Канапацкая сьцьвярджае, што сабрала ўсе подпісы для вылучэньня кандыдатам у дэпутаты

Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Апазыцыйная дэпутатка дзейнай Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая зьбіраецца балятавацца і ў наступны склад парлямэнту, 25 верасьня сказала Свабодзе, што яе ініцыятыўная група сабрала тысячу подпісаў выбарнікаў.

«Гэта ня стала вялікай праблемай. Я зьбіраюся ісьці па той жа акрузе, якую прадстаўляю і цяпер. Людзі да мяне добра ставяцца, яны чулі пра мае ініцыятывы (артыкул 328, Зямельны кодэкс ды іншае), ведаюць, што кожны чацьвер могуць трапіць на дэпутацкі прыём непасрэдна ў акрузе. А для мяне гэта вельмі важна як сродак зносінаў зь людзьмі».

Бальшыню подпісаў сабралі на пікетах. А вось абход кватэр ня даў вялікага плёну. Чамусьці шмат якія дзьверы не адчыняліся, кажа Канапацкая.

Яна дадала, што ў бліжэйшую нядзелю адбудзецца зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі, на якім будуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Канапацкая, у якой даволі складаныя адносіны зь некаторымі кіраўнікамі АГП, кажа, што хоча, каб аднапартыйцы вылучылі і яе.

Беларускае заканадаўства дазваляе вылучацца кандыдатамі ў Палату прадстаўнікоў трыма спосабамі: праз збор подпісаў выбарнікаў (ня менш за адну тысячу), ад працоўных калектываў (ня менш за 300 чалавек) і ад палітычных партый (афіцыйна зарэгістраваных Міністэрствам юстыцыі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правацэнтрысцкая кааліцыя патлумачыла, навошта ідзе на выбары ў Палату прадстаўнікоў