Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь чакае «шэнгену» за 35 эўра ад Эўразьвязу ўжо ўвосень


Ілюстрацыйнае фота. Шэнгенская віза ў пашпарце
Ілюстрацыйнае фота. Шэнгенская віза ў пашпарце

Пра гэта заявіў 7 жніўня старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка на сустрэчы з кіраўніцай прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын.

Зьвяртаючыся да яе, Уладзімер Андрэйчанка сказаў, што спадарыня Віктарын мусіць выканаць дзьве рэчы, заплянаваныя на сёлетнюю восень:

Уладзімер Андрэйчанка
Уладзімер Андрэйчанка

«Па-першае, вы абяцалі падпісаньне дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму (адзін з параграфаў дамовы прадугледжвае зьмяншэньне кошту шэнгенскай візы для беларусаў зь цяперашніх 60 эўра да 35). Па-другое, мы чакаем візыту ў Менск „міністра замежных спраў Эўразьвязу“ Фэдэрыкі Магэрыні».

«Зараз вы заканчваеце сваю працу ў Беларусі, пасьля чаго пераедзеце на гэткую ж самую пасаду ў Армэніі. У кастрычніку я буду ў Ерэване на мерапрыемствах АДКБ. Так што вы ад мяне там не схаваецеся» — пажартаваў Андрэйчанка.

На гэта дыпляматка адказала, што Эўразьвяз заўжды трымае сваё слова.

«Я расчышчала свой працоўны стол і зьвярнула ўвагу на дакумэнты аб супрацы Эўразьвязу і Беларусі, падпісаныя ў 2014 і 2015 гадах. Дык вось, абсалютна ўсе свае абавязаньні Брусэль выканаў», — падкрэсьліла Андрэа Віктарын.

Брусэль чакае ад Беларусі адмены сьмяротнага пакараньня

Кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі ў сваю чаргу агучыла і пажаданьні Брусэля.

Андрэа Віктарын
Андрэа Віктарын

«Эўрапейцаў хвалююць такія праблемы ў Беларусі, як правы чалавека, дэмакратычныя свабоды, сьмяротнае пакараньне. Мы зацікаўленыя, каб Беларусь стала свабоднай, пасьпяховай, дэмакратычнай краінай. Мы з задавальненьнем бачым, што ў Менску расьце зацікаўленасьць праграмай „Усходняе партнэрства“. Асабліва чакаем зрухаў у працэсе адмены сьмяротнага пакараньня», — заявіла Андрэа Віктарын.

На гэта Ўладзімер Андрэйчанка адрэагаваў так:

«Мы адкрытыя да размовы аб адмене сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Мы над гэтым працуем. Эўрапарлямэнтары павінны разумець, што мы адкрытыя да разьвіцьця стасункаў, абмеркаваньня розных тэмаў, у тым ліку адмены сьмяротнага пакараньня. Цяпер рыхтуем супольна з сакратарыятам Рады Эўропы вялікі сэмінар, які пройдзе ў Менску 27 жніўня. Але нас ня трэба падціскаць, прысьпешваць. Патрэбен час, і мы выйдзем на пэўныя рашэньні ў гэтай праблеме».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG