо 390 беларусаў.

Гэтыя лічбы назваў амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ўладзімер Скварцоў, піша прэсавая служба Міністэрства замежных спраў.

З 2015 году паміж абедзьвюма краінамі дзейнічае пагадненьне аб «бязьвізе».

Беларускі дыплямат кажа:

«Адзін з найбольш распаўсюджаных довадаў для такіх адмоваў, якія прыводзяць супрацоўнікі ізраільскіх міграцыйных службаў, — падазрэньне ў тым, што многія іншаземцы, уключаючы і некаторых беларусаў, уводзяць іх у зман у дачыненьні да сапраўдных намераў свайго знаходжаньня ў Ізраілі. Паказваючы ў якасьці мэты наведваньня турызм, яны насамрэч, паводле ацэнак чыноўнікаў, едуць у краіну ў пошуках працы».

Паводле Скварцова, часам бываюць абсурдныя выпадкі. Аднаму беларусу на ўезьдзе ў Ізраіль кажуць, што сума ў 1000 даляраў, якую ён мае пры сабе, занадта малая для знаходжаньня ў краіне. А літаральна празь дзень іншаму турысту з той жа 1000 даляраў сказалі, што гэта зашмат і гэта сьведчыць пра намер застацца ў Ізраілі.

Яшчэ адной прычынай дэпартацыі ізраільскі бок часта называе рэзкі рост колькасьці прашэньняў аб атрыманьні статусу бежанца, якія падаюць іншаземцы. Гэта вядзе да агульнага ўзмацненьня жорсткасьці падыходаў уладаў пры памежным кантролі.

Амбасадар Скварцоў кажа, што беларускія дыпляматы падымаюць гэтую тэму перад прадстаўнікамі ізраільскіх кампэтэнтных органаў:

«Цяжкасьці зь перасячэньнем мяжы не аднойчы былі прадметам абмеркаваньня як у рамках сумеснай міжурадавай камісіі, на сустрэчы на ўзроўні намесьніка прэм’ер-міністра з шэрагам ізраільскіх міністраў, так і на палітычных і консульскіх кансультацыях МЗС дзьвюх краін. Мы падкрэсьліваем, што абмежавальная практыка ўсё больш выпустошвае сутнасьць дзейнага пагадненьня аб „бязьвізе“».

Падрабязна пазнаёміцца з рэкамэндацыямі амбасады Беларусі тым, хто зьбіраецца наведаць Ізраіль, можна на сайце амбасады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG